15.12.2022 10:01

Айцец Павел самааддана служыў Госпаду і людзям

Хутка бяжыць час. Здаецца, яшчэ нядаўна настаяцель прыходу Красненскай Свята-Пакроўскай царквы протаіерэй Павел рупліва, аддана і самаахвярна служыў Госпаду і людзям, даводзіў слова Божае да сваіх прыхаджан. Між тым, мінула ўжо 10 гадоў, як Гасподзь прызваў свайго вернага служыцеля пасля працяглай хваробы. Адбылося гэта ў дзень прычашчэння Святых Хрыстовых Тайн, 14 снежня 2012 года, на 30-м годзе яго пастырскай дзейнасці і 51-м годзе зямнога жыцця…

Такім запомнілі прыхаджане айца Паўла. Такім запомнілі прыхаджане айца Паўла.

Пастырскае служэнне пачынаў на Віцебшчыне

Будучы пастыр Павел Міхайлавіч Хадакоўскі нарадзіўся 30 студзеня 1961 года ў сям’і набожных праваслаўных сялян у вялікай, больш чым на 500 двароў вёсцы Вялікае Малешава Столінскага раёна на Брэстчыне. Закончыў сярэднюю школу, адслужыў у арміі. У лістападзе 1981 года ён звязаў свой лёс з Марыяй Паўлаўнай Краўцовай, дачкой свяшчэнніка Васкрасенскай царквы вёскі Альгомель на Століншчыне. За час сумеснага жыцця Гасподзь падарыў ім траіх сыноў і трох дачок.

2 студзеня 1983 года Павел Міхайлавіч быў пасвечаны ў дыяканы епіскапам Пінскім Афанасіем (Кудзюком), а 6 студзеня гэтага ж года — у іерэі мітрапалітам Мінскім і Беларускім Філарэтам (Вахрамеевым) з прызначэннем настаяцелем Свята-Георгіеўскай царквы вёскі Сітцы Докшыцкага раёна Віцебскай вобласці. Несучы пастырскае служэнне ў гэтай царкве, айцец Павел на працягу 1983-1988 гадоў завочна паспяхова закончыў Маскоўскую духоўную семінарыю. Яго руплівае служэнне ў гэты час было адзначана набедранікам і скуф’ёй. Намаганнямі айца Паўла было абноўлена ўсё царкоўнае начынне.

З 8 чэрвеня 1989 года бацюшка служыў настаяцелем Свята-Адзігітрыеўскай царквы горада Дзісна Міёрскага раёна Віцебскай вобласці.

2 студзеня 1990 года пачалося пастырскае служэнне айца Паўла настаяцелем Свята-Пакроўскай царквы вёскі Краснае Маладзечанскага раёна. З яго прыходам духоўнае жыццё прыхаджан набыло новую вышыню. Ён надаваў вялікую ўвагу як духоўнаму акармленню людзей, правядзенню богаслужэнняў, так і падтрыманню ў належным стане царквы. Пры ім былі рэканструяваны царкоўныя купалы з крыжамі, пабудаваны хрысцільны дом, праведзена газавае ацяпленне царквы, добраўпарадкавана яе тэрыторыя.

Красненская Свята-Пакроўская царква.

Аднаўляў і будаваў храмы

Айцец Павел правёў велізарную работу па аднаўленні ў наваколлі былых і ўзвядзенні новых храмаў, якія сталі прыпіснымі да Красненскай царквы і настаяцелем якіх ён быў. А па словах святога Іаана Кранштацкага «… рука Гасподняя дакранецца да таго, хто будуе храмы, і многія грахі даруе таму Гасподзь», бо царква — гэта часцінка неба на зямлі.

У вёсцы Плябань у 1858 годзе быў пабудаваны мураваны касцёл, які пасля паўстання 1863 года быў закрыты, а будынак перададзены праваслаўным хрысціянам. У 1941-м ён быў вернуты католікам, але ў пасляваенны час храм апусцеў і выкарыстоўваўся як склад для збожжа. З 1951 года будынак быў разбураны, доўгія гады стаяў без даху. У 1996-м ён быў перададзены праваслаўным хрысціянам, а ў 2000 годзе была зарэгістравана абшчына ў гонар Успення Прасвятой Багародзіцы і прыпісана да Красненскай царквы. Вялікімі намаганнямі айца Паўла было праведзена аднаўленне храма, у якім была адрэстаўраваная прыбудова ў гонар прападобнага Сергія Раданежскага. Да вялікай радасці прыхаджан, 5 верасня 2008 года тут адбылася першая боская літургія.

У Мясаце праваслаўная царква існавала з XVI стагоддзя. Але ў час Паўночнай вайны вёска была спустошана шведамі, царква разбурана, пазней адноўлена мясцовымі жыхарамі за свой кошт. Намаганнямі айца Паўла ў 2008 годзе драўляны будынак гэтай царквы быў абкладзены цэглай, накрыты новым дахам і асвечаны ў імя святога велікамучаніка Дзмітрыя Салунскага.

Першапачаткова храма ў Гранічах не было. Але па хадайніцтве мясцовых жыхароў і пры падтрымцы айца Паўла праўленне калгаса «Бацькаўшчына» ў лістападзе 1999 года вернікам перадало фінскі домік, а ў ліпені 2000-га зарэгістравана царкоўная абшчына. Дом быў абкладзены цэглай, абсталяваны па царкоўных правілах, абнесены агароджай. Пасля завяршэння работ 29 снежня 2003 года храм быў асвечаны ў гонар святога Архістрыціга Божага Міхаіла.

Па хадайніцтве жыхароў Раёўкі і навакольных вёсак і пры падтрымцы айца Паўла кіраўніцтва мясцовага калгаса перадало вернікам склад для сена. Гэты будынак быў перабудаваны пад царкву, створана царкоўная абшчына, у 2001 годзе зарэгістраваны прыход у гонар Увядзення ў храм Прасвятой Багародзіцы і прыпісаны да Красненскай царквы. Айцец Павел духоўна акармляў гэту царкву да 2004 года, пакуль яе настаяцелем не быў прызначаны іншы свяшчэннік.

У 2008 годзе намаганнямі айца Паўла быў пабудаваны і адкрыты Дом міласэрнасці ў гонар святой роўнаапостальнай княгіні Вольгі ў Відзеўшчыне.

Сын прадоўжыў справу бацькі

Айцец Павел быў добрым, сапраўдным пастырам, меў прыемны голас, музыкальныя здольнасці і паэтычныя дараванні, пісаў чуллівыя духоўныя вершы. Яго богаслужэнні былі змястоўнымі, узнёслымі, а пропаведзі шчырымі, сардэчнымі, прыцягальнымі для людзей. Ён з павагай ставіўся да прыхаджан, клапаціўся аб духоўным стане сваёй паствы, заклікаў да веры, ісціны, дабра, справядлівасці і любові. Ён сцвярджаў: «Багаты не той, хто многа мае, а той, хто шмат раздаў і задаволены тым, што мае». Бацюшка быў вялікім малітоўнікам, пастырам высокай духоўнасці і глыбокай веры. За гэта яго цанілі, паважалі і любілі людзі.

Прыгадваецца, як пры нашых сустрэчах ён заўсёды цёпла вітаўся, благаслаўляў, гаварыў цёплыя словы і абавязкова дарыў іконку ці духоўную кніжачку…

За старанне і руплівае служэнне Госпаду і людзям айцец Павел быў узведзены ў сан протаіерэя і ўзнагароджаны нагрудным крыжам, граматай за ўвагу да працы на ніве царкоўнай, правам нашэння паліцы і крыжа з упрыгажэннямі.

Бацюшка марыў, каб яго дзеці прадоўжылі справу служэння Госпаду. І Гасподзь спадобіў яго сына Мікалая прыняць свяшчэнны сан іерэя. Цяпер ён старанна акармляе паству Красненскай Свята-Пакроўскай царквы і прыпісаных да яе храмаў.

Згодна са словамі Божымі «будзь верным да смерці і дам табе вянец жыцця», айцец Павел сапраўды быў верным Богу да смерці і атрымаў, спадзяюся, вянец вечнага жыцця.

Барыс БАРОЎСКІ.
Фота: архіў АЎТАРА, Аляксей ПЛАТКО.

 

Прочитано 319 раз
Заимствованная инф.

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.