13.12.2017 10:32

Куда обратиться одинокому человеку

Атуліць клопатам і любоўю пажылога чалавека – святы абавязак дзяцей, унукаў, іншых сваякоў. Але нярэдка ў канцы жыцця бабулі і дзядулі застаюцца адзінокімі. У такіх выпадках пенсіянерам, інвалідам прыходзіць на дапамогу дзяржава.

Куда обратиться одинокому человеку "Маладзечанская газета"

Свае паслугі для іх прапануе раённы тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Аб гэтым расказала слухачам народнага ўніверсітэта здароўя намеснік дырэктара РТЦСАН Ганна ГРАКОВІЧ.

Надзейны прытулак для састарэлых

У маляўнічым месцы ў пасёлку Сасновы Бор размяшчаецца аддзяленне кругласутачнага знаходжання грамадзян, дзе знаходзяць сабе прытулак адзінокія састарэлыя, інваліды – тыя, у каго няма дзяцей, якія па законе павінны іх даглядаць. Ганна Сяргееўна патлумачыла, што калі ў сямейнай пары, якая не мае дзяцей, муж ці жонка працаздольнага ўзросту, яны не лічацца адзінокімі.

На сёння ў аддзяленні кругласутачнага знаходжання занятыя ўсе месцы для жанчын, ёсць некалькі свабодных для мужчын. Больш тут сельскіх жыхароў. Некаторыя прыязджаюць у аддзяленне толькі на халодны час, вясной вяртаюцца ў свае дамы. У Сасновым Бары для іх створаны ўсе ўмовы – утульныя пакоі, паўнацэннае харчаванне, медыцынскі нагляд.

Намеснік дырэктара РТЦСАН Ганна ГРАКОВІЧ.



Напоўніць сэнсам жыццё інвалідаў

У будынку РТЦСАН па вул. Касманаўтаў, 13 дзейнічае аддзяленне дзённага знаходжання інвалідаў (тэл. 74-66-79), дзе праводзяць час людзі з цяжкай формай псіхічных захворванняў. Яны сябруюць паміж сабой, спяваюць, іграюць на музычных інструментах, для іх створана шмат гурткоў па інтарэсах, у якіх яны займаюцца рознымі відамі творчасці. Ганна Сяргееўна прадэманстравала цудоўныя сувеніры, зробленыя людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі. Нельга не здзіўляцца акуратнасці, дасканаласці гэтых работ, якія, дарэчы, прадаюцца і могуць стаць арыгінальным падарункам да Новага года.

Па гэтым адрасе размешчана і аддзяленне тэрміновага сацыяльнага абслугоўвання (тэл. 74-66-76, 74-66-80), якое аказвае такія паслугі, як нянькі для сем’яў, у якіх гадуюцца двайняты. Пры аддзеле працуе «Салон міласэрнасці», дзе аказваецца рэчавая гуманітарная дапамога. Таксама тут прымаюць дакументы на забеспячэнне інвалідаў тэхнічнымі сродкамі рэабілітацыі (каляскамі і інш.).  

Дапамога на даму

У аддзяленні сацыяльнай дапамогі на даму, якое знаходзіцца ў будынку па вул. Таўлая, 4 (тэл. 77-00-00, 77-27-57), працуе 148 сацработнікаў, якія абслугоўваюць 1300 жыхароў горада і раёна. Уборка памяшканняў, дастаўка тавараў з магазіна, лекаў з аптэкі – спіс шматлікіх паслуг зацверджаны адпаведнымі дакументамі. Гадзіна працы сацработніка сёння каштуе 65 капеек, за месяц атрымліваецца 9,5-20 рублёў у залежнасці ад колькасці і віду паслуг. Калі некалькі гадоў была чарга на сацабслугоўванне, то цяпер яе няма. Бясплатныя паслугі сацработнікаў толькі для тых адзінокіх грамадзян, якія атрымліваюць пенсію меншую за бюджэт пражытачнага мінімуму (197,81 рубля).
Пажылыя людзі павінны ведаць, што згодна з правіламі перад тым як аказаць ім дапамогу, супрацоўнікі цэнтра павінны абследаваць умовы іх жыцця, пабываць у іх дома. Да гэтых візітаў трэба ставіцца з разуменнем, ісці на кантакт, даваць неабходную інфармацыю.

«Мудры ўзрост» запрашае

Пенсіянераў, якія хочуць навучыцца нечаму новаму, знайсці аднадумцаў, атрымаць слушныя парады псіхолагаў, штомесяц запрашае на сустрэчу клуб «Мудры ўзрост» (тэл. 74-66-20). У яго рамках праводзяцца сустрэчы з цікавымі людзьмі, ладзяцца паходы ў тэатр, музей, майстар-класы.

Прочитано 2478 раз
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.