10.11.2022 10:22

Пра надвор’е і не толькі…

Тэме надвор’я прысвячаўся чарговы тур конкурсу «Дапішы словы па вертыкалі». З ім хутчэй за іншых справілася Людміла Керэль, якая стала госцей нашай рэдакцыі.

Кружка з лагатыпам «МГ» у падарунак ад рэдакцыі пераможцы конкурсу Людміле Керэль. Кружка з лагатыпам «МГ» у падарунак ад рэдакцыі пераможцы конкурсу Людміле Керэль.

Людміла Аляксееўна працуе вартаўніком падраздзялення вартаўнічай аховы. «Маладзечанскую газету» лічыць дамашняй, сямейнай. У свой час яе бацька Аляксей Кірылавіч выпісваў «Святло камунізму». Назва ў выдання змянілася, а традыцыя расказваць пра навіны, падзеі, славутых землякоў, быць на сувязі з чытачамі працягваецца.

Людміла Керэль часцей купляе газету ў магазіне «Прэса», што непадалёк ад яе дома. Аддае перавагу суботнім нумарам. З цікавасцю чытае іх ад першай старонкі да апошняй. Маладзечанка была ў ліку выпускнікоў сярэдняй школы №10, цяпер дзясятай гімназіі. Прыемна ёй было ўбачыць на першай паласе аднаго з нумароў «МГ» фота Яўгенія Катоўскага, які выкладаў у іх класе фізкультуру. Зацікавілі жанчыну публікацыі пра былога дырэктара гэтай навучальнай установы Барыса Вайцяхоўскага, ды і сустрэцца з вопытным педагогам заўсёды прыемна.

Людміла Аляксееўна расказала, што сярод пераможцаў конкурсу «Дапішы словы па вертыкалі» былі яе добрыя знаёмыя. Напрыклад, з Вольгай Пашкоўскай у свой час яны працавалі ў вузле паштовай сувязі.

У мінулую суботу, калі набыла чарговы нумар «раёнкі», мая субяседніца сама паспрабавала адгадаць словы крыжаванкі. Паступова запаўняла графы словамі: мяцеліца, завіруха… Даволі складана было падабраць адпаведнае слова на літару «е» і тры словы, што пачынаюцца на літару «а». Але ўсё атрымалася. Як аказалася, важныя ў гэтай справе не толькі веды, але і кругагляд, фантазія.

Наша чытачка прызнаецца, што значных выйгрышаў у яе жыцці не было. Аднойчы выйграла… вудачку. Цікава, што яе муж Леанід Іосіфавіч, з якім нядаўна адзначылі 35-годдзе сумеснага жыцця, захапляецца рыбалкай.

Свой вольны час жанчына любіць бавіць за рукадзеллем. Стварае прыгожыя рэчы пруткамі і кручком. Рознакаляровы плед, дыванкі надаюць інтэр’-еру прыгажосць і ўтульнасць. Гэта ацанілі не толькі дочкі Анастасія і Кацярына, унук Вадзім і унучка Сафія, але і… ёркшырскі тэр’ер Бублік.

Наша чытачка карыстаецца парадамі для садаводаў-агароднікаў, што друкуюцца ў рубрыцы «Сотка ўдачы». Яны дапамагаюць у рабоце на дачы, што знаходзіцца прыкладна за пяць кіламетраў ад горада. Участак вялікі. Добра растуць бульба, цыбуля, часнок, фасоля, буракі, морква, зеляніна. Парадавалі сёлета і агуркі. Людміла Аляксееўна нарыхтавала на зіму больш за 40 літровых слоікаў карнішонаў.

Людміла ЦАР.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.

Прочитано 201 раз
Людміла Цар

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.