12.02.2024 16:21

Дзяцінства пасляваеннае маё…

Наша пастаянная падпісчыца ветэран педагагічнай працы з Турэц-Баяр Ала Якуновіч адной з першых адгукнулася на заклік прыняць удзел у раённым конкурсе літаратурнай творчасці, прысвечаным 80-годдзю вызвалення Беларусі.

– Я нарадзілася праз два гады пасля вызвалення, у 1946-м годзе, у вёсцы Паляны Лебедзеўскага сельсавета, – расказвае Ала Андрэеўна. – На ўсё жыццё запомніла гісторыю пра роднага брата майго мамы Уладзіміра Галавача, настаўніка з вёскі Укропава Гарадзілаўскага сельсавета. Ён быў вельмі таленавітым, іграў на многіх інструментах, гуртаваў вакол сябе моладзь. У гады вайны ён збіраў важныя звесткі і перадаваў іх партызанам. Здраднік выдаў яго фашыстам, яго забралі прама з дома ў Палянах. Кінулі ў матацыкл, і больш яго ніхто не бачыў. Колькі ні шукала яго бабуля, колькі мы ні падавалі ў пошук – безвынікова… Мяне ўсцешвае, што ланцужок педагагічнай дынастыі не перарваўся: я 26 гадоў выкладала ў Турэц-Баярскай СШ біялогію і хімію, да гэтага працавала ў Сакаўскай васьмігодцы, якую ў свой час і закончыла, у Лебедзеўскай СШ. Мая дачка Ганна Макарава – настаўніца пачатковых класаў Заскавіцкай базавай школы.

Усё жыццё Ала Андрэеўна сябруе з рыфмай. Расказвае, што складала паэтычныя віншаванні сваім калегам да юбілеяў, пісала вершы да школьных свят ураджаяў, іншых мерапрыемстваў, давярала паперы тое, што хвалявала душу. Яе неаднойчы запрашалі выступіць перад вучнямі школы, у Турэц-Баярскай сельскай бібліятэцы, актыўнай чытачкай якой яна з’яўляецца.

– «Новую зямлю» Якуба Коласа перачытвала шмат разоў, як і паэмы, вершы Янкі Купалы. Нашы Песняры для мяне – арыенціры ў паэзіі, – дзеліцца наша чытачка.

На літаратурны конкурс Ала Андрэеўна даслала два вершы. «Радкі, абарваныя куляй» – хвалюючыя словы ўдзячнасці дарагім сэрцу землякам, што «на чужой зямлі навекі паляглі», якім не было наканавана «дом збудаваць, дзяцей узгадаваць». «Пасляваеннае дзяцінства» – аўтабіяграфічныя ўспаміны пра цяжкія пасляваенныя гады. Але, малодшай з трох сясцёр, было ўсяго восем месяцаў, калі памёр бацька. Маці адна падымала дачок. «Не хапала дроў, каб хату напаліць, хаця бы дзецям бульбы наварыць», «Не дазвалялі доўга нам зімой гуляць – абутак і адзенне трэба шанаваць», «На выгане мы пасвілі гусей і свінак, і тут для нас быў адпачынак», «Дарослым шчыра памагалі, у сем гадоў ужо бульбачку капалі» – за кожным радком само жыццё, няпростае, напоўненае турботамі, але на сваёй зямельцы, сярод блізкіх людзей. І як прызнанне ў любові родным мясцінам гучыць апошняе чатырохрадкоўе: «Куток Радзімы дарагой! З дзяцінства любім усёй душой. І не патрэбна іншай долі, не здрадзім мы табе ніколі».

Анжаліка КРУПЯНЬКОВА
Фота: архіў Алы ЯКУНОВІЧ

Прочитано 123 раз
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.