21.09.2022 11:20

Мір, сяброўства, спорт

Пагартаць старонкі паралімпійскага руху і ўвогуле спорту, а таксама паўдзельнічаць у музейным мнагаборстве можна на выстаўцы «Беларусь адзіная, Беларусь спартыўная» ў Мінскім абласным краязнаўчым музеі. Гэта сумесны праект з дзіцяча-юнацкай спартыўнай школай №3.

Старшы навуковы супрацоўнік Іна Самовіч дэманструе кап’ё Лізаветы Пятрэнка, якая летась заваявала з ім бронзавы медаль на Паралімпіядзе ў Токіа. Старшы навуковы супрацоўнік Іна Самовіч дэманструе кап’ё Лізаветы Пятрэнка, якая летась заваявала з ім бронзавы медаль на Паралімпіядзе ў Токіа.

«Наша Ліза!»

— Задума стварыць выстаўку нам прыйшла напярэдадні культурна-спартыўнага фестывалю «Вытокі. Крок да Алімпу», што нядаўна адбыўся ў Капылі, — гаворыць старшы навуковы супрацоўнік музея Іна Самовіч. — На Маладзечаншчыне сапраўды трывалыя спартыўныя традыцыі. Сваімі здабыткамі землякі славяць родны раён і ўвогуле краіну.

У Капылі наша выстаўка зацікавіла многіх. Мы яшчэ больш паглыбіліся ў вывучэнне гэтай тэмы. Дадалі новы матэрыял і размясцілі выстаўку ў музеі, прысвяціўшы яе Дню народнага адзінства. У нас вельмі шмат наведвальнікаў — дзеці, моладзь, дарослыя, якія цікавяцца спортам, гісторыяй Маладзечаншчыны. Выстаўка будзе працаваць да 25 верасня.

Лейтматыў выстаўкі – паралімпійскі рух. У музейных вітрынах сабраны шматлікія матэрыялы, прысвечаныя неаднаразоваму пераможцу і прызёру лёгкаатлету Ігару Фартунаву і яго выхаванцы Лізавеце Пятрэнка, якая летась на Паралімпіядзе ў Токіа сярод кідальнікаў кап’я заваявала бронзавы медаль. Гэты спартыўны снарад прадстаўлены і на выстаўцы. Жадаючыя могуць не толькі памацаць яго, але і сфатаграфавацца з ім.

Ліза працягвае займацца спортам у ДЮСШ №3, марыць пра новыя вяршыні. Таксама яна вучыцца ў філіяле «Маладзечанскі дзяржаўны політэхнічны каледж» УА «Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі» на тэхніка-тэхнолага харчовай вытворчасці. Да гэтага закончыла мясцовую спецыяльную агульнаадукацыйную школу-інтэрнат (для дзяцей з праблемамі зроку), выпускніком якой з’яўляецца і Ігар Фартунаў. Вучні гэтай установы прыходзілі на выстаўку, каб яшчэ раз натхніцца поспехамі спартсменаў. А калі фатаграфаваліся ля матэрыялаў, прысвечаных паралімпійцы, дружна заўважалі: «Наша Ліза!».

Цяпер пад кіраўніцтвам Ігара Фартунава Лізавета рыхтуецца да Гульняў паралімпійцаў, што адбудуцца з 2 па 9 кастрычніка ў Сочы.

Узоры спартыўнай формы.

Медаль у форме васьмёркі

У музейных вітрынах размешчаны і шматлікія камандныя ўзнагароды, кубкі савецкіх часоў, заваяваныя нашымі землякамі ў розных дысцыплінах як сярод прафесіяналаў, так і аматараў.

— Вельмі цікавы медаль у выглядзе васьмёркі, што ўручаюць удзельнікам забегаў, прысвечаных Міжнароднаму дню жанчын, — заўважае старшы навуковы супрацоўнік. — Такія спаборніцтвы ў спартшколе №3 ладзяць для работнікаў мясцовых прадпрыемстваў, арганізацый, якія прытрымліваюцца здаровага ладу жыцця. Відавочна, што беларусаў яднаюць не толькі ідэі міру, дружбы, але і спорту. Яго аматары, алімпійцы, паралімпійцы маюць магчымасці развівацца і ўдасканальвацца ў абранай справе. І разам мы можам дасягнуць многага. Гарадошны і конны спорт, грэка-рымская барацьба і фехтаванне таксама для маладзечанскіх спартсменаў выніковыя. Іх асвойваюць у розных секцыях, школах раёна. Здабыткі мы не мінулі ўвагай, зрабілі ілюстраваныя інфармацыйныя стэнды.

Гісторыя спорту ў музейных вітрынах.

Аўтограф Дар’і Домрачавай

Вылучаецца на выстаўцы фотаздымак знакамітых біятланістак Дар’і Домрачавай, Людмілы Калінчык, Анастасіі Дубарэзавай, якія неаднаразова годна прадстаўлялі Беларусь на спартыўнай арэне. Фота зрабіла Таццяна Беразавец у 2012 годзе ў час іх візіту ў наш горад. Цяпер яна навуковы супрацоўнік абласнога краязнаўчага музея, а тады працавала інжынерам клуба мясцовай воінскай часці і нават не думала, што з цягам часу здымак будзе экспанавацца ў музеі. Таццяна брала аўтограф у Дар’і Домрачавай для свайго сына.

Шэраг вітрын прысвечаны падзеям II Еўрапейскіх гульняў, што праходзілі ў беларускай сталіцы ў 2019 годзе. З фондаў прадстаўлена «каманда Плюша» — калекцыя мяккіх тэматычных цацак, а таксама іншыя сімвалічныя атрыбуты. Утульна тут сябе адчувае і Агрык — талісман Нацыянальнай зборнай на зімняй Алімпіядзе 2018-га ў Пхёнчхане.

Яркія інфармацыйныя стэнды зацікавяць наведвальнікаў.

Ёсць і экіпіроўка валанцёраў ІІ Еўрапейскіх гульняў. Яе прынесла ў музей Дар’я Тарасава. Маладзечанка дапамагала арыентавацца замежным турыстам, прымала ўдзел у цырымоніі адкрыцця і закрыцця Гульняў. На той час дзяўчына якраз закончыла першы курс лінгвістычнага ўніверсітэта і з цікавасцю ўлілася ў валанцёрскі рух.

За няправільны адказ — скачкі на скакалцы

Спецыяльна для выстаўкі ДЮСШ №3 прадставіла шэраг спартыўных снарадаў, экіпіроўку і яе элементы. Да прыкладу, ёсць пояс для цяжкаатлетаў, дыск і ядро для кідання, мяч, з якім падапечная каманда па міні-футболе Ігара Фартунава аб’ездзіла розныя краіны.

Па традыцыі работнікі краязнаўчага музея арганізавалі інтэрактыўную зону. Жадаючыя змогуць паспрабаваць свае сілы ў музейным мнагаборстве. Пераможцам абавязкова ўручаецца медаль з надпісам «Крок да Алімпу». Каб яго заваяваць, неабходна прайсці выпрабаванні і адказаць на пытанні па гісторыі Алімпійскіх і Паралімпійскіх гульняў, лёгкай атлетыкі. У выпадку няправільнай версіі — штрафныя балы. У наступны тур можна перайсці толькі тады, калі выканаеш фізічнае практыкаванне з адным са спартыўных снарадаў. Для гэтай мэты на выстаўцы іх шмат — скакалка, гантэлі, абруч, прыставанне для скачкоў з перашкодай… А музейныя работнікі змайстравалі тактыльны дыванок з рознымі напаўняльнікамі — гузікамі, фасоляй, алоўкамі, каштанамі. Каб прайсціся па ім, трэба мець вытрымку сапраўднага спартсмена.

На выстаўцы можна не толькі пагартаць старонкі гісторыі спорту, але і… заняцца ім.

Тэкст і фота: Ірына РАБУШКА.

Прочитано 208 раз
Ірына Рабушка

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.