-- Нарадзілася я ў Мядзельскім раёне, -- расказвае Альфрэда Казіміраўна. -- Там жа пазнаёмілася з будучым мужам. Згулялі вяселле. Муж быў з вёскі Хоўхлава. Таму і вырашылі, што будзем жыць на Маладзечаншчыне.
Маладая сям’я будавала дом у Насілаве. На будоўлю трэба былі грошы. Каб зарабіць, Альфрэда Волк уладкавалася цялятніцай на мясцовую ферму. Плацілі там па 600-700 рублёў. Работа на ферме нялёгкая. Аднак радавалі працоўныя поспехі. Прывагі маладняку былі добрыя. Пра гэта некалькі разоў пісала тады яшчэ «Святло камунізму». Тыя артыкулы пенсіянерка беражліва захоўвае.
Жанчына таксама працавала на заводзе вітамінна-травяной мукі. На пенсію выйшла з пасады тэхнолага Маладзечанскага завода жалезабетонных вырабаў. У яе дзве дачкі і пяцёра ўнукаў. Сваякі часта наведваюць Альфрэду Казіміраўну, дапамагаюць ёй.
-- Падпісалася на «раёнку» адразу як пераехала на Маладзечаншчыну, -- адзначыла пенсіянерка. -- З тых часоў «падпісны марафон» не перапыняўся. Газета цягне да сябе, што магніт. З яе даведваюся шмат цікавага. Публікацыі пра знаёмых чытаю з цікавасцю. Асабліва падабаецца, калі выданне дапамагае вырашыць тую або іншую праблему.
Субяседніца паведаміла, што ў Насілаве жыць зручна. Блізка горад. Транспартная даступнасць добрая. Магазін знаходзіцца недалёка ад дома. Аднак ёсць і пытанні.
Так, у канцы мая была дэманціравана металічная агароджа паміж праезнай часткай вуліцы Савецкай і пешаходнай дарожкай. Пачыналася яна ля аўтобуснага прыпынку (на баку вуліцы, дзе знаходзіцца магазін). Перашкода не дазваляла транспарту заязджаць на зялёную зону, а пешаходам -- пераходзіць праезную частку ў вельмі небяспечным месцы (на скрыжаванні).
Альфрэда Волк просіць зацікаўленыя арганізацыі вярнуцца да пытання. Можа, для бяспекі дарожнага руху агароджу варта аднавіць? Вырашальнае слова тут павінна быць за спецыялістамі.
Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ.