Наталля Алегаўна сябруе з нашым выданнем яшчэ з тых часоў, калі яно мела назву «Святло камунізму». Чытаць «раёнку» прывучыў яе тата.
— Ведаю, што «Маладзечанская газета» ідзе ў нагу з часам і даўно прадстаўлена ў інтэрнэце, у тым ліку ў сацыяльных сетках, але мне больш падабаецца друкаваны варыянт, як, дарэчы, і кнігі, — заўважае наша чытачка. — Для мяне гэта нібы размова з чалавекам.
Даўно наша чытачка разгадвае і заданні конкурсу «Дапішы словы па вертыкалі», але ніяк не рашалася даслаць адказы. Варыянты па тэме «фаўна» першай пачала падбіраць яе мама, якой 90 гадоў. Усё жыццё Надзея Георгіеўна выкладала біялогію і геаграфію ў Маркаўскай СШ. У педагогіку пайшла і Наталля — стала настаўніцай беларускай мовы і літаратуры, ужо доўгі час працуе ў мясцовай СШ №12.
— Пакуль мама разгадвала красворд, я правярала вучнёўскія сшыткі — кантрольны дыктант. Мабыць, не хапіла работы, бо пачала ёй дапамагаць, — з усмешкай гаворыць Наталля Алегаўна. — Але на перамогу чамусьці не спадзяваліся. Калі даведаліся пра гэта, былі вельмі рады.
На пытанне, ці будзе далей адгадваць заданні нашага конкурсу, пераможца станоўча ківае галавой і дадае:
— Толькі адказы дасылаць не буду, а то ўсе кубкі выйграем! Няхай іншым таксама прыемны падарунак ад «МГ» дастанецца.
Наталля Ігнатовіч даўно збірае цікавыя ёй матэрыялы з нашай газеты. Найперш пра гісторыю малой радзімы — аграгарадок Лебедзева, а таксама Маладзечна, дзе яна жыве ўжо шмат гадоў. Некаторыя прынесла і ў рэдакцыю.
— Гэты матэрыял прысвечаны 600-годдзю Лебедзева — у 1987-м у сваёй аўтарскай калонцы з працягам яго напісаў вядомы краязнавец Генадзь Каханоўскі, — працягвае наша чытачка, гартаючы стос папер. — А найстарэйшая газета ў маім архіве датуецца 1959 годам, калі яна яшчэ называлася «Сцяг Кастрычніка». У адным з матэрыялаў расказваецца пра літаратурны гурток. Яго ўдзельнікі на сцэне Лебедзеўскага клуба паказалі тэатралізаваную пастаноўку «Папараць-кветка». У ліку самадзейных артыстаў быў і мой тады яшчэ 20-гадовы тата Алег Яўгеньевіч, які працаваў у сферы электрасувязі. У «Сцягу Кастрычніку» размешчаны і матэрыял пра спектакль, і фота адной з яго сцэн, дзе ёсць і ён.
Сёння архіў Наталлі Ігнатовіч папоўніцца чарговым нумарам «Маладзечанскай газеты».
— А прызавы кубак аддам маме — будзе гарбату піць і гартаць у памяці прыемныя ўспаміны, — зноў усміхаецца субяседніца. — Ды смакаваць выпечку па рэцэптах, размешчаных у «МГ»: ужо не першы раз гатую — атрымліваецца смачна!
З любоўю Наталля Алегаўна расказвае пра родны край, з павагай ставіцца да мінуўшчыны, захавання лепшых традыцый і роднай мовы.
— З маленства я чула беларускую мову — на ёй гаварылі мае бацькі, — заўважае яна. — Таму і ў выбары прафесіі ніколькі не вагалася, хацела навучыць роднай мове і прывіць культуру чытання на ёй іншым. І сёння памятаю ўрокі сваёй настаўніцы Галіны Аляксееўны Ганіч, якая асабліва цікава падавала біяграфіі паэтаў і пісьменнікаў. Выдатна выкладаў у маёй роднай Лебедзеўскай школе і намеснік дырэктара Генадзій Антонавіч Бубен. Ён настолькі прыгожа гаварыў па-беларуску, што фізіку ператвараў у паэтычную навуку. Вельмі ўдзячная і свайму класнаму кіраўніку настаўніку гісторыі, краязнаўцу Антону Антонавічу Апанасевічу (ён працуе ў школе і сёння) за кнігу «Лебедзеўская сага», прысвечаную маім землякам. У сваёй дамашняй бібліятэцы асабліва даражу факсімільным выданнем зборніка «Жалейка» Янкі Купалы. У дзяцінстве мне прывезла яго мама, якая пабывала ў Вязынцы на мерапрыемстве, прысвечаным 100-годдзю Песняра. З гэтай кнігі і пачалася мая любоў да роднай мовы, літаратуры.
Тэкст і фота: Ірына РАБУШКА.