09.08.2023 11:13

Жніво ідзе, жніво гудзе!

Гул рухавікоў сельгастэхнікі, аўтамабіляў і прыемны пах збажыны пануюць гэтымі днямі на палетках гаспадарак Маладзечаншчыны. Дбайна працуюць на ўборцы збожжавых у СУП «Хажоваагра-2009».

А вадзіцелі Леанід Захаркевіч і Артур Гелаж, якія кіруюць мажнымі МАЗамі, сталі тысячнікамі. На перавозцы збожжавых яны заняты далёка не першую ўборачную кампанію. Ды і тысячнікі ўжо, як кажуць, бывалыя! Артур Леанідавіч жыве ў Хажове, у сельгасарганізацыі працуе дзевяць гадоў. Леанід Яўгеньевіч шчыруе больш за 30, жыве ў суседніх Жарлаках.

Па даных СУП «Хажоваагра-2009» на 8 жніўня, тут убрана 67,6 працэнта збожжавых.

Моцныя дажджы часам спыняюць уборку, але, як толькі ўстанаўліваецца добрае надвор’е, тэхніка адразу выязджае ў поле. Кожны хлебароб выконвае сваю справу, паколькі ведае, што ад гэтага залежыць дабрабыт краіны, роднага раёна і ўрэшце кожнага чалавека.

Кіраўніцтва гаспадаркі, прафсаюзнай арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў аграпрамысловага комплексу ставяць лепшых працаўнікоў у прыклад. На іх, канечне, і іншыя раўняюцца. Днямі ў гаспадарцы віталі тысячнікаў апладысментамі і віншавалі з чарговымі дасягненнямі. Старшыня раённага галіновага прафсаюза Анатолій Фурс уручыў ім дыпломы і каштоўныя падарункі.

Ірына РАБУШКА.
Фота: архіў Анатолія ФУРСА.

Прочитано 367 раз
Ірына Рабушка

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.