Гісторыя па крупінках
Васямнаццацігадовым юнаком Вікенцій ступіў на цяжкі, небяспечны шлях рэвалюцыйнай барацьбы. Ужо ў 1923 годзе буржуазныя польскія ўлады кінулі яго ў казематы Лукішак. Вырваўшыся адтуль, Вікенцій Сцяпанавіч стаў байцом партызанскага атрада Героя Савецкага Саюза С.А. Ваўпшасава. У 1928-м зноў трапіў за краты і больш за дзесяць гадоў быў за калючым дротам Картуз-Бярозы. Але і там, нягледзячы на жорсткі, бесчалавечны рэжым у адносінах да палітвязняў, вёў нелегальную работу, паднімаў у таварышах па камеры дух упэўненасці ў справядлівасці і перамозе.
— Як толькі ў верасні 1939 года Чырвоная армія прынесла вызваленне рабочым Усходняй Беларусі, мой прадзед выйшаў з турмы і вярнуўся дамоў у родную вёску Гудоўшчына паблізу Гарадка, – расказвае праўнучка Паліна Дайноўская, якая па крупінках збірае гісторыю свайго радавода. – Ён уключыўся ў актыўнае грамадскае жыццё па арганізацыі народнай улады. Яго абралі старшынёй Гарадоцкага сельскага Савета. Па словах старажылаў, мой прадзед карыстаўся выключным аўтарытэтам і павагай рабочых сельсавета і ўсяго раёна. Людзі старэйшага пакалення расказвалі, як часта ён бываў у аднавяскоўцаў, гутарыў з імі пра новае, шчаслівае жыццё, дапамагаў батракам і беднякам набыць збожжа для пасеву, інвентар, свойскую жывёлу. Па яго рэкамендацыі мясцовы Савет перасяляў найбольш бедныя сем’і ў дамы паліцэйскіх і кулакоў, якія збеглі.У сям’і захаваўся адзіны пацёрты часам фотаздымак Вікенція Дайноўскага.
На разгневанай зямлі
Шмат добрых задум Вікенцію Сцяпанавічу ажыццявіць так і не ўдалося.
— Незадоўга да пачатку Вялікай Айчыннай вайны мой прадзед разам з сям’ёй перабраўся ў Гарадок, — працягвае Паліна. — У роднай Гудоўшчыне згарэў дом. Давялося набыць паўдома ў сваякоў у Гарадку. Прадзед з жонкай якраз чакалі другое дзіця. Але ён так і не даведаўся, што ў 1941-м у іх трохгадовага сыночка з’явіцца сястрычка Ніна. Гэта мая бабуля, якой цяпер 81 год і якая жыве ў гэтым доме і сёння. Увогуле, род прадзеда прадоўжылі двое дзяцей, двое ўнукаў і чацвёра праўнукаў.
— Лёсам свайго таты я пачала цікавіцца ў мамы ўжо з шасці гадоў, — далучаецца да размовы Ніна Вікенцьеўна. – Нягледзячы на такі юны ўзрост, маё дзіцячае сэрца адчувала, што нас напаткала сямейная трагедыя. Мама падрабязна мне расказала пра тое, як не стала бацькі. Яшчэ да афіцыйнага абвяшчэння Вялікай Айчыннай у чэрвені 1941-га было відавочна, што вайны не пазбегнуць. У Гарадок таксама прыйшлі немцы. У хаце маіх бацькоў разам з перакладчыкам з’явіўся немец, які пад дулам пісталета стаў прымушаць маму расказаць, дзе мой бацька, бо яны здагадваліся, што збег, але не ведалі куды. А хаваўся ён у суседняй вёсцы Ваўчкі. Каб паспрабаваць адчапіцца ад немцаў, маці, якая была на сёмым месяцы цяжарнасці, імітавала, што пачынаюцца роды. Няпрошаныя госці кінулі яе на падлозе, але прымусілі яе сястру паказаць, дзе знаходзяцца тыя Ваўчкі. Каб пераканацца, што яна вядзе па правільным шляху, раз-пораз перапытвалі ў прахожых. Нарэшце яны зайшлі ў адзін з дамоў, каб папіць вады. У ім якраз жыла сяброўка мамінай сястры, з якой тая паспрабавала дамовіцца перадаць Вікенцію пра немцаў, а сама хацела павесці іх у іншы бок. Сяброўка пабаялася і адмовіла. Урэшце майго бацьку знайшлі і прывялі ў камендатуру. Некаторыя аднавяскоўцы раілі яму, каб не хаваўся: маўляў адукаваныя людзі патрэбныя пры любой уладзе. Людзі збіралі подпісы, каб яго не расстралялі, толькі чацвёра чалавек не падпісаліся. Сваякі поўзалі на каленях перад немцамі, каб пакінулі ў жывых. Але літаральна назаўтра яго разам з сакратаром сельсавета і іншымі актывістамі савецкай улады немцы расстралялі на замчышчы ў Гарадку. Тады бацьку было 46 гадоў. Перапахаваць яго на мясцовых могілках дазволілі толькі праз некаторы час. Пасля вайны мама доўга спрабавала выклапатаць пенсію па страце карміцеля. Гэта ёй вельмі цяжка далося і зусім ненадоўга. Адмаўлялі і ў іншых прэферэнцыях, бо тата загінуў не на фронце. Толькі праз шмат гадоў, калі выйшла кніга «На разгневанной земле», якую напісаў сам Станіслаў Ваўпшасаў, на нашу сям’ю звярнулі ўвагу. Прыяз-джала шмат карэспандэнтаў, цікавіліся пра лёс майго бацькі. Дарэчы, у той кнізе было надрукавана яго пісьмо, якое ён даслаў маме з Картуз-Бярозы.Помнік у Гарадку, прысвечаны землякам, што загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, дзе пазначана імя Вікенція Дайноўскага, які не пашкадаваў жыцця за шчасце іншых.
На жаль, ні гэтага паслання, ні кнігі ў сям’і не захавалася. Ёсць толькі адзіны пацёрты часам фотаздымак Вікенція Дайноўскага. Яго імя таксама пазначана на памятніку ў Гарадку, прысвечаным землякам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, і на шыльдзе з назвай вуліцы, што вядзе ў бок Валожына.Вуліца ў Гарадку, названая ў гонар адважнага змагара за народнае шчасце.
Немагчыма без слёз
— Яшчэ вучаніцай гімназіі №10 я пісала рэферат на тэму Вялікай Айчыннай вайны і згадвала лёс свайго прадзеда, — расказвае праўнучка. – Ім былі ўзрушаны і аднакласнікі, і мая настаўніца Галіна Уладзіміраўна Сінкевіч, якая ў многім паўплывала на мой выбар прафесіі, бо зацікавіла прадметам гісторыі. Неабыякавы да гісторыі і мой тата, хаця па прафесіі ён інжынер. У нас дома шмат дакументальных кніг. З цікавасцю чытае іх і бабуля Яўгенія Філіпаўна Корац, якая ўсё жыццё выкладала хімію ў «дзясятай» гімназіі.
Цяпер Паліна яшчэ больш паглыбілася ў вывучэнне старонак Вялікай Айчыннай вайны. Гаворыць, без слёз не можа гартаць архіўныя дакументы і ўглядацца ў фотаздымкі тых часоў. Пра гэты перыяд нечалавечых выпрабаванняў і жорсткасці яна расказвае і ў СШ №14, дзе не толькі выкладае гісторыю і грамадазнаўства, але і вядзе экскурсіі ў зале Памяці ахвяр генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, што нядаўна адкрыўся ва ўстанове.
Ірына РАБУШКА.
Фота: АЎТАР і архіў Паліны ДАЙНОЎСКАЙ.