Уласны інтарэс. У 2012 годзе Маладзечна таксама прымала такі форум. На памяць пра яго засталіся помнік ля Палаца культуры, алея ў цэнтры горада, кнігі на экалагічную тэматыку ў раённай бібліятэцы. Шэраг ідэй па ахове прыроды, што былі агучаны ў час сустрэч спецыялістаў, былі рэалізаваныя на практыцы.
У Навагрудку Маладзечанскі раён прадстаўлялі начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Уладзіслаў Чарноў, намеснік дырэктара УП «Камунальнік» па камунальных пытаннях Раман Гаварко і аўтар гэтых радкоў.
Такі склад дэлегацыі невыпадковы. Кантроль за станам навакольнага асяроддзя дапамагае вырашаць задачы эканамічнага развіцця раёна. Ад камунальнікаў у многім залежыць эфектыўнасць абыходжання з другаснымі матэрыяльнымі рэсурсамі. А асвятленне экалагічных тэм у прэсе садзейнічае «зялёнай» адукацыі жыхароў горада і раёна. Такім чынам, у звязцы вырашаецца некалькі пытанняў у сферы захавання прыроднай спадчыны.
Чаму Навагрудак? Першая сталіца Вялікага Княства Літоўскага была выбрана месцам правядзення форуму невыпадкова. Навагрудак з’яўляецца адным з флагманаў у сферы ўстойлівага развіцця малых гарадоў. У 2017 годзе ён стаў пілотным населеным пунктам праекта «Зялёныя гарады». Сёння горад з’яўляецца добрай базай для дэманстрацыі вопыту. Тут размешчаны самы вялікі ветрапарк у Беларусі, які налічвае 20 ветракоў. У аграрным каледжы з’явілася новая спецыяльнасць па ахове навакольнага асяроддзя, а ў бальніцы – новая сістэма гарачага водазабеспячэння, якая выкарыстоўвае энергію сонца.
Цікавы гэты райцэнтр Гродзенскай вобласці і для турыстаў. Заснаваў Навагрудак Яраслаў Мудры. З горадам звязана жыццё і дзейнасць такіх вядомых асоб як вялікі князь Вітаўт, Адам Міцкевіч, Янка Купала, Якуб Колас, Уладзімір Высоцкі.
Навагрудак можа пахваліцца і геаграфічнымі асаблівасцямі. Размешчаны ён на вышыні больш за 300 метраў над узроўнем мора і з’яўляецца самым «высакагорным» горадам Беларусі. Таму ў час форуму за гарадскія дахі не раз «чапляліся» дажджавыя хмары. У выніку праграма мерапрыемства карэкціравалася.
Гімн авосьцы. У праграме форуму былі адкрыццё дубова-ліпавай алеі, закладка алеі сямейных дрэў, зарыбленне аднаго з вадаёмаў на тэрыторыі горада, экскурсія па экалагічнай сцежцы на тэрыторыі ландшафтнага прыродаахоўнага заказніка «Свіцязянскі», запуск у строй сістэмы «разумнага» святлодыёднага асвятлення на галоўнай вуліцы.
Адчувалася: для жыхароў Навагрудка захаванне прыроды не пусты гук, а стыль жыцця. У жылых кварталах тут устаноўлены прыгожыя кантэйнеры для раздзельнага збору смецця, усе вуліцы чыстыя і добраўпарадкаваныя. Да экалагічных ініцыятыў далучыліся і царкоўныя ўстановы. У цэрквах і касцёлах устаноўлены скрыні для збору пластыкавых накрывак.
Экалагічнай тэмай быў прасякнуты і святочны гала-канцэрт, адным з нумароў якога было дэфіле з авоськамі. Аказваецца, гэта плеценая сумка можа замяніць больш за 200 пластыкавых пакетаў. А глядзіцца яна модна і па-сучаснаму.
Фота: Алег БЯГАНСКІ.