Працуюць тут і пераможцы ў асабістым спаборніцтве сярод трактарыстаў-машыністаў. Сярод іх, як і сярод жывёлаводаў, нямала годных прадстаўнікоў сямейных дынастый.
Аб’ездзіў усю Еўропу і ўладкаваўся… на ферму
-- Дома працаваць лепш, больш спакойна! -- гаворыць Іван Міцко, адначасова падкідваючы свежы подсціл маленькім цялятам, якія даверліва цягнуцца да яго рук.
Яшчэ паўгода таму Іван Іванавіч, вадзіцель-міжнароднік, калясіў на магутнай машыне па дарогах Францыі, Італіі, Германіі, Іспаніі. Жонка Таццяна ўгаварыла пайсці разам з ёю на ферму аператарам па дагадоўванні цялят да трох месяцаў. Рашыўся і, як сам гаворыць, зусім не шкадуе. Работа стабільная, спакойная. Не сказаць, каб была яна лёгкай ці менш адказнай: 125 цялят сёння даглядаюць яны з Таццянай Алегаўнай, а бывае, што іх колькасць даходзіць і да 200. І кожнага трэба добра накарміць, забяспечыць прывагі, дагледзець, зберагчы ад хвароб.
-- Затое цяпер я сплю спакойна, не хвалююся за мужа. Вельмі задаволена, што ён заўсёды побач. На ферме разам весялей, разумеем адзін аднаго з паўслова, і дома работа кіпіць, вось, гараж пачалі будаваць, -- гаворыць жанчына, якая працуе ў гаспадарцы 17 гадоў, пераехаўшы сюды з Віцебшчыны.
Была аператарам машыннага даення, не раз выходзіла на лідзіруючыя пазіцыі. Вось і ўчора на раённым свяце ў гарадскім Палацы культуры яе ўзнагародзілі за добрасумленную шматгадовую працу. Іх сям’і гаспадарка выдзеліла катэдж, цяпер яны завяршаюць яго прыватызацыю.
Услед за бацькам -- у жывёлагадоўлю
-- У нашай гаспадарцы шмат сямейных дынастый. Здавалася б, і горад недалёка, аднак той, хто душой прыкіпеў да зямлі, да сельскай працы, застаецца тут назаўсёды, -- гаворыць галоўны спецыяліст па ідэалагічнай рабоце Ганна Карней, якая суправаджала нас у час падрыхтоўкі матэрыялу. Дарэчы, сама Ганна Генрыхаўна працуе ва «Усходзе-Агра» больш за 35 гадоў.
Сваё жыццё звязаў з гэтым сельгаспрадпрыемствам і Георгій Макарэвіч, які амаль чвэрць веку працуе тут галоўным заатэхнікам. Ён расказаў, што за 10 месяцаў года надой на карову па гаспадарцы склаў 5 тон 628 кілаграмаў, што на 3 тоны 337 кілаграмаў больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года.
-- Да ўзроўню 2022 года мы спрацавалі на 139,4 працэнта, -- гаворыць Георгій Міхайлавіч. -- Гэта заслуга ўсіх нашых жывёлаводаў, сярод якіх самыя адказныя і вопытныя Вячаслаў Шульжыцкі, аператары машыннага даення Марына Макоўская, Яніна Кавалевіч, многія іншыя.
У гаспадарцы чатыры аб’екты жывёлагадоўлі: МТК «Вялікія Кашэўнікі» на 905 галоў, МТФ «Крыніца» на 700 галоў і дзве фермы па 200 галоў у Мясаце і Выверах. Начальнікам самага буйнога комплексу «Вялікія Кашэўнікі» вось ужо год працуе сын Георгія Міхайлавіча Яўгеній, які услед за бацькам выбраў прафесію заатэхніка, пераняў яго вопыт і веды. Адметна, што ў гаспадарцы лабарантам па якасці малака працуе і жонка Георгія Міхайлавіча Святлана Раманаўна.
«Дзяды, бацькі аралі, сеялі, а мы працягваем»
Так з поўным правам могуць сказаць вопытныя механізатары гэтага сельгаспрадпрыемства, якія па выніках раённага спаборніцтва выйшлі ў пераможцы. З самага ранку, перад выездам на палі на магутнай тэхніцы мы паспелі іх застаць на мехдвары.
Трактарыст-машыніст Руслан Сняжко стаў лідарам у раёне па скошванні траў шыроказахопнымі касілкамі. Яго вынік не можа не ўражваць: за сезон ён скасіў 3576,2 гектара. Родная гаспадарка -- яго адзінае месца працы, дзевяць гадоў таму прыйшоў сюды пасля Вілейскага каледжа. Жыве ў Выверах, у вольны час любіць рыбачыць. Цяпер задзейнічаны на ворыве, за дзень апрацоўвае больш за 20 гектараў. Малады механізатар расказвае, што ва «Усходзе-Агра» шмат гадоў працаваў трактарыстам яго дзед Аляксандр Александровіч, цяпер тут працуе яго дзядзька. Яго, як і дзеда, завуць Аляксандр Александровіч, і ён сярод сёлетніх перадавікоў раённага спаборніцтва на прасаванні сена і саломы. Шкада, што на мехдвары мы Аляксандра Аляксандравіча не засталі, ён ужо шчыраваў на палях.
Рады былі пагутарыць яшчэ з адным лідарам сярод механізатараў раёна па ворыве вопытным трактарыстам-машыністам Іванам Космачам. У сельскай гаспадарцы ён 45 гадоў, 17 апошніх працуе ва «Усходзе-Агра». За добрасумленную працу ўзнагароджаны медалём «За трудовое отличие». Разам з калегамі Русланам Сняжко, Іванам Пшэннікам, Аляксеем Беразюком Іван Анатольевіч вясной араў і сеяў, цяпер рыхтуе глебу пад новы ўраджай. У гэтым сельгаспрадпрыемстве галоўным бухгалтарам працуе жонка Івана Космача Галіна Уладзіміраўна. Іх старэйшая дачка Алена -- настаўніца пачатковых класаў пачатковай школы №15 нашага горада, малодшая Анастасія выбрала сельскагаспадарчую сферу, яна інжынер па якасці на агракамбінаце «Дзяржынскі». Можна з поўным правам сказаць, што для Космачаў, які і для многіх іншых «усходаўцаў», Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК -- сямейнае свята.
Дык няхай яно прынясе добры настрой, станоўчыя эмоцыі, натхніць на новыя здабыткі і працоўныя перамогі! Усе мы ўдзячныя нашым аграрыям за смачныя і карысныя прадукты на нашым стале, за цвёрдую ўпэўненасць, што харчовая бяспека краіны ў іх надзейных руках.
Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.