09.10.2023 13:48

Васількі для Васіля

І дзе толькі знайшлі восенню жывыя летнія васількі педагогі дзіцячай мастацкай школы мастацтваў? Невялічкі букет, але колькі ў ім павагі і ўдзячнай памяці да свайго старэйшага калегі члена Саюза мастакоў Беларусі Васіля Лазоўскага, якому 16 ліпеня гэтага года споўнілася б 70 гадоў?

Восем гадоў таму пайшоў ён з жыцця, аднак сваякі, сябры, калегі па творчым цэху, маладзечанская інтэлігенцыя шануюць памяць аб ім. Сведчанне гэтаму -- адкрыццё ў цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Максіма Багдановіча выстаўкі «Плынь часу», прысвечанай 70-годдзю з дня нараджэння мастака. Каля трох дзясяткаў палотнаў розных гадоў -- нацюрмортаў, пейзажаў, алегарычных карцін -- упрыгожылі сцены фае другога паверха бібліятэкі. «Маладзечанскія дарогі», «Стары Мядзел», «Пакінуты дом», «Ціхая ноч», «Калючы прамень» -- іх назвы гавораць самі за сябе. Кожны пейзаж -- прызнанне ў любові малой радзіме, захапленне яе прыродай, хваляванне і боль за страчаную спадчыну. Калі глядзіш на іх, разумееш, наколькі ўсё гэта блізка мастаку. Васіль Міхайлавіч родам з вёскі Татаршчына Маладзечанскага раёна, з сям’і чыгуначніка. Закончыў гарадскую СШ №4, якая вядома сваім мастацкім ухілам, Мінскае мастацкае вучылішча імя Я. Глебава. Пачынаў сваю працоўную біяграфію настаўнікам малявання і чарчэння ў вёсцы Кабыльнік (цяпер Нарач), затым быў мастаком-афарміцелем Маладзечанскай філіі Мінскага мастацка-вытворчага камбіната. Больш за 20 гадоў Васіль Лазоўскі выкладаў малюнак і жывапіс у Маладзечанскай дзіцячай мастацкай школе мастацтваў. Калегі з цеплынёй успаміналі, што ён вельмі любіў сваіх вучняў, ведаў, як завуць іх бацькоў, заўсёды ўмеў падказаць, параіць. Памятаюць у школе і яго фірменны выраз «Вунь як!». У мінулыя гады так нават назвалі выстаўку, прысвечаную яго памяці.

Нельга было не здзівіцца, як мнагалюдна было ў бібліятэцы ў час адкрыцця выстаўкі. Амаль усе маладзечанскія мастакі палічылі сваім абавязкам аддаць даніну павагі, прыгадаць добрым ціхім словам Васіля Лазоўскага. Адкрыла экспазіцыю загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі бібліятэкі Наталля Меднікава. Вёў урачыстасць пісьменнік краязнавец Міхась Казлоўскі, які разам з мастаком Генадзем Селядцом быў арганізатарам гэтага мерапрыемства.

-- Большасць з прысутных людзей добра ведае работы Васіля Лазоўскага. Ён неаднаразова прымаў удзел у калектыўных выстаўках, рыхтаваў персанальныя. Быў таленавітым мастаком, валодаў сваім адметным, пазнавальным почыркам. Мне пашчасціла ведаць яго блізка, неаднаразова бываць у яго творчай майстэрні, назіраць, як нараджаюцца яго палотны. Ён быў вельмі патрабавальным да сябе, яго заўсёды нешта не здавальняла. Пастаянна нешта падпраўляў, перапісваў. І колькі слаёў фарбы на кожнай яго рабоце -- ведае толькі ён сам і, магчыма, яго блізкія, -- адзначыў Міхась Казлоўскі.

Сваімі ўспамінамі пра творцу падзяліліся таксама старшыня Маладзечанскага аддзялення Саюза мастакоў Беларусі Рыгор Мяжуеў, фатограф Аляксандр Салагуб, народны майстар Беларусі старшыня цыклавой камісіі «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва» музычнага каледжа імя М.К. Агінскага Людміла Валковіч-Борыс.

Пасля адкрыцця выстаўкі ў канферэнц-зале бібліятэкі прайшла вечарына памяці «Васіль: партрэт на фоне часу». Увазе ўдзельнікаў быў прадстаўлены змястоўны відэафільм, падрыхтаваны інжынерам-праграмістам бібліятэкі Таццянай Булава. Каментарыі Міхася Казлоўскага нібы ажыўлялі старыя здымкі, большасць з якіх належыць Генадзю Селядцу. Дружны мастацкі асяродак, які ў 70-80-я гады мінулага стагоддзя ўтварыўся у нашым горадзе, плэнеры, сумесныя вандроўкі -- колькі настальгічных успамінаў навеялі чорна-белыя фота. І на большасці з іх Васіль Лазоўскі. Многія заўважылі, што ў маладыя гады ён быў вельмі падобны на Джона Ленана. Але большасць памятае яго з пышнай чорнай барадой, у якую час паціху ўплятаў сярэбраныя ніткі…

Мастак Мікола Аўчыннікаў, дырэктар дзіцячай мастацкай школы мастацтваў Наталля Трус, кіраўнік народнай студыі выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва гарадскога Палаца культуры Алена Кучко падзяліліся сваімі ўспамінамі пра мастака. І кожны з іх адзначаў не толькі яго талент, але і дабрыню, шырыню душы, адметнае пачуццё гумару.

-- Васіль нам усім усміхаецца, ён сярод нас… На ўсё жыццё запомніла яго параду: каб з замілаваннем пісаць пра родную Беларусь, трэба паглядзець свету, -- сказала паэтэса Таіса Трафімава, якая прыехала на мерапрыемства з Мінска, чытала свае вершы.

За захаванне памяці пра мужа, бацьку падзякавалі прысутным Ірына Мікалаеўна і Ян Лазоўскія -- жонка і сын мастака. На памяць пра гэту сустрэчу Наталля Меднікава ўручыла ім сувеніры.

Упрыгожылі вечарыну сваімі выступленнямі бард і паэтэса Марыя Шабанец, удзельніцы народнага фальклорна-этнаграфічнага ансамбля «Крынічанька». Лілася беларуская мова, многія дзяліліся ўспамінамі, якія ішлі ад душы, ад сэрца. Нейкая асабліва цеплыня панавала ў зале. І было такое адчуванне, што мастак з партрэта сапраўды ўсміхаецца і сваім сябрам, знаёмым, і сціпламу букету асенніх васількоў, што нейкім цудам захаваліся для яго на ўскрайку поля…

Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: АЎТАР, архіў ЦЭНТРАЛЬНАЙ РАЁННАЙ БІБЛІЯТЭКІ.

Прочитано 312 раз
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.