26.10.2022 14:50

Наш тата самы лепшы ў свеце!

Гэтыя словы неаднойчы гучалі ў Лебедзеўскім сельскім выканаўчым камітэце ў час урачыстага мерапрыемства, прысвечанага Дню бацькі.

Наш тата самы лепшы ў свеце! "Маладзечанская газета"

У цэнтры ўсеагульнай увагі былі дзевяць мужчын. Яны жывуць у розных населеных пунктах сельсавета, у іх розны ўзрост, розныя прафесіі. Але іх аб’ядноўвае тое, што ўсе яны цудоўныя сем’яніны: клапатлівыя таты і дзяды для дзяцей і ўнукаў, любячыя мужы для сваіх жонак. І ў працы з’яўляюцца прыкладам для іншых.

Кожнага мужчыну павіншавала, падзякавала за выхаванне дзяцей, добрасумленную працу, уручыла падарункі старшыня Лебедзеўскага сельвыканкама Тамара Дудзіч, якая вяла свята. Яе творчыя калегі падрыхтавалі відэапрэзентацыю, што стала сапраўдным сюрпрызам для віноўнікаў урачыстасці. Гледачы ўбачылі іх у дамашняй абстаноўцы, у час падарожжаў, разам з дзецьмі, унукамі. Усе разам нібыта перагарнулі старонкі сямейных альбомаў, акунуліся ў атмасферу любові і дабрыні.

Прыемна, што многія мужчыны прыйшлі ў сельвыканкам з дзецьмі, жонкамі -- сваёй надзейнай групай падтрымкі.

-- Мой муж нібы другая мама для нашых чатырох сыночкаў і дачушкі. У маю адсутнасць ён і ў кватэры прыбярэцца, і прыгатуе выдатны сняданак, абед ці вячэру. Ён умее ўсё! Калі дзеці захварэюць, ведае, чым і як іх лячыць. Ён вельмі добры, надзейны, адказны тата! -- з любоўю і ўдзячнасцю гаворыць Ірына, жонка Яўгенія Макарэвіча, які працуе начальнікам Маладзечанскага раёна электразабеспячэння Мінскай дыстанцыі электразабеспячэння, жыве у Заскавічах.

Слесарам па рамонце абсталявання ААТ «Заскавічы» працуе Сяргей Бабей. Сярод прысутных ён самы багаты тата -- у іх з жонкай Верай сямёра дзяцей, адзінаццаць унукаў. Віктар Кохан -- механізатар аграфірмы «Лебедзева». Ён перадавік, прывіў любоў да зямлі сваім сынам, якія таксама працуюць у аграфірме. Дзве дачкі, дзве ўнучкі ў дырэктара ТАА «Фэнстар-ЛАКС» Аляксандра Сарокі, які клапоціцца не толькі пра сваю сям’ю, але і пра тое, каб тэрыторыя прадпрыемства выглядала годна, перажывае за сваю малую радзіму. Добрасумленнасцю і адказнасцю вызначаецца аператар Малінаўшчызненскага спіртагарэлачнага завода -- «Аквадыў», цудоўны тата дваіх дзяцей Сяргей Дудкін. У педагога Лебедзеўскай дзіцячай школы мастацтваў Андрэя Дзевялтоўскага таксама двое дзяцей. Але і сваімі выхаванцам ён аддае шмат сіл і душэўнай цеплыні. Ён адзіны мужчына ў жаночым калектыве школы мастацтваў і, як сказала яе дырэктар Святлана Кулеш, вельмі надзейны, тактоўны, безадмоўны. Андрэй Пятровіч у якасці акампаніятара часта дапамагае сельвыканкаму ў правядзенні мерапрыемстваў. І на свяце ён выканаў цудоўную беларускую песню. Спявала і яго калега Людміла Жук, а Юлія Ключнік сыграла прыгожую мелодыю на скрыпцы. Парадавалі сваімі выступленнямі вучні, педагогі Лебедзеўскай СШ. Начальнік Маркаўскага пажарна-аварыйнага выратавальнага паста Руслан Астроўскі праінфармаваў аб правядзенні прафілактычных акцый на тэрыторыі сельсавета і выказаў пажаданне, каб такіх цудоўных бацькоў, якія сабраліся на свята, было як мага больш.
Як вы выхоўваеце і чаму вучыце сваіх дзяцей?

Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: Віталій КРУПЯНЬКОЎ.

Працяг у субботнім нумары.

Прочитано 360 раз Последнее изменение 26.10.2022 14:50
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.