16.09.2022 12:44

Арыенцір на высокі вынік

Неаднойчы ААТ «Палачаны» адзначалася падзячнымі пісьмамі райвыканкама за дасягненні ў вытворчасці і рэалізацыі сельскагаспадарчай прадукцыі. Па выніках работы за мінулы год як лепшая сельгасарганізацыя Маладзечаншчыны таварыства занесена на раённую Дошку гонару.

Вадзіцель Дзмітрый Акульскі. Вадзіцель Дзмітрый Акульскі.

Штогод работнікі гаспадаркі займаюць прызавыя месцы ў раённых спаборніцтвах у розных намінацыях, і іх імёны таксама знаходзяць сваё пачэснае месца на Дошцы гонару. І сёлета на раённых «Дажынках» ААТ «Палачаны» ў ліку лідараў.

Асноўныя віды дзейнасці гэтай сельгасарганізацыі — жывёлагадоўля і раслінаводства, галоўныя кірункі — вытворчасць малака і мяса, вырошчванне рапсу, збожжавых і зернебабовых культур.

У гаспадарцы працуюць больш за 140 чалавек. У яе складзе малочнатаварныя фермы «Аборак» і «Палачаны», малочнатаварны комплекс «Груздава» і ферма ў Цюрлях. За восем месяцаў года надоі малака груп аператараў машыннага даення дойнага статка МТФ «Аборак» Ядвігі Чобат, Анжэлы Захаравай, Аксаны Чарняўскай складаюць звыш 5000 літраў. Сярэднясутачная прывага груп адкорму буйной рагатай жывёлы жывёлаводаў Зінаіды Садоўскай і Тамары Казловай — адпаведна 957 і 962 грамы за суткі.

Плошча пасяўных угоддзяў збожжавых — 1270 гектараў, рапсу — 693. Сёлета вытворчасць збожжавых і зернебабовых склала 13234 тоны, ураджайнасць — 86,2 цэнтнера з гектара.

Па выніках уборкі збожжавых першае месца заняў камбайнер Аляксандр Бажко, які намалаціў 2708 тон збожжа і рапсу на КЗС-1218. А малады вадзіцель Дзмітрый Акульскі больш за іншых перавёз збожжа і рапсу — 3159 тон.

— Перакананы, што дасягнуць высокіх вынікаў у абранай справе могуць людзі, якія па-сапраўднаму адданыя ёй, — зазначае выконваючы абавязкі дырэктара
ААТ «Палачаны» Аляксандр Аноп. — У нас калектыў аднадумцаў.

Менавіта гэта гаспадарка нашага раёна славіцца племканяфермай, на базе якой праводзяцца і коннаспартыўныя спаборніцтвы.

— У нашых спартсменаў таксама нямала перамог, — гаворыць Аляксандр Іванавіч. — Яны спаборнічаюць у турнірах па ўсёй Беларусі і займаюць прызавыя месцы.

Выконваючы абавязкі кіраўніка сельгасарганізацыі адзначыў, што ў ААТ «Палачаны» добра развіта племянная работа з пагалоўем коней. Наладжаны іх продаж у Беларусі, Расіі, Кіргізіі, Казахстане. Акрамя гэтага, арганізуюцца экскурсіі на конях, іх пракат, навучанне верхавой яздзе дзяцей і дарослых.

Ірына РАБУШКА.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.

Прочитано 202 раз
Ірына Рабушка

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.