10.10.2022 11:12

Дуэт на сцэне і на рабоце

«Наравіца» — такую незвычайную назву прыдумалі для свайго дуэта дырэктар Беразінскага сельскага Дома культуры Наталля Троцкая і мастацкі кіраўнік Таццяна Іванчык. Кіраўнікі калектываў, спявачкі, сцэнарысткі, вядучыя, харэографы, мадэльеры сцэнічных касцюмаў, аніматары — далёка не поўны пералік іпастасяў гэтых бясконца адданых сваёй прафесіі жанчын.

Сваё прафесійнае свята Наталля Троцкая і Таццяна Іванчык сустракаюць з добрым настроем. Сваё прафесійнае свята Наталля Троцкая і Таццяна Іванчык сустракаюць з добрым настроем.

Іх працоўнаму і творчаму тандэму шмат гадоў. А яго плён — самабытныя і вядомыя калектывы, перамогі ў шматлікіх конкурсах, выступленні на прэстыжных пляцоўках раёна, вобласці. Як удаецца трымацца на плыву і пастаянна здзіўляць публіку нечым новым, выхоўваць юных талентаў і пры гэтым не забываць пра сваіх дзяцей, выглядаць так, што ў любы момант можна выходзіць на сцэну — пра гэта наша размова з Наталляй Васільеўнай і Таццянай Зянонаўнай напярэдадні іх прафесійнага свята.

Наталля: «З бабуляй спявалі на адной сцэне»

Рэдка якое раённае свята, фестываль, конкурс абыходзяцца без удзельнікаў мастацкай самадзейнасці Беразінскага СДК. Зусім нядаўна яны прывезлі званні лаўрэатаў з міжнароднага конкурсу-фестывалю «BalkOn», што праводзіўся ў Цэнтралізаванай клубнай сістэме раёна. Да гэтага былі перамогі на міжнародным фестывалі мастацтваў «Вёскаfest», выдатныя выступленні на пляцоўцы ля Кургана Славы, на Нацыянальным фестывалі беларускай песні і паэзіі, раённых «Дажынках» і іншыя. Цёплыя ўспаміны засталіся ў беразінцаў пра Купалле, нядаўні Дзень настаўніка.

Удзельніцы «Беразіначкі» на «Дажынках» у Маркаве выступалі на адной сцэне з «Песнярамі».

— Гэты год адметны для нас і тым, што вакальны ансамбль «Беразіначка» ў чарговы раз пацвердзіў званне народнага. Гэта наш экзамен на прафесійнасць, і вельмі радуе, што мы вытрымалі яго годна, — гаворыць Наталля Васільеўна, мастацкі кіраўнік гэтага калектыву, які вызначаецца філігранным выкананнем, шматгалоссем, добрым рэпертуарам, прыгожымі касцюмамі.

Менавіта з «Беразіначкі» пачалася яе кар’ера ў мясцовым Доме культуры, дзе яна працуе дзесяць гадоў, два апошнія — дырэктарам. Вырасла яна ў Беразінскім, адкуль родам і яе муж Максім. Закончыла музычную школу па класе фартэпіяна. Яе настаўнікамі былі Ларыса Хоміч, Соф’я Расанава.

Удзячна і сваім выкладчыкам Веры Каханоўскай, Марыне Карчміт з Маладзечанскага музычнага каледжа, Cвятлане Бубен з педуніверсітэта імя М. Танка, з якімі падтрымлівае сувязі і сёння.

— Ад каго вам перадаўся такі прыгожы голас?

— У хоры спявала мая бабуля Соф’я Кулёнак, мы з ёю нават на адной сцэне выступалі. Тата Васілій Сліж з арміі прыйшоў з акардэонам, стаў з ім першым хлопцам у сваёй вёсцы Салтаны. Дарэчы, мой старэйшы сын Уладзіслаў займаецца ў музычнай школе па класе баяна, а малодшы Раман марыць асвоіць гітару…

Першыя прафесійныя крокі Наталля рабіла ў Радашковіцкай школе мастацтваў, стварыла там дзіцячы хор. Набыты вопыт спатрэбіўся і ў рабоце з дарослым калектывам. Цяпер у «Беразіначцы» акрамя Наталлі Троцкай спяваюць Таццяна Іванчык, Таццяна Макрыцкая, Кацярына Карповіч, Вольга Фалей, якая разам з Генадзіем Сыраквашам з’яўляецца і акампаніятарам. У рэпертуары калектыву як народныя песні, так і сучасных кампазітараў.

Практычна ўсе нумары суправаджаюцца харэаграфічнымі замалёўкамі.

Таццяна: «Карона Жытніцы цяжкая, але за пяць гадоў я прывыкла»

Для Таццяны Іванчык Беразінскі Дом культуры — адзінае месца работы. Родам яна з Яхімоўшчыны, як і Наталля, выступала на сцэне з дзяцінства, а ў дзясятым класе цвёрда ведала, што будзе працаваць толькі ў сферы культуры. Прыкладам для яе была Іна Пякарская, якая выкладала ўрокі спеваў у Палачанскай СШ, цяпер працуе ў СШ №14.

Пасля заканчэння Гродзенскага каледжа мастацтваў Таццяна размеркавалася ў Беразінскае, адкуль родам яе муж Алег.

— 21 год таму ў чэрвені я закончыла каледж, у ліпені выйшла замуж, а ў жніўні прыступіла да работы, — успамінае лёсавызначальнае лета мая субяседніца.

Таццяна Зянонаўна кіруе танцавальнымі калектывамі «Непаседы» і «Вясёлка», а таксама вакальнымі «Вечарына» і «Любавушка». І ў кожнага з іх свая адметнасць, свой рэпертуар.

Выступленні дуэта «Наравіца» заўсёды радуюць публіку.

Акрамя таго, у Доме культуры паспяхова дзейнічае студыя выяўленчага мастацтва, якой кіруе Галіна Бяганская, разам з мастаком Сяргеем Бажко прыахвочвае да мастацтва юных беразінцаў.

З задавальненнем займаюцца юныя і дарослыя мясцовыя жыхары ў аматарскіх аб’яднаннях «Дамісолька» і «Авацыя», у клубе вядучых «Канферанс». Сын Таццяны Зянонаўны Яўгеній, цяпер трэцякурснік Полацкага ўніверсітэта, быў пастаянным вядучым многіх мерапрыемстваў, дачка Насця займаецца танцамі, вакалам.

Сярод юных вядучых Мікіта Самойлаў, Марыя Аноп, Ганна Бярнацкая, Мікіта Шаўлюк.

Радуюць сваімі сольнымі нумарамі Варвара Стольская, Арына Гавароўская, многія іншыя хлопчыкі і дзяўчынкі, якім тут дапамагаюць раскрыць свае таленты.

Нельга не сказаць і аб тым, што на раённых мерапрыемствах Таццяне Зянонаўне даводзілася неаднаразова ўручаць караваі ганаровым гасцям. На абласным свяце да Дня Маці ёй даверылі ролю Божай Маці, якая нібыта сышла з герба нашага горада. А на раённых «Дажынках» пяць гадоў запар яна выконвае ролю Жытніцы. Трэба бачыць, як велічна нясе яна карону з залатых каласоў. Карона, дарэчы, зусім нялёгкая, у ветранае надвор’е каласы ў ёй шумяць, як у полі…

«Толькі мы!»

Рэпетыцыі, выступленні, вырашэнне шматлікіх арганізацыйных пытанняў патрабуюць шмат сіл, часу. Практычна ўсе выхадныя, многія вечары ў работнікаў культуры праходзяць не ў сям’і, а на рабоце. Блізкія звыкнуліся ўжо з такой спецыфікай, разумеюць, што па-іншаму ў сферы культуры працаваць немагчыма.

— Нягледзячы ні на што, нам наша прафесія вельмі падабаецца! Мы адчуваем тут сябе як рыбы ў вадзе, — у два галасы гавораць Наталля і Таццяна і дзеляцца новымі планамі, творчымі знаходкамі.

У іх дуэце ёсць песня «Толькі мы!». На мой погляд, яна вельмі адпавядае жыццёваму і прафесійнаму крэда гэтых таленавітых, ініцыятыўных жанчын, якія гатовы зрабіць усё, каб жыццё іх землякоў стала больш цікавым і разнастайным.

Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: АЎТАР, архіў БЕРАЗІНСКАГА СДК.

Прочитано 554 раз
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.