17.11.2022 12:19

Прабабка — звеннявая, бабуля — брыгадзір, маці — загадчыца склада, сын — галоўны ветурач

Кожнае з чатырох пакаленняў сям’і Ценцявіцкіх-Бурачонкаў-Шамровічаў са Слабодкі паднімалася на новую прыступку прафесійнага росту ў СУП «Хажоваагра-2009» (у савецкі час калгас імя Дзяржынскага).

Прабабка — звеннявая, бабуля — брыгадзір, маці — загадчыца склада, сын — галоўны ветурач "Маладзечанская газета"

З маленства палола буракі, капала бульбу

— З чаго пачынаецца ваш рабочы дзень? — пытаюся ў прадстаўніцы трэцяга пакалення дынастыі Кацярыны Шамровіч, якая працуе загадчыцай склада сельгаспрадпрыемства.

— Найперш звязваюся з дыспетчарскай, прымаю заяўкі з усіх пяці ферм на канцэнтраваныя кармы. Разам з калегамі ўзважваем, адгружаем — гэты працэс у нас наладжаны да аўтаматызму, — расказвае Кацярына Сяргееўна аб штодзённых справах.

А іх нямала. Трэба не проста забяспечыць належнае захаванне сухіх кармоў, збожжа, мінеральных угнаенняў, але і свое-часова іх адгрузіць, правільна аформіць дакументацыю, вырашыць многія іншыя пытанні. Ужо цяпер тут ачышчаюць збожжа для вясенняй сяўбы, яго неабходна нарыхтаваць 260 тон.
Загадчыца з павагай гаворыць аб сваіх калегах Жанне Сапяжынскай, Яўгенію Шаўчэнку, Яне Сідарэвіч, Зоі Бурачонак, Жанне Бандаронак. Калектыў невялікі, усе работнікі адказна ставяцца да сваіх абавязкаў, не падводзяць, стараюцца.

Кацярына Сяргееўна восем гадоў загадвае складам. Пасля школы яна не пабаялася пайсці цялятніцай на ферму ў роднай Слабодцы, за ёй замацавалі больш за 30 цялят. Успамінае, што прымаў яе на работу старшыня калгаса Аляксандр Пагуда.

— А што было самым цяжкім у той перыяд работы? — цікаўлюся ў маёй субяседніцы.

— Хіба што ўстаць рана пасля танцаў у клубе, — усміхаецца яна. — Я ж у вёсцы вырасла, да сельскай працы з маленства прывучаная. Бацькі мае ўсё жыццё ў калгасе працавалі. Тата Сяргей Іванавіч Бурачонак быў вадзіцелем, малако вазіў. Мама Глафіра Аляксандраўна была брыгадзірам паляводчай брыгады №3 у нашай Слабодцы, пазней — фуражырам, адказвала за кармы. На вялікі жаль, два гады як іх няма ў жывых. Бацькі заўсёды трымалі гаспадарку, мы з братам Сяргеем ім дапамагалі. Палолі дзялкі буракоў, а яны былі па 40 сотак. І ў школе старша-класнікамі дапамагалі калгасу ўбіраць бульбу, яблыкі.

Пасля дэкрэтнага водпуску па доглядзе сыноў Сашы і Паўліка Кацярына Сяргееўна пайшла працаваць брыгадзірам паляводчай брыгады №2, якая аб’ядноўвала 15 жыхароў Слабодкі, Мыслевічаў. Старшынёй калгаса тады быў Яўгеній Палонскі, начальнікам участка — Яўгеній Ляшок. А ў 2014 годзе тагачасны старшыня сельгаспрадпрыемства Брані-слаў Якавіцкі перавёў яе ў загадчыцы склада.

Адметна, што не толькі бацькі, але і бабулі Кацярыны працавалі ў гэтым жа калгасе. Маміна маці Ніна Іванаўна Ценцявіцкая была звеннявой, бацькава Галіна Фамінічна Бурачонак — жывёлаводам на ферме ў Слабодцы.

Сын аднаўляе дзедаву сядзібу

У жніўні мінулага года пасля заканчэння Віцебскай ветэрынарнай акадэміі ў родную гаспадарку вярнуўся старэйшы сын Кацярыны Сяргееўны Аляксандр Бурачонак. Вучыўся па накіраванні СУП «Хажоваагра-2009» і ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Маладзечанскага райвыканкама, таму з размеркаваннем не было праблем, з ім заключылі кантракт на пяць гадоў.

Старшыня прафкама СУП «Хажоваагра-2009» Галіна Жохавец расказала, што згодна з калектыўным дагаворам Аляксандр як малады спецыяліст атрымаў аднаразовую дапамогу ў 10 базавых велічынь, а таксама дапамогу ў суме месячнай стыпендыі ў акадэміі. У першыя два гады работы сельгаспрадпрыемства яму даплачвае 0,46 базавай стаўкі, у тры наступныя гэта лічба складзе 0,69. І гэта нядрэнны стымул для тых, хто пачынае сваю прафесійную кар’еру.

Аляксандр зарэкамендаваў сябе адказным спецыялістам, з мая гэтага года ён прызначаны галоўным ветурачом сельгаспрадпрыемства. Ветслужба тут салідная: тры ветурачы — Барыс Ігнатовіч, Алена Зянько, Наталля Палякоўская і два ветфельчары — Віктар Падабед, Таццяна Вайткевіч. Пад іх пільным наглядам чатыры малочнатаварныя фермы і адна ферма па адкорме жывёлы. Усяго ў іх налічваецца каля трох тысяч галоў. Аб’ёмы работы вялікія, адказнасць — таксама. Гаспадарка заўсёды вызначалася добрымі паказчыкамі ў жывёлагадоўлі. У гэтым немалая заслуга ветэрынарнай службы, якая працуе ў цесным кантакце з загадчыкамі ферм, сочыць за прывагамі, якасцю малака, захаваннем санітарных норм па ўтрыманні жывёл, іх рацыёнам.

Дарэчы, свае веды і навыкі Аляксандр прымяняе і ва ўласнай гаспадарцы, гадуе бычка, свіней. Матуля расказвае і аб тым, што старэйшы сын узяўся за аднаўленне дома яе бацькоў. Можна спадзявацца, што з цягам часу ён створыць сям’ю і застанецца ў роднай Слабодцы, як некалі засталася Кацярына Сяргееўна:

— І зусім пра гэта не шкадую! Люблю вёску, люблю працу на зямлі. У мяне вельмі гаспадарлівы муж Ігар Алегавіч, які працуе слесарам на «Маладзечнаводаканале». Ён таксама мясцовы, з Хажова. Малодшы сын Павел заканчвае Брэсцкі ўніверсітэт, у наступным годзе будзе дыпламаваным інжынерам. У нас вялікі ўчастак, садзім бульбу, агародніну, ёсць свая тэхні-ка для іх апрацоўкі. А сыны нашы першыя памочнікі, наша пад-трымка і надзея…

Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.

Фота: Віталій КРУПЯНЬКОЎ, архіў Кацярыны ШАМРОВІЧ.

Прочитано 481 раз Последнее изменение 17.11.2022 12:19
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.