У мяне ёсць такая родная душа — гэта мой брат. Ён на чатыры гады маладзейшы за мяне, 20 жніўня яму спаўняецца 60 год. Жыве ён у Маладзечне, завуць яго Чэслаў Яўгеньевіч Варанюк, але мы, родныя, завём яго Чэськам. Гэта чалавек з дабрэйшым сэрцам і светлай душой. Яго дабрыні хапае для ўсіх родных. За ўсё пражытае жыццё мы з ім ні разу не паспрачаліся. У нас такая блізкая сувязь паміж сабой, такая роднасць душ, якая рэдка бывае паміж братам і сястрой. Калі я буду плакаць, то і ён будзе, калі ў мяне радасць, то і ён яе са мной раздзеліць. У складаны час майго жыцця мой брат і яго сям’я дапамаглі усё перажыць, ва ўсім падтрымлівалі, не шкадуючы ні свайго часу, ні сваіх рук. Чэслаў не толькі мне дапамагае, ён дапамог пабудаваць дом маёй дачцэ. Для маіх сыноў і зяця ён стаў самым лепшым на свеце сябрам і дзядзькам, з якім можна пра ўсё пагаварыць, які дасць параду, і калі патрэбна, дапаможа.
Мы нарадзіліся і жылі ў Іўеўскім раёне. Вярнуўшыся з арміі, Чэслаў жаніўся на цудоўнай дзяўчыне Ірыне з нашай вёскі. Нашы бацькі сябравалі, нават былі вельмі далёкай раднёй. За ўсё пражытае жыццё брат ніколі не сказаў жонцы дрэннага слова, не павысіў голас. У нас з Ірынай таксама склаліся самыя цёплыя адносіны, яна мне стала сяброўкай, магчыма, таму мы так дружым і з братам. Чэслаў з Ірынай выгадавалі двух дачок — Таццяну і Кацярыну, якія працуюць у стаматалогіі медсёстрамі. У сям’і брата падрастаюць трое ўнукаў. Брат з’яўляецца прыкладам як для сваіх, так і для маіх дзяцей: як трэба адносіцца да блізкіх, да дзяцей, як берагчы сваю сям’ю.
Наш Чэслаў вельмі працавіты. Ён ніколі не сядзіць без справы. Працуе ў будаўніцтве маляром , быў брыгадзірам. Яго партрэт быў занесены на раённую Дошку гонару.
Не толькі мы, родныя, любім нашага Чэслава, але і больш далёкія сваякі. Іншы раз у мяне пытаюцца, як мы змаглі зберагчы такія цёплыя адносіны. Сакрэт вельмі просты: ніколі не зайздросціць адзін аднаму, не звяртаць увагу на непрыемныя дробязі, не насіць у сэрцы крыўду, а раздзяляць радасць адзін аднаго. Патрэбна проста любіць! На жаль, у цяперашні час многія гэтаму развучыліся. Развучыліся шчыра сябраваць і радніцца. Некуды спяшаемся, нешта назапашваем, нервуемся па дробязях. Няма часу, каб сустрэцца з раднёй, каб проста пагаварыць. Усё адкладваем на пасля. А гэтага «пасля» можа і не быць…Паміж гэтымі здымкамі Часлава Яўгеньевіча – больш за 40 год.
Успамінаю сваіх бацькоў, калі да нас прыязджалі тата і мама, стрыечныя браты і сёстры. Месца ў хаце ўсім хапала, пачаставаць было чым. Адзін аднаго запрашалі на вяселлі, хрэсьбіны, праводзіны ў армію. Мы гэту традыцыю збераглі. У нас вялікая радня, мы стараемся сустракацца і падтрымліваць адносіны, а цяпер і нашы дзеці гэта працягваюць. Калі такой сувязі не будзе, парвецца нітачка роду.
Дарагі мой брацік! Няхай і надалей у тваёй сямейцы будзе лад, няхай твой працяг будзе ў дзецях і ўнуках, якія табе будуць прыносіць толькі радасць. Жадаю, каб твае рукі не ведалі стомы, а сэрца не ведала болю. Доўгага табе веку!
Раіса ШЧАРБАЧЭВІЧ,вёска Гарадок.
Фота: архіў Раісы ШЧАРБАЧЭВІЧ.