27.09.2022 9:26

Сваю сям’ю шанаваць, людзям дапамагаць, пра Бога не забываць

Такія жыццёвыя прынцыпы ў Вячаслава Бажко — жыхара вёскі Груздава, былога галоўнага інжынера ААТ «Палачаны».

Вячаслаў і Любоў Бажко. Вячаслаў і Любоў Бажко.

Нядаўна сваякі, аднавяскоўцы, прадстаўнікі сельгаспрадпрыемства віншавалі яго з 70-годдзем. Сярод іх старшыня прафсаюзнага камітэта ААТ «Палачаны» Наталля Бажко, вадзіцель Андрэй Фалей, старшыня пярвічнай ветэранскай арганізацыі Людміла Кандратовіч, стараста вёскі Груздава Ніна Станевіч.

Цудоўна, калі былыя калегі не забываюць ветэранаў працы, якія ўнеслі вялікі ўклад у развіццё гаспадаркі, усё сваё жыццё заставаліся вернымі роднай зямлі.

Павіншавалі Вячаслава Сямёнавіча Наталля Бажко, Андрэй Фалей, Людміла Кандратовіч, Ніна Станевіч.

Вячаслаў Сямёнавіч родам з Аборка, які цяпер уваходзіць у склад Палачан. З маладых гадоў ён меў цягу да тэхнікі, працаваў у родным калгасе спачатку трактарыстам, затым брыгадзірам паляводчай брыгады ў Гаеўцах. Закончыў сельскагаспадарчы тэхнікум, у 1980-я гады яго перавялі ў інжынерную службу калгаса. 15 гадоў ён працаваў галоўным інжынерам, нёс вялікую адказнасць за стан машынна-трактарнага парка гаспадаркі. У тым, што ААТ «Палачаны» па многіх паказчыках трымала перадавыя пазіцыі ў раёне, ёсць вялікая заслуга Вячаслава Сямёнавіча. Гатоўнасць тэхнікі да пасяўной і ўборкі, своечасовы рамонт, адказнасць механізатараў за выкананне даведзеных заданняў — усё паспяваў кантраляваць галоўны інжынер, які ўмеў падабраць ключык да кожнага падначаленага, стварыць даверлівую і добразычлівую атмасферу ў калектыве. Чатыры гады Вячаслаў Сямёнавіч працаваў на пенсіі, цяпер шчыруе на ўласным прысядзібным участку, стараецца дзеля сваёй сям’і.

Можна з поўным правам сказаць, што жыццёвую праграму ён выканаў па максімуме. Разам з жонкай Любоўю Сямёнаўнай выгадавалі выдатных сыноў Андрэя, Дзмітрыя і Мікалая, пабудавалі дом, пасадзілі сад, дачакаліся шасцярых унукаў. Адметна, што любоў да тэхнікі характэрная для ўсёй іх вялікай сям’і: сыны, нявесткі, старэйшыя ўнукі водзяць машыны.

Любоў Сямёнаўна шмат дзесяцігоддзяў працавала загадчыцай Гаеўскай фермы. У савецкі час як адну з лепшых жывёлаводаў раёна яе ўзнагародзілі паездкай у Югаславію. Яна выбіралася дэпутатам сельскага Савета, дэлегатам партыйнага з’езда, Народнага сходу Рэспублікі Беларусь.

Нельга не сказаць і пра тое, што сям’я Бажко пастаянна дапамагае ў добраўпарадкаванні Груздаўскай царквы, калі неабходна, арганізуе і аднавяскоўцаў. Робяць гэта не дзеля славы і пахвалы, а па патрэбе сваёй душы.

Дружная сям’я юбіляра.

— Вячаслаў Сямёнавіч — залаты чалавек, якога вельмі паважаюць у нашай вёсцы. Ён ніколі нікому не адмовіў у дапамозе. На ўласным трактары апрацоўвае нашы прысядзібныя ўчасткі, наворвае бульбу. І за гэта мы яму вельмі ўдзячныя, — адзначае Ніна Станевіч.

Шмат добрых слоў гучала ў адрас

70-гадовага юбіляра. Не абышлося і без песень, якія любяць ва ўтульным доме сям’і Бажко. Любоў Сямёнаўна шмат гадоў удзельнічала ў мастацкай самадзейнасці, спявае ў царкоўным хоры. Мае прыгожы голас і Вячаслаў Сямёнавіч. Іх каронная песня — «Малінавы звон». Трэба чуць, як спяваюць яе дуэтам — гэтак жа прыгожа і зладжана, як і жывуць…

Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: архіў СЯМ’І БАЖКО.

 

Прочитано 204 раз
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.