— Пастаянна пад’язджаю гэтымі аўтобусамі да Краснага: са станцыі Уша на электрычцы дабіраюся ў Мінск на работу. І заўсёды за рулём Станіслаў Пятровіч, ён пяць гадоў ужо абслугоўвае гэты напрамак. Гэта не толькі прафесіянал, выдатны вадзіцель, але і вельмі добразычлівы, уважлівы да людзей чалавек. Заўсёды з усмешкай, з кожным павітаецца, кожнаму падніме настрой. І мы гэта вельмі цэнім.
У салоне аўтобуса заўсёды чыста, акуратна, проста ідэальна, бо ён сам сочыць за парадкам. Былі выпадкі, калі нешта ламалася і Станіслаў Пятровіч хуценька рамантаваў, перажываў, каб пасажыры не спазніліся на работу ці электрычку. Калі здараліся непрадбачаныя затрымкі, ён паведамляў дыспетчару аўтапарка і прасіў сказаць пасажырам, калі яны патэлефануюць, што аўтобус прыйдзе.
Наша Раёўка — аддаленая вёска, да Краснага ад яе каля 10 кіламетраў. І вадзіцель разумее, што акрамя рэйсавага аўтобуса нам няма на чым дабрацца.
Мы вельмі ўдзячныя Станіславу Пятровічу за яго адказнасць, чалавечнасць. Спадзяёмся, што ён яшчэ доўга будзе працаваць на нашым напрамку. За гэтыя гады ён стаў для нас блізкім чалавекам. Жадаем яму поспехаў у працы, здароўя, добрай зарплаты, спакойных рэйсаў і добразычлівых пасажыраў.
Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: Марына ГРЫГАРЭНКА.