Як паведаміў начальнік Маладзечанскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Уладзіслаў Чарноў, буслінае гняздо на асвятляльным слупе трымалася ненадзейна. Таму канструкцыя не вытрымала моцнага ветру. Напэўна, у дарослых птушак яшчэ не было вопыту ўладкаваць больш бяспечны «дом».
Птушкам на зямлі пагражалі сабакі і іншыя жывёлы. Мясцовыя жыхары зразумелі гэта, таму адразу патэлефанавалі ў раённую інспекцыю па ахове прыроды. Дапамога прыйшла неадкладна: буслянят перасялілі ў аграсядзібу «Мара дзяцінства», дзе ім забяспечаны кваліфікаваны догляд.
Як толькі птушкі падрастуць і стануць самастойнымі, яны самі вызначаць свой лёс: далучацца да сваіх суродзічаў ці застануцца ў гасцінных гаспадароў. У любым выпадку буслы цяпер у бяспецы.
— Людзі, якія паведамілі ў інспекцыю пра буслянят, зрабілі правільна, — падкрэсліў Уладзіслаў Чарноў. — Забіраць з прыродных экасістэм дзікіх жывёл забараняецца. За гэта прадугледжана адказнасць. Да таго ж жывёлы могуць быць хворыя. Для выратавання братоў нашых меншых трэба падключаць спецыялістаў.
Алег БЯГАНСКІ.
Фота: Уладзіслаў ЧАРНОЎ.