18.08.2023 11:24

Рэгіна ІІІ. А ў перакладзе з латыні -- «каралева»

У нашай рубрыцы, у якой мы расказваем пра людзей з рэдкімі і незвычайнымі імёнамі, чарговая госця -- Рэгіна Маскалевіч з Маладзечна. Так назваў яе дзед па бацькавай лініі.

-- Па расказах мамы, ён быў катэгарычным у выбары імені для мяне: толькі Рэгіна і ніяк інакш! -- расказвае ўдзельніца рубрыкі. -- У нашай сям’і я, калі можна так сказаць, Рэгіна ІІІ. Так завуць маю цётку, а ў бабулі было двайное імя Тэрэза-Рэгіна. Мне маё імя заўсёды падабалася. Прыгожа яно гучыць і ў спалучэнні з іменем па бацьку -- Чаславаўна.

Рэгіну з дзяцінства цікавіла гісторыя яе імені. Спачатку вывучала па кнігах і іншых друкаваных крыніцах, але, на вялікі жаль, мала знаходзіла інфармацыі. «Даследаванні» зрушыліся з месца, калі з’явіўся інтэрнэт. Калі яму верыць, то гэта імя ў ліку рэдкіх з часоў Савецкага Саюза і да гэтага часу. Цікавы той факт, што ўсё ж найбольш распаўсюджаным яно лічыцца сярод армянак і татарак.
У нашай гераіні беларускія карані, хаця яе біяграфія звязана з Украінай, дзе яна нарадзілася, а таксама з мястэчкам Гадуцішкі, што на мяжы нашай краіны і Літвы -- там яе пахрысцілі ў дзяцінстве.

-- Мой тата родам з Пастаўшчыны, у мінулым афіцэр чыгуначных войскаў, таму нашай сям’і давялося пабываць у розных гарадах і вёсках, -- працягвае Рэгіна. -- Але мне ўсюды было ўтульна. «За сваю» мяне прымалі і студэнты з еўрапейскіх краін, калі вучылася ў педуніверсітэце імя Максіма Танка. А адзін выкладчык, засяродзіўшыся на маім імені, удакладніў, ці ведаю я, што яно ўжываецца ў значэнні каралеўскага тытула. Напрыклад, «рэгіна Ганна» азначае «каралева Ганна».

Цікава, што імя Рэгіна, якое мае лацінскае паходжанне, па найбольш распаўсюджанай версіі, перакладаецца як «царыца», «правіцельніца», «каралева». Гісторыя яго існавання пайшла з Візантыі.

Нашу Рэгіну звычайна называюць поўным варыянтам імені, хіба толькі ў дзяцінстве сябры называлі Рэгішай. Калі ж яна з кімсьці знаёміцца, нярэдка чуе адно і тое ж: «Рэгіна? Як Дубавіцкая?».

Сапраўды, гэта вядучая папулярнай гумарыстычнай тэлепраграмы «Аншлаг» адна з самых вядомых яе цёзак. У ліку знакамітасцей з такім іменем і савецкая манекеншчыца Збарская, расійская тэнісістка Кулікова, латвійская кінаактрыса і балерына Разума, руская паэтэса, перакладчык, празаік Дзярыева, расійская валейбалістка Мароз.

Цікавы і той факт, што ў гераіні нашай рубрыкі ў юнацтве была сяброўка-цёзка.

-- Я брунетка, яна бландзінка, -- успамінае субяседніца. -- Як хто называў імя, адразу абедзве паварочваліся і ўдакладнялі, якая патрэбна: бялявая ці чарнявая.

Рэгіна Маскалевіч захапляецца спевамі розных жанраў, у тым ліку выконвае рок-балады, марыць навучыцца іграць на гітары. Па прафесіі яна настаўніца нямецкай мовы, працуе намеснікам дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Граніцкай базавай школы, куды ездзіць з Маладзечна. У наш край трапіла па размеркаванні пасля заканчэння інстытута. Тут і ў прафесіі рэалізоўваецца, і сям’ю стварыла, разам з мужам гадуе сына.

-- Яму мы вырашылі даць звычайнае імя, каб пасавала з іменем па бацьку -- Аляксей Мікалаевіч, -- гаворыць субяседніца. -- Цяпер нярэдка бацькі даюць дзецям незвычайныя імёны, бачу гэта па сваіх навучэнцах. Праўда, думала, што дзяўчынак Рэгінамі ўжо ніхто не называе. Была здзіўлена, што калі нядаўна ў аднаго з маіх вучняў з’явілася сястрычка і ёй далі такое імя. Канечне, не ў мой гонар. Але прыемна, што імя працягвае жыць!

Ірына РАБУШКА.
Фота: архіў Рэгіны МАСКАЛЕВІЧ.

Паважаныя чытачы, калі ў вас або вашых сваякоў, знаёмых рэдкае, незвычайнае імя, раскажыце нам пра гэта.
Тэл. 77-19-61.

Прочитано 345 раз
Ірына Рабушка

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.