У ліку яго актывістаў кіраўнікі і спецыялісты розных падраздзяленняў раённага выканаўчага камітэта, устаноў адукацыі, райаддзела ўнутраных спраў, гаррайаддзела па надзвычайных сітуацыях, УП «Камунальнік», занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. Старшынёй пункта аховы парадку з’яўляецца педагог-арганізатар СШ №8 Алена Губіч. Цэнтральны раён адзін з самых вялікіх на Маладзечаншчыне. Менавіта на яго тэрыторыі размешчана большасць школ, гімназій і каледжаў. Маштабны і жылы сектар: вуліцы Бухаўшчына, Віленская, Валынца, Буйніцкага, Грамадоўская, Касманаўтаў, Лібава-Роменская, Вялікі Гасцінец і многія іншыя.
На «бацькоўскі ўніверсітэт» актывісты пункта аховы парадку запрасілі мам і татаў старшакласнікаў, каб пагаварыць з імі на актуальныя пытанні выхавання падлеткаў. У адкрыты дыялог уключылася псіхолаг радзільнага дома УАЗ «Маладзечанская цэнтральная раённая бальніца» Вольга Малашка. Яна гаварыла на тэмы, на якія бацькам складана гаварыць з дзецьмі, але неабходна для захавання здароўя. Гэта тычыцца ранніх палавых сувязей. Псіхолаг падказала, як стварыць камфортны клімат у сям’і, што спрыяе даверным адносінам паміж бацькамі і дзецьмі.
Начальнік штаба аддзела ўнутраных спраў, намеснік старшыні пункта аховы парадку Вольга Рабкова ўзняла не менш актуальную тэму наркаманіі сярод падлеткаў. На жаль, сучасныя хлопчыкі і дзяўчынкі нярэдка трапляюць у палон шкодных звычак. Бацькі нават не заўсёды гэта ўсведамляюць адразу і губляюць каштоўны час, каб дапамагчы сваім сынам і дочкам. Мамам і татам таксама трэба вельмі ўважліва ставіцца да таго, як іх дзеці бавяць вольны час, самім прапаноўваць альтэрнатыву шкодным звычкам і, безумоўна, быць прыкладам у здаровым ладзе жыцця.
А нядбаласць і свавольства непаўналетніх могуць прывесці да надзвычайных здарэнняў. Аб гэтым і ўвогуле аб пажарнай бяспецы гаварыў з бацькамі старшы інжынер аддзела прафілактыкі ГРАНС Павел Сянько.
— Выязныя пасяджэнні актыў нашага пункта аховы парадку праводзіць штоквартальна. Такія сустрэчы маюць добры эфект і даюць магчымасць узнімаць актуальныя тэмы перад вялікай аўдыторыяй. Таксама мы бяром на заметку іншыя вострыя пытанні для наступных пасяджэнняў, — зазначыла Алена Губіч.