07.12.2022 9:01

Янка Галубовіч. Добры казачнік і чалавек

У цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Максіма Багдановіча адбылася вечарына, прысвечаная памяці нашага земляка члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Янкі Галубовіча (Янкі Баравога). Сёлета споўнілася 80 гадоў з дня яго нараджэння, у снежні будзе восем гадоў як яго няма сярод нас.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел сябры пісьменніка па творчым цэху, педагогі, супрацоўнікі бібліятэкі і актыўныя чытачы, навучэнцы політэхнічнага каледжа.

Такім мы памятаем пісьменніка Янку Галубовіча. Такім мы памятаем пісьменніка Янку Галубовіча.

Галоўны здабытак -- творы для дзяцей

Да вечарыны была падрыхтавана выстаўка кніг пісьменніка, якая сведчыць аб яго плённай творчасці. Янка Галубовіч -- аўтар 16 кніг прозы для дзяцей і дарослых. Акрамя таго, яго казкі і апавяданні ўвайшлі ў дзясяткі калектыўных зборнікаў, школьныя хрэстаматыі, анталогіі, уключаны ў падручнікі па беларускай мове з першага па чацвёрты клас. Без перабольшвання можна сказаць, што па іх дзеці вучаць родную мову. І яшчэ адзін адметны факт: у кнізе «Казкі беларускіх пісьменнікаў» творы нашага земляка знаходзяцца ў ганаровым суседстве з казкамі класікаў айчыннай літаратуры Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча.

-- Галоўны здабытак Янкі Галубовіча -- дзіцячая літаратура. Далёка не кожнаму пісьменніку ўдаецца пранікнуць у дзіцячы свет, зацікавіць юных чытачоў, зразумець іх псіхалогію, заўважыць тое, што яны бачаць, адчуваюць. Івану Іванавічу гэта ўдавалася. Яго мудрыя казкі, апавяданні фарміруюць асобу маленькага чалавека, уплываюць на характар, вучаць любіць прыроду, сваю краіну, мову, -- выказаў меркаванне вядучы вечарыны пісьменнік, краязнавец, супрацоўнік бібліятэкі Міхась Казлоўскі, які часта сустракаўся з Галубовічам, разам удзельнічаў у творчых сустрэчах ў бібліятэках, школах.

-- Я перачытаў усе 14 кніг Янкі Галубовіча. Калі браў іх у бібліятэцы, радаваўся, што яны запатрабаваныя. Яго творы пастаянна друкаваліся на старонках «Маладзечанскай газеты», рэспубліканскіх перыядычных выданняў і вельмі добра ўспрымаліся чытачамі. У іх закладзена жыццёвая мудрасць, яны павучальныя, прасякнутыя любоўю да сваёй Радзімы, -- падзяліўся былы галоўны рэдактар «Маладзечанскай газеты» Аляксандр Хазянін, які ў сваёй кнізе «Светлыя прамені» змясціў вялікі артыкул «Шчыраму сэрцу і чужая болька баліць», прысвечаны нашаму слыннаму земляку.

Удзельнікі вечарыны памяці пісьменніка.

З задавальненнем слухалі прысутныя песні ў выкананні Алы Клемянок і Марыі Шэбанец, вершы Тамары Бярэзінай. Арганічна ўпісалася ў вечарыну выступленне народнага фальклорна-этнаграфічнага ансамбля «Крынічанька».

Распрацоўваецца сайт пісьменніка

У бібліятэцы распрацоўваецца сайт Янкі Галубовіча, на якім у хуткім часе можна будзе пазнаёміцца з біяграфіяй пісьменніка і яго творамі, прачытаць матэрыялы пра яго, убачыць фотаздымкі. Прэзентацыя сайта, над якім працуе інжынер-праграміст бібліятэкі Таццяна Булава сумесна з Міхасём Казлоўскім, адбылася ў час мерапрыемства.

2013 год. Святкаванне 25-годдзя літаратурна-краязнаўчага клуба «Жывіца». Іван Іванавіч Галубовіч -- крайні справа ў першым радзе.

Гледачы ўбачылі фота пісьменніка, як партрэтныя, так і калектыўныя, яго дакументы. Даведаліся, што родам ён са звычайнай сялянскай сям’і з вёскі Пранчэйкава. Яшчэ школьнікам Янка пісаў заметкі ў газету «Сцяг Ільіча» былога Радашковіцкага раёна. На той час там адказным сакратаром працаваў будучы пісьменнік, літаратуразнавец, прафесар Адам Мальдзіс, які ўзяў шэфства над юным аўтарам. Міне нямала часу -- і ў 1995 годзе Мальдзіс разам з вядомымі гісторыкамі, пісьменнікамі Міколам Ермаловічам і Генадзем Каханоўскім дасць Івану Галубовічу рэкамендацыю для ўступлення ў Саюз пісьменнікаў Беларусі.

З прэзентацыі гледачы даведаліся таксама, што пасля школы Іван закончыў Мінскі фінансава-эканамічны тэхнікум, працаваў на розных пасадах у дзяржаўных установах, большую частку жыцця -- інжынерам на прадпрыемстве «Электрамодуль». Завочна закончыў факультэт журналістыкі Белдзяржуніверсітэта. Яго першая кніга «Па родных сцяжынках» выйшла у 1991 годзе. 90-я гады былі надзвычай плённымі для пісьменніка, яго кнігі выдаваліся амаль штогод, а тое і па дзве на год, прычым вельмі саліднымі тыражамі. Да прыкладу, тыраж зборніка апавяданняў і казак «Гронка каліны» склаў 10 тысяч экзэмпляраў. У прадмове да яе пісьменнік Алесь Марціновіч напісаў: «У творах Янкі Галубовіча ўсё проста, як у самім жыцці. Але, як і ў самім жыцці, у іх не абыходзіцца і без праблем, вырашаючы якія, чалавек і становіцца чалавекам…».

«Новую кнігу ён цалаваў і клаў пад падушку»

На вечарыне прысутнічала жонка Івана Іванавіча Яўгенія Уладзіміраўна, якая заўсёды была яго першай чытачкай і дарадцам. Яна ўсё жыццё працавала настаўніцай пачатковых класаў у СШ №10 (цяпер гімназія), СШ №11.

Жонка Івана Іванавіча Яўгенія Уладзіміраўна (справа) разам з сяброўкай Таісай Цар ля выстаўкі кніг пісьменніка.

Яна ўспамінала, з якой радасцю муж сустракаў новыя кнігі, як ім радаваўся, гладзіў, цалаваў, клаў на ноч пад падушку -- быў у яго такі рытуал. Перажываў, калі кнігі доўга не друкавалі. Рукапісы дзвюх апошніх ён яшчэ сам завёз у выдавецтва, але, на жаль, выйшлі яны пасля яго смерці.

-- Вялікае вам дзякуй за памяць пра мужа! Прыйду сёння дадому -- стану перад яго партрэтам і раскажу яму, як цёпла і чулліва прайшла гэта вечарына, -- з удзячнасцю сказала Яўгенія Уладзіміраўна.

Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: АЎТАР, архіў РЭДАКЦЫІ і ЦЭНТРАЛЬНАЙ РАЁННАЙ БІБЛІЯТЭКІ імя М. БАГДАНОВІЧА.

Прочитано 397 раз
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.
Другие материалы в этой категории: « Сустрэнемся на Днях падпісчыка! Время — деньги? »