28.08.2023 7:39

Настрой добры -- ураджай высокі

У «Палачанах» і «Гарадзілаве» сёлета, нягледзячы на асаблівасці надвор’я, вырасцілі добры ўраджай. Па ўраджайнасці на Маладзечаншчыне гаспадаркі выйшлі ў лідары. Таму не дзіўна, што канцэнтрацыя «тысячных» камбайнавых экіпажаў і тых, хто працаваў на адвозцы збожжа, тут самая высокая ў раёне. Сакрэтамі поспеху падзяліліся некаторыя перадавікі жніва і спецыялісты гаспадарак.

Работнікі ААТ «Палачаны» Сяргей Рыльцоў і Юрый Зянькевіч перавозілі збожжа новага ўраджаю ад камбайнаў на зернесушыльны комплекс. За кожны рэйс перавозілася каля 15 тон каштоўнага грузу. На рахунку кожнага з іх больш за 2 тысячы тон.

Па словах работнікаў, гэта жніво практычна не адрознівалася ад папярэдніх. Галоўная задача пры перавозцы была не дапусціць прастояў камбайнаў. Як толькі бункеры запаўняліся, адразу ішла загрузка транспарту. Акрамя таго, вялікую ролю адыгралі веданне тэхнікі і яе папярэдняя падрыхтоўка да жніва. Сама ўборачная кампанія была арганізавана эфектыўна.

-- Усе ўдзельнікі жніва спрацавалі выдатна, -- расказаў выконваючы абавязкі дырэктара ААТ «Палачаны» Сяргей Боган. -- Адбілася на высокай ураджайнасці тое, што былі своечасова выкананы ўсе агратэхнічныя мерапрыемствы (падкормка раслін, хімічная апрацоўка і гэтак далей). Праводзілася жніво ў цеснай кааперацыі з ААТ «Гарадзілава». Гэта давала магчымасць манеўраваць тэхнікай і працоўнымі рэсурсамі.

Сяргей Рынкевіч -- адзін з работнікаў «Гарадзілава», які перавёз больш за 2 тысячы тон збожжа. На яго думку, галоўным фактарам поспеху стаў добры стан тэхнікі. Аўтамабілі, камбайны, трактары, іншыя сродкі механізацыі абслугоўваюцца ў гаспадарцы па ўсіх правілах. Немалаважная таксама сацыяльная падтрымка аграрыяў.

Двухтысячную планку перавысіў камбайнавы экіпаж у складзе Юрыя Арловіча (старшы камбайнер) і маладога спецыяліста Рамана Цагельніка. Яны падкрэслілі, што сёлета жніво адзначылася высокімі тэмпамі. Арганізацыя кампаніі была на належным узроўні. А тое, што ў экіпажы быў вопытны работнік і прадстаўнік маладога пакалення, толькі паспрыяла поспеху.

На думку галоўнага інжынера гаспадаркі Аляксандра Дземашкевіча, высокая ўраджайнасць была дасягнута дзякуючы падрыхтоўцы тэхнікі, перадавой аграноміі, прафесіяналізму работнікаў і прыроднай урадлівасці глебы (у асноўным на тэрыторыі «Гарадзілава» распаўсюджаны суглінкі). У выніку гаспадарка годна выглядае не толькі на ўзроўні раёна, але і вобласці, нават рэспублікі.

-- Сёлета агульны намалот у гаспадарцы практычна такі, як летась, -- зазначыла намеснік дырэктара ААТ «Гарадзілава» па эканоміцы і ідэалагічнай рабоце Алена Макрыцкая. -- Завяршылася жніво на пяць дзён раней, чым летась. Дзяржзаказ выкананы па рапсе, пшаніцы, піваварным ячмені, іншых культурах. Усе ўдзельнікі жніва працавалі з поўнай аддачай, на пазітыве.

Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Анатолій Фурс адзначыў сацыяльную падтрымку хлебаробаў з боку кіраўніцтва гаспадарак. У «Палачанах» і «Гарадзілаве», як і ўсюды ў раёне, было арганізавана гарачае харчаванне для ўдзельнікаў жніва, створаны добры сацыяльны пакет. Работнікаў рэгулярна інфармавалі, колькі яны зарабілі за папярэдні дзень. Гэта павышала матывацыю.

-- У гаспадарках пастаянна праводзіўся прафсаюзны маніторынг, у час якога вялікая ўвага надавалася пытанням аховы працы. У выніку кампанія праходзіла без здарэнняў і няшчасных выпадкаў, -- падкрэсліў субяседнік.

Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ.

Прочитано 324 раз
Алег Бяганскі

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.