22.07.2022 11:23

Шчаслівыя хвіліны Алены Карасевіч

Намеснік дырэктара па навучальнай рабоце медыцынскага каледжа імя І.В. Залуцкага Алена Карасевіч узнагароджана нагрудным знакам «Выдатнік аховы здароўя Рэспублікі Беларусь». Гэта даволі рэдкая ўзнагарода для педагогаў устаноў адукацыі медыцынскага профілю, бо звычайна ёю адзначаюць спецыялістаў-практыкаў, а не тэарэтыкаў.

На рэспубліканскай урачыстай цырымоніі маладзечанка была адзіным выкладчыкам.

Намеснік дырэктара па навучальнай рабоце медыцынскага каледжа імя І.В. Залуцкага Алена Карасевіч працуе тут амаль 30 гадоў. Намеснік дырэктара па навучальнай рабоце медыцынскага каледжа імя І.В. Залуцкага Алена Карасевіч працуе тут амаль 30 гадоў.

Прафесію выбраў… будучы муж

Пачынала Алена медсястрой у аддзяленні рэанімацыі раённай цэнтральнай бальніцы. Яна і цяпер падтрымлівае адносіны з тагачаснымі загадчыкам Валерыем Сіняўскім і старшай медсястрой Галінай Семянцовай, якія ўжо на заслужаным адпачынку. Іх яна лічыць сваімі першымі настаўнікамі ў прафесіі, якую выбраў ёй… будучы муж. Раман тады ўжо вучыўся ў мясцовым палітэхнікуме і на першы экзамен нават прывёз Алену на матацыкле з Лебедзева ў Маладзечна.

Каб паглыбіць уласныя веды, яна закончыла і біялагічны факультэт Белдзяржуніверсітэта. Урэшце педагогіка ўзяла верх. У медкаледжы імя Залуцкага Алена Карасевіч працуе амаль 30 гадоў, выкладае медыцынскую генетыку, сястрынскую справу, маніпуляцыйную тэхніку. Яна і сёння дзякуе за першыя крокі на гэтым шляху першаму дырэктару Ларысе Тамашкінай. Але большасць часу Алена Іванаўна развіваецца ў прафесіі пад мудрым кіраўніцтвам Уладзіміра Апаленіса. Нагрудны знак «Выдатнік аховы здароўя Рэспублікі Беларусь» лічыць дасягненнем усяго калектыву.

— Вельмі ўразіла ўрачыстая цырымонія ў Палацы Рэспублікі, — расказвае субяседніца. – Узнагароды ўручаў міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч. – Для ўдзельнікаў мерапрыемства арганізавалі і экскурсію ў Палац Незалежнасці, якую правяла прэс-сакратар Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Наталля Эйсмант.

Шчырая размова з саветнікам губернатара Санкт-Пецярбурга

За гады работы ў каледжы ў Алены Іванаўны было ўжо 26 выпускаў. З многімі навучэнцамі адносіны перараслі ў сяброўскія, а некаторыя ў гонар яе нават называюць сваіх дачок.

— Большасць нашых навучэнцаў, па сутнасці, яшчэ дзеці, — гаворыць намеснік дырэктара па навучальнай рабоце. – Іншым разам яны губляюцца ў яшчэ нязвыклым для іх дарослым жыцці. Бывае, даводзіцца іх вучыць, як распараджацца грашыма, купляць адзенне альбо гатаваць ежу. Здараецца, у пошуках сябе яны рашаюць кінуць каледж. У такой сітуацыі таксама трэба ўнікнуць у яе сутнасць: а раптам чалавек памыліўся з выбарам прафесіі. Прыемна, калі навучэнцы застаюцца. А пасталеўшы, дзякуюць, што спынілі ад няправільнага кроку.

Выпускнікі Алены Іванаўны нярэдка вяртаюцца ў каледж у якасці педагогаў. Нямала яе выхаванцаў займаюць высокія пасады. У іх ліку Арфенія Тэр-Мінасава — саветнік губернатара Санкт-Пецярбурга па медыцынскіх пытаннях. Яна не толькі вучылася ў нашым медкаледжы, але і пачынала тут свой працоўны шлях. Алене Іванаўне было вельмі прыемна, калі ў нядаўняй паездцы ў Санкт-Пецярбург яе былая выпускніца знайшла час сустрэцца з ёю, каб, як і раней, шчыра пагаварыць.

Алена Іванаўна разам з навучэнцамі.

З лінгвістаў і эканамістаў – у медыкі

І ўсё ж Алена Карасевіч заўважае, што розныя пакаленні па-рознаму ставяцца да выбару прафесіі і ўвогуле да жыцця. Яна выдатна памятае, як у сярэдзіне 1990-х конкурс у медкаледжы быў па 8-9 чалавек на месца.

— Што, на ваш погляд, трэба зрабіць, каб павысіць прэстыж медыцынскіх работнікаў сярэдняга звяна? — цікаўлюся ў субяседніцы.

— Ужо на парозе выбару прафесіі маладыя людзі павінны бачыць перспектыву развіцця ў ёй, кар’ернага росту, быць фінансава зацікаўленыя, — адказвае Алена Іванаўна. — Не магу не заўважыць, што прафарыентацыя ў школах накіравана перш за ўсё на атрыманне вышэйшай адукацыі. Тым не менш наша ўстанова (яна самая маладая сярод профільных у рэспубліцы) трымае марку і запатрабаваная нават у іншаземцаў. Акрамя беларусаў у нас набываюць адукацыю расіяне, украінцы, літоўцы, туркмены. Нярэдка прыходзяць людзі, якія ўжо маюць дыпломы ВНУ, пераважна з эканамічнымі, лінгвістычнымі, філалагічнымі спецыяльнасцямі. Як правіла, у такіх выпадках яны хочуць развівацца ў сферы касметалогіі, масажы альбо набыць медыцынскія веды проста для сябе ці такім чынам знайсці работу, бо рынак працы для нашых выпускнікоў надзвычай шырокі, і іх цэняць.

Гэты навучальны год у чарговы раз даказаў якасць адукацыі ў медкаледжы. Яго скарбонка папоўнілася шматлікімі ўзнагародамі ў міжнародных і міжрасійскіх канферэнцыях і алімпіядах, што праводзіліся сярод навучэнцаў. Найбольшых поспехаў маладзечанцы дасягнулі ў вывучэнні генетыкі, анатоміі і мікрабіялогіі.

Нязручныя пытанні

Алена Іванаўна не толькі ўмее зацікавіць юнакоў і дзяўчат вучобай, але і з задавальненнем далучаецца да іх крэатыўных творчых ідэй. Напрыклад, іграе ў вучнёўскім біятэатры, дзе ставяць пастаноўкі на медыцынскую тэматыку.

— Выбіраць ролі мне не даводзіцца, бяру, якія даюць, галоўных не прапаноўваюць, — усміхаецца яна. – Адзін з нядаўніх маіх вобразаў – Храмасома.

Алена Іванаўна ўвогуле чалавек лёгкі на пад’ём. З асалодай іграе ў сяброўскіх капусніках, смела сплаўляецца па рацэ на байдарцы.

Але нямногія ведаюць, што ў 2017 годзе яна стала ўдзельніцай анлайн-праекта «Нязручныя пытанні» для сямейных пар, у якіх муж альбо жонка з інваліднасцю. На той момант яе Раман ужо на працягу двух гадоў быў паралізаваным у выніку анеўрызмы галаўнога мозга.

— Я доўга думала, ці ўдзельнічаць у праекце, — гаворыць Алена Іванаўна, стрымліваючы слёзы. – І рашыла, што гэта патрэбна тым, хто можа сутыкнуцца з такой сітуацыяй. Сапраўды не проста, калі вось так у адно імгненне жыццё пераварочваецца на 180 градусаў. Гэта бездань, ля краю якой стаіш і не ведаеш, што рабіць. Але і ў такой сітуацыі ёсць месца шчаслівым хвілінам. Раман па-ранейшаму заставаўся цэнтрам нашай сям’і, проста быў у ложку. Мы «не адмянялі» сямейныя святы. Хіба толькі мне давялося навучыць дачку (яны тады была падлеткам) не баяцца бацьку такім, які ён ёсць. Аднойчы, прачнуўшыся, убачыла, як яна гладзіць яго па руцэ, і ў мяне самі сабой пацяклі слёзы – ад радасці. Калі скептыкі прыводзілі ў прыклад трагічны лёс знакамітасцей з аналагічнай хваробай, жартам гаварыла, што ў іх не было такой жонкі, як я. Як медык разумею: у такой сітуацыі шанц выжыць — адзін працэнт. Я верыла, што мы ў яго ўвойдзем, і Раман пражыў шэсць гадоў. Вельмі тонкі і балючы момант, калі калега мужа прынёс яго рэчы з работы. Мы разумелі, што туды ён больш не вернецца. На наступны дзень той калега патэлефанаваў і сказаў, што зайздросціць Раману, бо ў яго ёсць я. Гэтыя словы, безумоўна, даюць сілы. Мне ўвогуле шанцуе на добрых людзей. Калі летам мы перабіраліся на дачу ў Насілава, сябар дзяцінства майго мужа Мікалай Гінеўскі кожны дзень прыязджаў да нас, каб пасадзіць яго ў крэсла-каталку, а потым зняць. Пастаянна быў і ёсць на сувязі школьны сябар Сяргей Сарока. Вельмі падтрымалі брат Рамана Павел і яго жонка Наталля, якая за гэты час стала мне як сястра. А мая сястра Таццяна нават змяніла работу, каб было больш часу дапамагаць мне. Дарагога каштуе і міласэрнасць маіх навучэнцаў.

На пытанне, чым жыве, акрамя ўспамінаў і работы, Алена Іванаўна адказвае:

— Я ўмею сябраваць. І вельмі цаню дружбу.

Не магла не запытацца, адкуль у яе любоў да беларускай мовы, бо яшчэ ў пачатку размовы яна, нібы адрэзала, што размаўляць будзем па-беларуску.

— Яе прывіла мне мая настаўніца Галіна Аляксееўна Ганіч, якая выкладала гэты прадмет у Лебедзеўскай школе, — гаворыць субяседніца. — Мы і цяпер з ёю перазвоньваемся. Яшчэ больш пераканалася ў прыгажосці роднага слова, калі адкрыла для сябе творчасць Якуба Коласа (яго «Новую зямлю» практычна ўсю ведаю на памяць, люблю перачытваць гэту паэму і дэкламаваць іншым), Міхаіла Герчыка і, безумоўна, Васіля Быкава. Здзівіла мяне і адна з нядаўніх маіх выхаванак Аляксандра Рыжкова. У каледж яна паступіла ўжо з дыпломам ВНУ і прафесіяй радыёлага, але марыла стаць фельчарам. Яна размаўляла і вяла абсалютна ўсе канспекты выключна на беларускай мове, хаця навучанне ў нас рускамоўнае. Калі сустракаеш мэтанакіраваных, цэльных людзей, гэта стымулюе жыць далей і самаўдасканальвацца.

Тэкст і фота: Ірына РАБУШКА.

Прочитано 496 раз Последнее изменение 22.07.2022 11:23
Ірына Рабушка

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.