12.02.2024 16:32

Стала сваёй, дапамагаючы людзям

– Валянціна Анатольеўна, ёсць праблема! – жыхары вуліц Савецкай, Заслаўскай, Бурдзенюка і іншых нярэдка звяртаюцца да Валянціны Яцыновіч з просьбай дапамагчы вырашыць жыццёвыя пытанні.

Трэці год яна з’яўляецца старастам названых вуліц і да грамадскай работы ставіцца вельмі адказна. Старшыня Радашковіцкага пасялковага выканаўчага камітэта Інга Вялікаіваненка адзначае яе як вельмі адказнага, надзейнага свайго памочніка.

– Валянціна Анатольеўна даводзіць да нашага ведама звароты жыхароў вуліц, разам стараемся іх вырашаць. І сама яна неаднойчы звязвалася з камунальнымі службамі, іншымі абслуговымі арганізацыямі. Па яе ініцыятыве з дапамогай супрацоўнікаў гаррайаддзела па надзвычайных сітуацыях былі ліквідаваны зараслі баршчэўніку за гаражным кааператывам на вуліцы Заслаўскай. Па вуліцы Бурдзенюка праводзіўся ямачны рамонт, – адзначае Інга Валер’еўна.

Напэўна, невыпадкова і па сваіх прафесійных абавязках Валянціна дапамагае многім жыхарам Радашковічаў. Яна працуе інспектарам па асноўнай дзейнасці аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Курыруе дзейнасць 13 сацработнікаў і 5 нянек Радашковіцкага сацыяльнага пункта. Адзінокія састарэлыя, людзі з інваліднасцю, сем’і з малымі дзецьмі ў зоне яе пастаяннай увагі.
– Не цяжка сумяшчаць асноўную работу з грамадскай? – пацікавілася ў сваёй субяседніцы.

– Напэўна, характар у мяне такі. Заўсёды адчувала жаданне знайсці агульную мову з людзьмі, якія жывуць побач, дапамагчы ім.

Акрамя таго, Валянціна – мнагадзетная мама. З мужам Віталіем яны гадуюць трох цудоўных дачушак: старэйшай Ангеліне 9 гадоў, сярэдняй Ульяне – 6, малодшай Мілане – 4. Восем гадоў таму Яцыновічы купілі дом на вуліцы Заслаўскай, за гэты час абжыліся, замацаваліся ў Радашковічах трывала. Віталій родам з Гранічаў, а вось малая радзіма Валянціны далёка. Родам яна з Маларыцкага раёна Брэстчыны. У маладосці закончыла тэхнікум чыгуначнага транспарту, шэсць гадоў працавала правадніцай у Сімферопальскім кірунку. Пасля замужжа не пабаялася кардынальна перамяніць жыццё: пераехаць у наш раён, асвоіць іншую прафесію.

– Па грукаце чыгуначных колаў абсалютна не сумую, – з усмешкай гаворыць Валянціна. – А ў Радашковічах я стала ўжо сваёй. Мне наш гарпасёлак вельмі падабаецца: тут ціха, спакойна, ёсць усё неабходнае для жыцця.

Анжаліка КРУПЯНЬКОВА
Фота: архіў Валянціны ЯЦЫНОВІЧ

Прочитано 98 раз
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.