Адметна, што ён прысвячаўся тэме чыгункі, а Алена з 2007 года працуе на станцыі Маладзечна. Цяпер яна прыёмаздатчык грузу і багажу, раней была аператарам стацыянарна-тэхнічнага цэнтра. І яшчэ адзін цікавы штрых: яна выконвала заданні акурат у сваё прафесійнае свята — Дзень чыгуначніка.
Наша чытачка расказвае, што адзначала яго разам з сям’ёй сястры Анжалікі. Перагортвала старонкі нашай газеты і загарэлася першай правільна выканаць заданне конкурсу, бо вельмі хацелася таксама атрымаць прыгожы кубак ад «Маладзечанскай газеты». На працягу трох гадзін агульнымі намаганнямі прыдумалі 14 «чыгуначных» слоў (кожнае па восем літар). Безумоўна, прафесія Алене дапамагла, бо некаторыя са слоў — спецыфічныя тэрміны.
— На дакументах мы пазначаем нумар вагона і так званую адпраўку, без яе груз нікуды не пойдзе. Слова «адпраўка» ідэальна падышло, — прыводзіць прыклад наша чытачка.
У рэдакцыю за прызам Алена прыйшла разам з сынам Мацвеем, сямікласнікам СШ №9.
— Мае дзядуля і бабуля Валянціна і Васілій Радзівілка, як і мама, таксама працуюць на чыгунцы і нядаўна адзначалі прафесійнае свята. Напішыце пра іх, ім будзе вельмі прыемна, — сказаў Мацвей.
Хлопчык не выключае, што і ён, калі вырасце, стане чыгуначнікам. Ужо цяпер прыглядаецца да цягнікоў, іншы раз уяўляе сябе машыністам…
Алена расказвае, што прыемным падарункам да прафесійнага свята для работнікаў станцыі стала экскурсійная паездка ў Ружанскі і Косаўскі палацы, якія ўразілі сваёй веліччу і багатым гістарычным мінулым.
Тэкст і фота: Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.