23.10.2023 15:25

Старасты -- першыя памочнікі мясцовай улады

Па шматгадовай традыцыі ў Лебедзеўскім сельскім Савеце дэпутатаў прайшоў дзень стараст, які сёлета сумясцілі з Днём маці.

Старасты населеных пунктаў рады былі ўбачыць адзін аднаго, за кубкам гарбаты, у шчырай сяброўскай атмасферы абмяняцца навінамі і здабыткамі, узняць актуальныя праблемы.

На святочную хвалю настроілі прысутных канцэртныя нумары ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці мясцовых сельскага Дома культуры, дзіцячай школы мастацтваў, бібліятэкі, сярэдняй школы. Як адзначыла вядучая сустрэчы старшыня Лебедзеўскага сельскага выканаўчага камітэта Тамара Дудзіч, старасты-жанчыны (а іх большасць) -- клапатлівыя мамы і бабулі, якія заслугоўваюць самых лепшых слоў падзякі і павагі. Яны не толькі аберагаюць свае сем’і, але і вядуць актыўную грамадскую работу, дапамагаюць аднавяскоўцам вырашаць надзённыя пытанні, з’яўляюцца праваднікамі паміж мясцовай уладай і жыхарамі. Кожная з іх атрымала падарунак, зроблены рукамі дзяцей, -- кветку з шакаладнымі цукеркамі ўнутры.

У час мерапрыемства Тамара Дудзіч праінфармавала сваіх надзейных памочнікаў аб правядзенні рэспубліканскай пажарна-прафілактычнай акцыі па прадухіленні пажараў і гібелі людзей ад іх у жыллёвым фондзе «За бяспеку разам». Разглядалася работа аглядных камісій, апорных пунктаў грамадскай бяспекі. У чарговы раз старшыня сельвыканкама прыгадала алгарытм дзеянняў стараст у выпадку выяўлення сем’яў, у якіх бацькі вядуць няправільны лад жыцця, а дзеці знаходзяцца без нагляду. Узнімаліся таксама пытанні бадзяжных жывёл, вулічнага асвятлення і іншыя. Многія з іх мясцовая ўлада вырашае дзякуючы аператыўнай інфармацыі стараст вёсак.

Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: архіў ЛЕБЕДЗЕЎСКАГА СЕЛЬВЫКАНКАМА.

Прочитано 264 раз Последнее изменение 23.10.2023 15:25
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.