12.09.2022 12:24

Поле яго жыцця

Сумесны праект «Маладзечанскай газеты» і раённага савета ветэранаў, прысвечаны Году гістарычнай памяці

У 31 год Юльян Кашэўскі ўзначаліў калгас. У 31 год Юльян Кашэўскі ўзначаліў калгас.

У Палачанах памятаюць былога старшыню калгаса Юльяна Кашэўскага

На будаўніцтва калгаснай піларамы ў 1950-я гады ён аддаў уласныя зберажэнні, хаця і ў сям’і яны былі зусім не лішнімі — падрасталі чацвёра дзяцей. У калгасе, якім ён кіраваў, былі не толькі высокія вытворчыя паказчыкі, але і добрая зарплата: клопат пра чалавека працы ён ставіў на першае месца. Каб утрымаць моладзь, пабудаваў не толькі жыллё, але і шыкоўны Дом культуры — сапраўдны палац, роўных якому не было ў нашым рэгіёне…

Гэта ўсяго некалькі штрыхоў да партрэта былога старшыні калгаса «50-годдзе Кастрычніка» (цяпер ААТ «Палачаны») Юльяна Кашэўскага, аднаго з тых, хто стаяў ля вытокаў развіцця сельскай гаспадаркі нашага раёна. 14 верасня 2022 года спаўняецца 100 гадоў з дня яго нараджэння. Напярэдадні мы сустрэліся з малодшай дачкой Юльяна Юльянавіча Верай Бажко і папрасілі падзяліцца ўспамінамі пра бацьку.

Мяжа не стала перашкодай для кахання

— Мае бацькі жылі недалёка адзін ад аднаго, але па розныя бакі мяжы паміж Усходняй і Заходняй Беларуссю, што праходзіла паблізу Радашковіч, — расказвае Вера Юльянаўна. — Тата ўсходнік, з вёскі Броўкі былога Заслаўскага, цяпер Мінскага раёна, мама заходніца, з былой вёскі Серагузаўшчына, што непадалёк ад Дзякшнян. Сем’і роду Кашэўскіх і Лаўроўскіх, з якога мая мама, былі знаёмыя яшчэ да вайны. Пасля школы тата паступіў у Мінскі тэхнікум сувязі, а калі пачалася вайна, жыў у Броўках, уступіў у партызанскі атрад імя Фрунзэ, быў сувязным. Пазней успамінаў, як у час блакады карнікі з сабакамі ланцугом прачэсвалі лес. Каб уратавацца, ён зарыўся ў зямлю пад елкамі. Пашанцавала: сабакі не ўнюхалі яго, застаўся жывым…

Пасля вызвалення Беларусі ў 1944-м Юльяна Кашэўскага прызвалі ў армію. Адыходзіў на фронт ужо жанатым. Прыгажуня Ядвіга, на пяць гадоў маладзейшая за мужа, верыла, што ён вернецца, чакала ад яго вестачак з фронту. І дачакалася. Перамогу Юльян сустрэў у Берліне, дэмабілізаваўся ў 1946-м. А вось яго бацька загінуў на вайне.

З траімі дзецьмі — з горада ў вёску

Пасля вайны Кашэўскі працаваў загадчыкам сектара кадраў, на іншых кіруючых пасадах у Радашковіцкім райвыканкаме, Маладзечанскім аблвыканкаме. У 1953 годзе ў ліку трыццацітысячнікаў-камуністаў яго накіравалі на ўмацаванне сельскай гаспадаркі. У тым жа годзе яго абралі старшынёй калгаса імя Янкі Купалы, які пазней узбуйнілі і перайменавалі ў «50-годдзе Кастрычніка».

Юльян Юльянавіч з калегамі.

— На той час у нашай сям’і падрасталі старэйшая сястра Валя, браты Валерый і Віталій, а я нарадзілася ўжо ў Палачанах, — гаворыць мая субяседніца. — Бацькі спачатку жылі на кватэры. Мама прыгадвала, што зімой было холадна, дзіры ў сценах анучамі затыкала. З цягам часу бацькі купілі зруб, склалі дом на вуліцы Савецкай. Але пачаў тата не з дома. У першыя гады свайго старшынства ён аддаў уласныя зберажэнні на будаўніцтва калгаснай піларамы. У ёй была вострая неабходнасць: трэба было будаваць фермы, многія з якіх і сёння эксплуатуюцца.

Юльян і Ядвіга Кашэўскія, іх дзеці Віталій, Вера, Валянціна і Валерый.

Малады старшыня распрацаваў стратэгію, накіраваную на павышэнне эфектыўнасці земляробства, жывёлагадоўлі, падбор і навучанне кадраў, вырашэнне сацыяльных праблем вяскоўцаў. Пры ім у калгасе з’явіліся першыя трактары, на фермах адбыўся пераход з ручнога даення на апаратнае. На буйной МТФ «Зоранька» ўкараніў так званую «карусель» — самы перадавы на той час метад даення кароў. За 27 гадоў кіраўніцтва ён вывеў сваю гаспадарку ў перадавыя, стварыў касцяк моцных кадраў.

Дзяржава высока ацаніла заслугі Юльяна Кашэўскага ў ваенны і мірны час. Ён быў узнагароджаны ордэнамі Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Працоўнага і Чырвонага Сцяга, «Знак Пашаны», 12 медалямі, дзвюма Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР.

Кашэўскі ўмеў матываваць людзей, не шкадаваў грошай для заахвочвання за добрасумленную працу. Заробкі ў калгаснікаў былі вельмі добрымі, будавалася жыллё — толькі так можна было ўтрымаць моладзь на вёсцы. Прыцягваў людзей з усяго наваколля новы Дом культуры. У ім быў створаны адзін з першых у раёне вакальна-інструментальны ансамбль пад назвай «Піларама», для якога старшыня набыў выдатную апаратуру.

Выдатны лён вырасцілі: старшыня калгаса і перадавая звеннявая Тэрэза Клімашэўская.

— І я ў калгасе засталася, пяць гадоў адпрацавала дыспетчарам, завочна закончыла інстытут народнай гаспадаркі, — прыгадвае маладосць Вера Юльянаўна, якая, дарэчы, была салісткай у ансамблі, а на гітары ў ім іграў яе будучы муж Генадзій Бажко…

Любіў ваенныя песні, кнігі чытаў на адным дыханні

— Тата быў строгім, патрабавальным кіраўніком. Працуючы дыспетчарам, я сама яго баялася. Але адначасова быў вельмі справядлівым, чалавечным. Калі па стане здароўя вырашыў пакінуць свой пост, сход калгаснікаў не хацеў яго адпускаць, — з вялікай любоўю і павагай гаворыць дачка.

— А якім ён быў у сям’і, што любіў, чым захапляўся?

— Да нас, дзяцей, ён быў вельмі добрым, ніколі не сварыўся. Памятаю, аднойчы наш клас байкатаваў заняткі, і я разам з усімі. Дырэктар тату паскардзіўся, а ён заняў мой бок, маўляў, маладзец дачка, не пайшла насуперак калектыву… Калі я ў 19 гадоў сабралася замуж, не стаў пярэчыць, адчуў патэнцыял Генадзія, з якім яны маглі цэлымі вечарамі размаўляць, нешта абмяркоўваць. Першае, што падарыў зяцю, — адмысловы баян… Вельмі любіў ваенныя песні, асабліва «На позицию девушка провожала бойца». Любіў чытаць ваенныя, гістарычныя кнігі. Ён іх проста «глытаў». Сабраў вялікую бібліятэку, якую мы з мужам сістэматызавалі. Дарэчы, у нашай сям’і захавалася кніга, падпісаная жонкай Янкі Купалы Уладзіславай Луцэвіч, якая прыязджала ў наш калгас імя Янкі Купалы, была ў нас дома.

Ужо тады ўзнікла пытанне стварэння музея ў Яхімоўшчыне, дзе будучы народны паэт працаваў памочнікам вінакура. Сімвалічна, што амаль праз паўстагоддзя гэта ўдалося ажыццявіць Генадзію Бажко, які 21 год узначальваў саўгас «Яхімаўшчызна» (цяпер СУП «ЯхімоўшчынаАгра»), працаваў дырэктарам камбіната хлебапрадуктаў, першым намеснікам старшыні райвыканкама — начальнікам упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні. Вера Юльянаўна 24 гады працавала ў «ЯхімоўшчынаАгра» галоўным эканамістам, сем гадоў — вядучым эканамістам…

Усяго 59 гадоў жыцця было наканавана Юльяну Кашэўскаму, ён памёр у 1981 годзе. Яго жонка Ядвіга Антонаўна пайшла з жыцця ў 72 гады. На жаль, няма на гэтым свеце і іх траіх старэйшых дзяцей. Вера Юльянаўна і Генадзій Іванавіч захоўваюць памяць пра роднага чалавека, расказваюць пра яго дачцэ, унуку, пляменнікам.

Памятаюць свайго старшыню і тыя, хто працаваў разам з ім, вучыўся ў яго. Неаднойчы даводзілася чуць ад жыхароў Палачан, якім зацікаўленым, перадавым, справядлівым кіраўніком быў Юльян Кашэўскі. Без сумненняў, і ў сённяшніх поспехах палачанцаў ёсць яго заслуга: ён залажыў трывалы фундамент, на якім трымаецца гэта сельгаспрадпрыемства. Поле, якое ён засяваў з такой стараннасцю і любоўю, штогод дае новыя ўсходы…

Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: архіў СЯМ’І БАЖКО.

 

Прочитано 211 раз
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.