24.08.2022 16:42

Добры настрой ствараем самі

Пераможцам чарговага этапу конкурсу «Дапішы словы па вертыкалі» стала маладзечанка Таццяна Філарэтава. Ці, як яна ўдакладняе, уся яе сям’я.

Цімафей, Таццяна і Сафія Філарэтавы разам падбіралі словы на конкурс. Цімафей, Таццяна і Сафія Філарэтавы разам падбіралі словы на конкурс.

Заданні ад «МГ» Таццяна разгадвала разам з 12-гадовым сынам Цімафеем і 9-гадовай дачкой Сафіяй.

— Пра конкурс мы даведаліся, калі чыталі навіны «Маладзечанскай газеты» ў інтэрнэце, — гаворыць Таццяна Віктараўна, якая і ў рэдакцыю па прыз (фірменны кубак) прыйшла разам з дзецьмі. — Адразу загарэл іся жаданнем паўдзельнічаць у ім і зусім не сумняваліся, што перамога будзе за намі. Заданні выконвалі разам і старанна — нам вельмі хацелася перамагчы! Рашэнне рэбусаў, галаваломак, сканвордаў, красвордаў і судоку — справа карысная, садзейнічае развіццю памяці і лагічнага мыслення. Дома ўжо ёсць дастатковая колькасць друкаваных выданняў з галаваломкамі. І калекцыя папаўняецца. Сафіі больш падабаюцца красворды, Цімафею – рэбусы і судоку.

Таццяна расказала, што ўдзел у конкурсах, віктарынах і алімпіядах звычайная справа для сям’і. Таксама Філарэтавы з задавальненнем удзельнічаюць у мерапрыемствах, што праводзяцца ў мясцовым Палацы культуры.

«Добры настрой» — гэта тэма заданняў нашага конкурсу, адказы на які яны шукалі. Каб запоўніць усе пустыя клеткі, спатрэбіліся тры гадзіны.

— Спачатку крыху не зразумела, як трэба шукаць адгадкі, нават у рэдакцыю патэлефанавала, каб удакладніць, — з усмешкай успамінае Таццяна.

Цікава, што Філарэтавы пакуль адзіныя нашы ўдзельнікі конкурсу, якія не проста напісалі адказы, а нават патлумачылі ўсе абраныя варыянты. Даўжэй за ўсё яны прыдумвалі слова на літару «я». Урэшце напісалі «яблынька», а ў лісце ў рэдакцыю пазначылі сэнс: калі вясной дрэва цвіце ружовымі кветкамі, гэта вельмі прыгожа і, безумоўна, выклікае добры настрой. І не паспрачаешся!

Наша чытачка — настаўніца пачатковых класаў і замежнай мовы. Яна дае трывалыя веды не толькі вучням. Педагагічная адукацыя дапамагае ў выхаванні сваіх дзяцей. Мама ганарыцца, што Цімафей і Сафія паказваюць выдатныя веды па ўсіх прадметах. Ім вельмі цікава пазнаваць новае, і яна падтрымлівае іх у гэтым. У вольны час Таццяна Віктараўна піша вершы і апавяданні. Адзін з яе паэтычных твораў, прысвечаны любові да Радзімы, Цімафей пачытаў у рэдакцы і. Таксама Таццяна ўвесь час удасканальваецца як выкладчык англійскай мовы і пачынаючы з 2014 года здае цэнтралізаванае тэсціраванне па гэтым прадмеце. Вынікі штораз вышэйшыя за 90 балаў, сёлета — 99. Але яна не збіраецца спыняцца на дасягнутым і марыць атрымаць «сотню».

Таццяна і яе дзеці вельмі шмат чытаюць і перакананы, што інтэрнэт ніколі не заменіць кнігі. Таму ў іх адно з любімых месцаў у родным горадзе — цэнтральная раённая бібліятэка імя Максіма Багдановіча. Сям’я Філарэтавых шмат часу праводзіць разам. Гэта лета асабліва багатае на вандроўкі. Наведалі Ліду, Нясвіж, Мінск, Вілейку, Смаргонь, Слуцк, Беразіно, Баранавічы.

— Не абавязкова ехаць за мяжу, — зазначае Таццяна. — У сваёй краіне ёсць шмат цікавага. Наш дэвіз — заўсёды рухацца наперад, толькі тады жыццё будзе яркім і разнастайным.

Субяседніца дадала, што пасля ўдзелу ў конкурсе «Дапішы слова па вертыкалі» сям’я прыняла рашэнне аформіць падпіску на «Маладзечанскую газету», каб чытаць навіны не ў інтэрнэце, а ў друкаваным варыянце.

Тэкст і фота: Ірына РАБУШКА.

Прочитано 301 раз
Ірына Рабушка

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.