Апошнім часам з прыўзнятым настроем пераступаюць парог свайго пад’езда жыхары дома №4а па вуліцы імя Францішка Скарыны. Перад самым Новым годам тут на першым паверсе завершаны рамонт, поўнасцю зроблены за ўласныя сродкі Уладзіміра Катляра, які шмат гадоў пражыў у кватэры №75. «Гэта мой навагодні падарунак землякам», -- гаворыць Уладзімір Іванавіч. Пра гэтага цікавага чалавека, які ў ліпені 2017-га адзначыў сваё 80-годдзе, мы расказвалі на старонках нашай газеты. Ён адзін з першых энергетыкаў у нашым горадзе, былы выкладчык палітэхнікума. Больш за 30 гадоў працаваў у сферы энергетыкі на Крайняй Поўначы. Цяпер жыве ў Мінску, у Маладзечна прыязджае да дачкі Жанны. Жыццёвае крэда Уладзіміра Іванавіча: «Хочаш зрабіць жыццё лепшым – пачні з сябе!». І гэта не проста словы. У сваім сталічным пад’ездзе ён за ўласныя сродкі даўно зрабіў цудоўны рамонт. Акрамя таго, адрамантаваў і з дапамогай мастакоў размаляваў трансфарматарныя будкі ля свайго дома і ля дома ўнучкі. Яшчэ летам запланаваў добраўпарадкаваць пад’езд дачкі ў Маладзечне і паступова, крок за крокам, ішоў да пастаўленай мэты. Найперш звярнуўся да начальніка ЖРЭУ №3 Сяргея Анопа, які падтрымаў добрую ініцыятыву.
Па правілах для таго каб правесці рамонт, трэба было сабраць подпісы жыхароў усіх 15 кватэр, якія гэтым пацвердзяць сваю згоду. Уладзімір Іванавіч прызнаецца, што гэта было самым цяжкім пунктам у яго плане, бо некаторыя не маглі паверыць, што з іх не вылічаць грошы за рамонт. Спатрэбілася нямала часу, каб людзі пераканаліся, што ім плаціць не давядзецца. Але Уладзімір Іванавіч быў настойлівым і ўрэшце атрымаў згоду ўсіх суседзяў. Домакіраўніцтва выдзеліла тынкоўшчыкаў, плітачніка, электрыка. У пад’ездзе пабялілі столь, пафарбавалі сцены і ўваходныя дзверы, на пляцоўцы першага паверха і пралёце лесвіцы паклалі прыгожую плітку з няслізкім пакрыццём. Акрамя таго, былі ўстаноўлены дзве свяцільні, якія працуюць на фотаэлементах.
Паклапаціўся Уладзімір Іванавіч і аб парэнчах, якія прыкручаны да сцяны па ўсёй яе даўжыні, што вельмі зручна для пажылых людзей. Радуюць вока і новыя сучасныя паштовыя скрынкі для ўсіх жыхароў пад’езда, якія наш субяседнік закупіў на раённым вузле паштовай сувязі. Трэба заўважыць, што жыхары паловы кватэр за іх заплацілі. Усе іншыя выдаткі Уладзімір Катляр, як і абяцаў, узяў на сябе: сам закупляў будматэрыялы, аплачваў работу аддзелачнікаў. На ўвесь рамонт затраціў 530 рублёў. Апошні штрых – вялікае люстэрка, якое ён прымацаваў да сцяны ля ўвахода.
Гаворыць, што летам хацеў бы ля пад’езда ўстанавіць тумбу для аб’яў, якая круціцца. Такую ён заказаў па ўласных чарцяжах і ўстанавіў ля свайго пад’езда ў сталіцы, яна вельмі спадабалася людзям. Кіраўніцтва Фрунзенскага гарвыканкама нават парэкамендавала такую іншым мікрараёнам Мінска. Да слова, многія распрацоўкі, рацыяналізатарскія прапановы Уладзіміра Іванавіча знайшлі практычнае ўвасабленне ў камунальнай, дарожнай, будаўнічай сферы. Такі вось няўрымслівы чалавек, якому да ўсяго ёсць справа…
Пакуль мы фатаграфавалі абноўлены пад’езд, пагутарылі з яго жыхарамі. «Безумоўна стала вельмі прыгожа. Заходзіш у пад’езд -- адразу настрой узнімаецца», – у адзін голас гаварылі яны. І адрасавалі Уладзіміру Іванавічу словы ўдзячнасці, заўважалі, што яго імкненне зрабіць свет вакол сябе больш прыгожым можа быць прыкладам для іншых.
«Мне, акрамя добрых слоў і задавальнення, нічога і не трэба», -- гаворыць Уладзімір Катляр і дзеліцца планамі на бліжэйшы час: прыйдзе вясна -- возьмецца за пад’езд унучкі, якая жыве ў Мінску…
Фота: Аляксей ПЛАТКО.