Анатолій Станіслававіч з жонкай Аленай Аляксандраўнай вырошчваюць на сваім прысядзібным участку як традыцыйныя, так і больш рэдкія культуры садавіны і агародніны. Не першы год гаспадары садзяць у цяпліцы агуркі гатунку «кітайскі імператар», якія маюць вельмі прыемны смак. Яны не для кансервавання, салатныя. Анатолій Станіслававіч расказвае, што самыя смачныя агуркі вагой прыблізна ў 400 грамаў. А гэтага велікана, які заважыў 1400 грамаў, яны проста праглядзелі.
Алена Аляксандраўна дэманструе агурок гатунку «кітайскі імператар».
На іх участку растуць бружмель (жимолость), дурніцы (голубика). Дзесяць гадоў таму гаспадар купіў на Гродзеншчыне саджанцы абрыкосаў. Яны аказаліся на дзіва ўдалымі: плады ў іх вельмі сакавітыя, салодкія, па памерах нагадваюць персікі сярэдняй велічыні. Хто іх ні пакаштуе, здзіўляецца, што ў Беларусі могуць расці такія салодкія і вялікія абрыкосы. Адзін з мясцовых фермераў нават прышчапіў іх на дрэвы ў сваім садзе, сказаў, што назаве гэты гатунак «лебедзеўскім».
Анатолій Станіслававіч, як і яго жонка, ужо на пенсіі. Раней працаваў начальнікам цэха, намеснікам дырэктара па якасці на фабрыцы «Маладзечнамэбля», Алена Аляксандраўна — галоўным тэхнолагам на цагляным заводзе ў Прудах. Цяпер сваю энергію накіроўваюць на ўласную гаспадарку, гадуюць курэй, качак, трусоў.
«Для сябе стараемся, спажываем усё сваё!» — гавораць дбайныя гаспадары.
Паважаныя чытачы!
Калі і вас сёлета парадаваў ураджай на градках, фатаграфуйцеся са сваімі дасягненнямі, здзіўляйце журналістаў і чытачоў газеты!
Здымкі дасылайце на вайбер па нумары +37529-627-16-11 ці электронную пошту Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.. І абавязкова пакіньце свае каардынаты, каб вам маглі патэлефанаваць журналісты.
Чакаем! З журналістамі можна звязацца па тэлефонах 77-19-61, 77-10-51.
Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: архіў СЯМ’І ЛЯШЧЫНСКІХ.