Нявеста знайшлася… на ферме
Усяго на вышэйзгаданай малочнатаварнай ферме ўтрымліваецца 664 каровы. Сярэднясутачны надой на адну галаву малочнага статка складае 27 кілаграмаў. Усё малако паступае на перапрацоўку гатункам «экстра». Абслугоўваюць кароў 11 чалавек. Трое з іх, жывёлаводы Анастасія Прыбыткова і Расціслаў Варпаховіч, аператар машыннага даення Наталля Варпаховіч, былі адзначаны ў рамках прафсаюзнай акцыі «Наш жывёлавод».
Перадавікі вытворчасці Варпаховічы сваякі. Наталля Мікалаеўна -- нявестка Расціслава Васільевіча. На ферме працуе і яе муж Яўгеній.
Пазнаёміліся будучыя муж і жонка якраз на МТФ, калі тут працавала маці Наталлі. Дачка прыходзіла ёй дапамагаць. А Яўгеній тады быў на ферме слесарам. Некалькі сустрэч хапіла, каб маладыя людзі зразумелі: далей па жыцці яны пойдуць разам. Жыллём маладую сям’ю забяспечыла гаспадарка. Такім чынам, спраўдзілася прымаўка, што нявесту лепш выбіраць не ў карагодзе, а ў агародзе (у нашым выпадку -- на ферме).
-- Працаваць усёй сям’ёй лягчэй, -- гаворыць Расціслаў Варпаховіч. -- Мы дапамагаем адзін аднаму, клапоцімся адзін пра аднаго. Без дапамогі не застаюцца і нашы калегі. Усе робім адну справу. А калі працуем плённа, то і зарабляем добра.
У Маскву па інавацыі
-- У вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі ўсё ўзаемазвязана, -- адзначыла намеснік дырэктара гаспадаркі па эканоміцы Алена Макрыцкая. -- І прыклад «Гарадзілава» сведчыць пра гэта. За кароткі прамежак часу значна павялічыліся вытворчыя паказчыкі, узрасла выручка. У выніку з’явілася магчымасць больш рэсурсаў накіроўваць на сацыяльную сферу.
Субяседніца падкрэсліла, што ў гаспадарцы прымяняецца сістэма заахвочванняў, накіраваная на павышэнне матывацыі работнікаў. Спецыялістам выплачваюцца грашовыя прэміі, аказваецца дапамога ў вырашэнні жыллёвага пытання. Лепшыя работнікі могуць разлічваць на дапамогу пры рамонце жылля. Для калектыву арганізуюцца культурна-масавыя мерапрыемствы, экскурсіі, спартыўныя спаборніцтвы. Заахвочваецца аздараўленне персаналу.
-- Немалаважнае значэнне мае таксама перайманне перадавога вопыту ў раслінаводстве і жывёлагадоўлі, -- дадала Алена Тадэвушаўна. -- Прычым вучацца спецыялісты самага рознага ўзроўню. Так, нядаўна галоўны заатэхнік гаспадаркі Ілья Галодзька удзельнічаў у спецыяльнай канферэнцыі ў Маскве. Вынікам вучобы павінна стаць укараненне інавацый у жывёлагадоўчай галіне. Ды і пра здабыткі «гарадзілаўцаў» іншым жывёлаводам таксама цікава пачуць.
Дарэчы, у «Гарадзілаве» ўжо некалькі гадоў практыкуецца бязвыпаснае ўтрыманне буйной рагатай жывёлы. Дзякуючы гэтаму рацыён кароў не мяняецца па сезонах. У выніку надоі ў гаспадарцы ўвесь год стабільныя пры пастаянна высокай якасці малака.
Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ.