31.10.2022 11:21

Марынады, чаравікі, канікулы, скразняк — усё пра восень

Маладзечанка Алена Клачко — пераможца чарговага тура нашага конкурсу «Дапішы словы па вертыкалі», які прысвячаўся тэме «восень».

Чарговы фірменны кубак — пераможцы конкурсу Алене Клачко. Чарговы фірменны кубак — пераможцы конкурсу Алене Клачко.

— Я цяпер у водпуску. Купіла суботні нумар — і адразу села за заданне, захапілася, — расказвае Алена Аркадзьеўна. — Спатрэбілася менш за гадзіну, каб прыдумаць 13 слоў, што асацыіруюцца з восенню. Нават сама здзівілася, што хутка атрымалася.

— Адчуваецца, вы добра валодаеце беларускай мовай. Слова «скразняк» не кожны адразу ўспомніць…

— Яна для мяне родная. Родам я з вёскі, з Віцебскай вобласці, мы і ў сям’і па-беларуску размаўлялі, і ў школе было беларускамоўнае навучанне.

Па прафесіі Алена Аркадзьеўна слесар-зборшчык, пачынала на радыёзаводзе «Спадарожнік», цяпер працуе на прадпрыемстве «ЭНЭФ».

У вольны час любіць чытаць, наведвае бібліятэку. Найбольш ёй падабаецца класіка, а любімыя пісьменнікі — Антон Чэхаў, Фёдар Дастаеўскі, Эрых Марыя Рэмарк. Захапляецца таксама тэатрам: паглядзела шмат балетных спектакляў у Вялікім тэатры Беларусі, цяпер часцей бывае ў Рускім драмтэатры імя Максіма Горкага.

— Мне вельмі падабаецца актрыса тэатра і кіно Вераніка Пляшкевіч, якая выдатна сыграла ў кінафільме «На перепутье». Стараюся на спектаклі з яе ўдзелам трапіць, — расказвае мая субяседніца.

— А што вы найперш чытаеце ў нашай газеце?

— Заўсёды пачынаю з першай старонкі, з самай актуальнай тэмы нумара. Віншаванкі абавязкова праглядаю, рэцэпты. Праграмай тэлебачання карыстаюся, — дзеліцца наша чытачка і жадае калектыву рэдакцыі поспехаў і ўдачы.

А мы дзякуем Алене Аркадзьеўне за ўвагу да нашай газеты, за ўдзел у конкурсе. Прыемна было пазнаёміцца з інтэлігентным, духоўным чалавекам, з якім цікава паразмаўляць і ў якога ёсць чаму павучыцца.

Тэкст і фота: Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.

 

Прочитано 341 раз
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.