17.11.2022 11:03

Кармы — супер! Малако — экстра!

Корманарыхтоўка ў ААТ «Селеўцы» заўсёды была ў прыярытэце. І гэта не дзіўна, бо фарміраванне паўнавартаснага меню для кароў – неад’емны складальнік паспяховай жывёлагадоўлі.

Кармы — супер! Малако — экстра! "Маладзечанская газета"

— У нарыхтоўцы кармоў гаспадарка мае стабільна высокія паказчыкі, — адзначыў кіраўнік таварыства Уладзімір Карась. — Гэтаму садзейнічаюць перадавы вопыт, падрыхтаваныя кадры, тэхнічныя магчымасці, навуковы падыход. Традыцыя захавалася і пасля ўзбуйнення «Селеўцаў» (да гаспадаркі далучылася ААТ «Хоўхлава»).

Уладзімір Уладзіміравіч адзначыў, што ўзбуйненне сельскагаспадарчых арганізацый непазбежна. У сувязі са скарачэннем колькасці работнікаў узрастае роля энерганасычанай тэхнікі. Прычым выкарыстоўваецца яна ў буйных гаспадарках больш рацыянальна. У выніку вытворчасць сельскагаспадарчай прадукцыі павялічваецца.

Гэта бачна на прыкладзе «Селеўцаў». Патэнцыял гаспадаркі значна вырас. Працаваць стала больш камфортна. Спецыялісты (тыя ж механізатары) не мяняюць часта адну работу на іншую, маюць магчымасць засяродзіцца на адным відзе дзейнасці. У выніку эканомяцца час і рэсурсы.

Субяседнік падкрэсліў, што на 1 лістапада ў гаспадарцы нарыхтавана каля 8350 тон кармавых адзінак (111 працэнтаў да запланаванага). Колькасць дойнага статка ў «Селеўцах» складае 1374 галавы.

У структуры кармоў значная доля адведзена пад сянаж. Яго закладзена больш за 14700 тон (прырост да мінулага года 112 працэнтаў). У палімерную плёнку закладзена 1138 тон «зялёных кансерваў». Траншэі запаўняліся ў нарматыўны час. Прымяняліся сучасныя эфектыўныя кансерванты.

Сіласу для селеўскіх кароў нарыхтавана больш за 13500 тон. Рост у параўнанні з мінулым годам 107 працэнтаў. Павелічэнню паказчыкаў садзейнічала добрая ўраджайнасць кукурузы. Сёлета яна склала 268 цэнтнераў зялёнай масы з гектара.

Парадавала і люцэрна. Усяго пад гэту культуру было адведзена 300 гектараў. Усе тры ўкосы праведзены ў нарматыўныя тэрміны і без страт.

Найбольш у параўнанні з мінулым годам работнікі гаспадаркі нарыхтавалі сена (149 працэнтаў). Прыбаўка склала 268 тон. Такім чынам, жывёлы ў «Селеўцах» гарантавана забяспечаны кармамі на зімова-стойлавы перыяд.

Для павышэння якасці рацыёну буйной рагатай жывёлы ў кармы дадаюцца бурачны прэс, іншыя кампаненты. Камбікорм у большасці ўласнай вытворчасці. Апора на сваю кармавую базу сябе апраўдвае. Дзякуючы гэтаму павялічваецца рэнтабельнасць вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі.

— Якасныя кармы ў неабходнай колькасці, а таксама перадавыя тэхналогіі і арганізацыя працы спрыяюць павелічэнню вытворчасці малака, — зазначыў Уладзімір Карась. — Па гэтым паказчыку прыбаўка да мінулага года склала 116 працэнтаў. Прычым усё малако пастаўляецца на перапрацоўку гатункам «экстра».

Уладзімір Уладзіміравіч акцэнтаваў увагу, што без самаадданай працы работнікаў гаспадаркі немагчыма было б нарыхтаваць столькі кармоў.

Адзначыліся ў корманарыхтоўцы Сяргей Бабёр, Уладзімір Магала, Аляксандр Вольскі, Павел Александровіч, Генадзій Новік, Аляксей Шэўчык, Павел Цімошка, Леанід Козел, іншыя работнікі. Усе ўдзельнікі кампаніі працавалі зладжана. У выніку корманарыхтоўчы канвеер дзейнічаў без збояў.

Увогуле, на ўзоры «Селеўцаў» можна ўбачыць, як на практыцы працуе правіла трох «К» — кадры, кармы, каровы (асноўнае правіла жывёлагадоўлі). Калі ўсім складальнікам формулы надаецца вялікая ўвага — вынік будзе годным.

Падзяліўся субяседнік яшчэ адной прыемнай навіной. Нядаўна на МТФ «Селеўцы» быў прыняты ў эксплуатацыю прафілакторый для цялят, разлічаны на 120 жывёл. Будаўніцтва вялося гаспадарчым спосабам. На аб’екце выкарыстоўваецца такая навінка як «малочнае таксі». Гэта абсталяванне стэрылізуе прызначанае для бычкоў і цялушак малако і адпускае яго патрэбнымі порцыямі. У планах гаспадаркі і будаўніцтва новай фермы.

Алег БЯГАНСКІ.

Фота: Аляксей ПЛАТКО.

Прочитано 209 раз
Алег Бяганскі

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.