18.10.2022 12:35

У Турэц-Баярах Марыю Іванаўну ведаюць усе

Больш за трыццаць гадоў Марыя Чудакова працуе паштальёнам Турэц-Баярскага аддзялення паштовай сувязі.

Начальнік Турэц-Баярскага аддзялення паштовай сувязі Галіна Шэлепень і паштальён Марыя Чудакова. Начальнік Турэц-Баярскага аддзялення паштовай сувязі Галіна Шэлепень і паштальён Марыя Чудакова.

— Залатая работніца! Адказная, ніколі не падвядзе. І вельмі чалавечная, кожнаму гатова дапамагчы, даць параду, — так гаворыць аб сваёй падначаленай начальнік гэтага аддзялення сувязі Галіна Шэлепень.

Марыя Іванаўна адна абслугоўвае прыватны сектар, шматкватэрныя дамы ў Турэц-Баярах, а таксама станцыю Пруды. Родам яна з вёскі Забрэззе, што на Валожыншчыне, але за тры дзясяткі гадоў вывучыла ўсіх мясцовых жыхароў, пабывала практычна ў кожным доме, кожнай кватэры. Цяпер з
усмешкай успамінае, як у пачатку работы блытала адрасатаў з аднолькавымі прозвішчамі Сарока, Козел і іншымі, якія ў гэтай мясцовасці сустракаюцца часта. Цяпер не тое што прозвішча, нават імя па бацьку кожнага памятае. А як інакш, калі з году ў год выпісвае землякам газеты і часопісы, прыносіць пенсію. Іншы раз дастаўляе і тавары, якія прапануюцца ў аддзяленні сувязі. Расказвае, што пісем цяпер стала значна менш, чым у пачатку яе работы, а тэлеграмы наогул вялікая рэдкасць у эпоху мабільных тэлефонаў.

На рабоце забяспечылі веласіпедам, у цёплы перыяд ён добрая падмога для паштальёна. Дарэчы, Марыя Іванаўна ўжо сем гадоў працуе на пенсіі, як і раней, выдатна спраўляецца з немалымі аб’ёмамі работы. У пастаянным руху, сярод людзей, у кругавароце падзей — няма калі сумаваць, прыслухоўвацца да самаадчування. Летам паспявае пасля работы дагледзець немалы агарод, разам з мужам Мікалаем Уладзіміравічам назапашваюць бульбу, агародніну на зіму. Дачка Святлана, сын Віталій, унукі Аліна і Уладзіслаў — яе памочнікі і дарадцы.

Нам прыемна было пачуць, што на першым месцы па падпісцы ў турэц-баярцаў «Маладзечанская газета». А сярод пастаянных нашых чытачоў Марыя Іванаўна называе Алега Шымана, Любоў Загдай, Раісу Сарокіну, Алену Вішнеўскую, Міраславу Асіповіч, Людмілу Пагуда, Таццяну Сарока.

— Я і сама люблю «раёнку» чытаць! — гаворыць паштальён. — Заўсёды шукаю на старонках фота, прозвішчы сваіх знаёмых. Ды і пра жыццё нашага раёна цікава даведацца, каб быць у курсе, дзе што адбываецца. Мне, напрыклад, цікава пра Аляхновічы чытаць. Там жыве мая дачка Святлана, працуе медсястрой на ФАПе. Неяк у газету давала аб’яву, шмат званкоў было — ваша рэклама эфектыўная.

Зусім нядаўна — 9 кастрычніка — землякі віншавалі Марыю Чудакову з Сусветным днём пошты. Галоўнае іх пажаданне — быць такой жа энергічнай і пазітыўнай і прыносіць у дамы толькі добрыя весткі.

ІНФАРМАЦЫЯ Ў ТЭМУ

Узнагароды да свята

Як паведаміла нашаму выданню начальнік Маладзечанскага РВПС Мінскага філіяла РУП «Белпошта» Людміла Шаўрэй, з нагоды Сусветнага дня пошты Ганаровай граматай Мінскага філіяла РУП «Белпошта» ўзнагароджаны нашы землякі: інструктар-інспектар па эксплуатацыйных і арганізацыйных пытаннях
вытворчага штата Маладзечанскага РВПС Таццяна Булаўская, начальнік аддзялення паштовай сувязі Заскавічы Ірына Капуста, вадзіцель аўтамабіля транспартнага ўчастка Юрый Лужынскі.

Акрамя таго, шасці работнікам прысвоена званне «Ветэран працы». Гэта паштальёны аддзялення паштовай сувязі Маладзечна 4 Алена Свірыда, Алена Фамічова, Маладзечна 7 Наталля Каўчур, АПС Цюрлі Святлана Прудніковіч, спецыяліст па паштовай дзейнасці Маладзечна 6 Наталля Цупа, вартаўнік транспартнага ўчастка Ігар Карповіч.

Сярод 197 работнікаў Маладзечанскага РВПС цяпер налічваецца 38 ветэранаў працы.

Усяго ў нашым раёне працуе 69 паштальёнаў: 26 з іх — у сельскай мясцовасці, 36 — у горадзе, 7 — на мотадастаўцы.


Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.

Прочитано 166 раз
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.