16.10.2023 11:08

Усёй сям’ёй -- у музей

Тыдзень бацькоўскай любові, які праходзіць ва ўсёй краіне з 14 па 21 кастрычніка, натхніў работнікаў Мінскага абласнога краязнаўчага музея на правядзенне цікавых, пазнавальных мерапрыемстваў. Галоўная іх мэта -- запрасіць у музей сем’і, аб’яднаць дзяцей і дарослых, падарыць ім незабыўныя імгненні і прыемныя сюрпрызы.

Пачаўся святочны тыдзень круглым сталом, які правялі актывісткі пярвічнай арганізацыі Беларускага саюза жанчын сумесна з раённымі арганізацыямі БСЖ і Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. Шчырую размову аб ролі жанчыны ў нашым грамадстве вяла загадчык аддзела навукова-даследчай і экспазіцыйна-выставачнай дзейнасці музея Іна Самовіч. У гэты ж дзень адбылася прэзентацыя выстаўкі аўтарскіх упрыгажэнняў з натуральных камянёў майстра з Мінска Аляксандры Трушкінай.

Акрамя таго, у рамках Тыдня бацькоўскай любові супрацоўнікі музея запрашаюць на квэст «Сям’я», у час якога можна даведацца шмат цікавых гістарычных фактаў. Тых, хто паспяхова выканае заданні квэста, чакае прыемны сюрпрыз -- купон у адно з кафэ горада. 21 кастрычніка, у Дзень бацькі, жадаючых запросяць на майстар-клас па вырабе віншавальнай паштоўкі для таты.

-- Заўсёды прыемна, калі маладзечанцы, госці горада прыходзяць да нас сем’ямі. З 14 па 21 кастрычніка мы праводзім акцыю «Мнагадзетным сем’ям уваход бясплатны». А для іншых сем’яў, якія прыйдуць на працягу тыдня ў музей, мы прадугледзелі скідку 40 працэнтаў ад ўваходных білетаў, -- паведаміла нашаму выданню дырэктар музея Алена Чарнецкая.

Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: архіў МІНСКАГА АБЛАСНОГА КРАЯЗНАЎЧАГА МУЗЕЯ.

Прочитано 339 раз
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.