04.10.2022 9:00

За тры кіламетры ад Парыжа. Беларускага…

Якія маршруты праклалі сёлета маладзечанскія турысты? Якія вяршыні пакарылі, цікавыя месцы адкрылі? З нагоды Сусветнага дня турызму, які адзначаўся 27 верасня, пра гэта і многае іншае расказаў нашаму выданню Сяргей Бялкоў, інспектар-метадыст па турызме спартыўнага клуба «Агеньчык».

У час паходу турысты знаёмяцца з творчасцю землякоў. У час паходу турысты знаёмяцца з творчасцю землякоў.

Знаёмства з клоўнам Нікаля

— Маладзечанскія турысты ў гэтым сезоне пабывалі ў пяці катэгарыйных паходах — трох веласіпедных і двух водных. Гэта лепшы паказчык у Мінскай вобласці, — гаворыць Сяргей Мікалаевіч, які быў кіраўніком аднаго з велапаходаў.

Яшчэ дзве групы велатурыстаў узначальвалі Павел Суднік і Аляксандр Семянюк. Абодва водныя паходы вадзіў Аляксей Корсак.

Усе маршруты былі па Беларусі. Водныя шляхі маладзечанцаў пралягалі па Віцебшчыне, веласіпедныя — па Мінскай, Гродзенскай, Віцебскай абласцях.

— Кожны раз мы стараемся ўключыць у маршрут новыя вёскі, гарады, помнікі прыроды і культуры. Шанцуе і на знаёмствы з цікавымі людзьмі — мастакамі, краязнаўцамі, майстрамі. З некаторымі з іх завязваецца сяброўства, адбываюцца новыя сустрэчы, — расказвае мой субяседнік.

Вось і на гэты раз у час падарожжа па Глыбоччыне маладзечанцы пазнаёміліся з расійскім артыстам цырка клоўнам Нікаля, які выкупіў будынак старога млына ў вёсцы Зябкі і марыць ператварыць яго ў цікавы турыстычны аб’ект. Ужо цяпер трохпавярховы цагляны будынак прыцягвае незвычайнай інсталяцыяй у праёмах вокнаў.

Не могуць не захапляць падарожнікаў азёры Віцебшчыны. На адным з іх — возеры Пліса — ходзіць невялічкі параходзік, які катае адпачывальнікаў санаторыя «Пліса». Дарэчы, з вышыні птушынага палёту галоўны корпус санаторыя нагадвае крыж Еўфрасінні Полацкай. А ля царквы вёскі з аднайменнай назвай нашы турысты фатаграфавалі старажытны крыж, высечаны з цэльнага валуна.

На Пастаўшчыне пакаштавалі гарбату з дымком са старога вугальнага самавара 1890-х гадоў. Не першы раз пабывалі і ў беларускім Парыжы — аграгарадку з незвычайнай назвай, дзе ёсць нават свая Эйфелева вежа. У аграгарадку Кублічы Ушацкага раёна, дзе заканчваў васьмігодку Васіль Быкаў, наведалі цікавы музей яўрэйскага быту. Бачылі і будынак пагранічнай заставы з панскай Польшчай, вырашылі, што ў наступным паходзе абавязкова знойдуць пагранічныя слупкі ўздоўж заставы, пра якія ім расказалі старажылы…

Сяргей Бялкоў: «Да Парыжа — усяго тры кіламетры».

Маладзечанец пакарыў сямітысячнік

Яшчэ адна значная падзея гэтага сезона — вельмі вопытны маладзечанскі турыст-альпініст Арцём Ценцявіцкі ў складзе групы з трох беларусаў узышоў на пік Хан-Тэнгры вышынёй 7010 метраў, размешчаны на мяжы Кыргызстана, Казахстана і Кітая. Яго назва перакладаецца як «цар (уладальнік) неба». Сярод пяці сямітысячнікаў, якія знаходзяцца на тэрыторыі былога СССР, ён другі па складанасці пасля піка Перамогі. «Вельмі прыгожая вяршыня з крутымі сценамі і грабянямі. Адна з самых эмацыянальных гор у маім жыцці», — напісаў на сваёй старонцы ВКонтакте Арцём Ценцявіцкі, які не толькі сам пакарае горныя вяршыні, але і суправаджае групы альпіністаў-аматараў.

Медалі — ветэранам

Прыемна, што напярэдадні 27 верасня дзевяць старэйшых маладзечанскіх турыстаў узнагароджаны медалём «Ветэран спартыўнага турызму і альпінізму». Сярод іх Сяргей Бялкоў, Аляксандр Страх, настаўнік фізвыхавання СШ №5, Аляксандр Зленка, які вядзе секцыю па стральбе з лука ў Маладзечанскай санаторнай школе-інтэрнаце, мастак Анатолій Акулік, Міхаіл Есьмановіч, выкладчык фізвыхавання політэх-нічнага каледжа, Аляксандр Русак, інжынер МЭС, пенсіянеры Міхаіл Шульжыцкі і Абдулпатах Абдулпатахаў.

І ўсё ж лепшая ўзнагарода для заўзятых турыстаў — новая вандроўка, рукзак за плячамі, новыя цяжкасці і адкрыцці. Як тут не пагадзіцца са словамі адной з вядомых турыстычных песень: «Тот счастлив, кому знакомо щемящее чувство дороги…».

Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: архіў ТУРЫСТЫЧНАГА КЛУБА «ПІЛІГРЫМ».

 

Прочитано 254 раз
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.