— Я пражыву 100 гадоў, а там як Бог дасць! – гаварыў ветэран вайны сваёй дачцэ Святлане, з якой жыў у Турэц-Баярах апошнія 15 гадоў.
І выканаў абяцанне: пасля векавога юбілею пражыў яшчэ сем месяцаў і два тыдні, пайшоў з жыцця 25 лістапада 2020 года. Радні, сябрам і цяпер не верыцца, што яго няма побач…
Відэа з запісам гэтай песні, чуллівыя ўспаміны пра Аляксея Маскацініна прагучалі на чарговай сустрэчы ў Мінскім абласным краязнаўчым музеі ў рамках праекта «Ганарымся нашымі землякамі», у падрыхтоўцы якога прымаюць удзел і актывісты раённай арганізацыі ветэранаў. Жадаючыя маглі пазнаёміцца з экспазіцыяй, у якой прадстаўлены ўласныя рэчы, здымкі Аляксея Маскацініна, узнагароды. Сярод іх ордэн Айчыннай вайны ІІ ступені, медалі «За абарону Масквы», «За перамогу над Германіяй», нагрудны знак «Выдатнік народнай асветы БССР» і іншыя.У памяць аб выдатным педагогу прагучала песня ў выкананні Кірыла Кісяля, Дар’і Дылейка, Ульяны Баранавай.
Кожная раніца пачыналася з ваенных песень і трэнажора
Вядучая сустрэчы старшы навуковы супрацоўнік музея Іна Самовіч спынілася на асноўных вехах жыцця Аляксея Іванавіча. Ён нарадзіўся 15 красавіка 1920 года ў вёсцы Сасновы Куст на Разаншчыне, быў чацвёртым, самым малодшым, дзіцем у сям’і. Бацька працаваў у лясніцтве, маці – поварам. Калі хлопчыку было сем гадоў, памёр бацька, маці адна паднімала чацвярых дзяцей.
Аляксей яшчэ ў школе вырашыў, што будзе педагогам. Закончыў Шацкае педвучылішча, паспеў папрацаваць настаўнікам пачатковых класаў. У верасні 1940 года яго прызвалі ў армію. Службу праходзіў у зенітна-артылерыйскім дывізіёне ў літоўскім горадзе Шаўляі, дзе яго і застала вайна. Аляксей Маскацінін зведаў горыч адступлення, яго ваенны шлях пралёг праз Мажайск, Вязьму, Смаленск, Оршу, Мінск. У складзе войск ІІІ Беларускага фронту прымаў удзел у вызваленні Маладзечна. Ветэран успамінаў цяжкія баі за горад, які адкрываў нашай арміі дарогу на Ліду і Вільнюс. Дывізіён, у якім служыў Аляксей Іванавіч, пакінулі абараняць чыгуначны вузел у Маладзечне. Вайну ён скончыў у званні старшага лейтэнанта.
Яго радня – дачка Святлана Епімашка, сын Уладзімір Маскацінін, унук Валерый Мейсак, праўнучка Анастасія Мейсак — успаміналі, што ваенныя песні ў Аляксея Іванавіча былі самымі любімымі. Штораніцы ён слухаў дыск з іх запісамі — гэта надавала яму бадзёрасці. А каб падтрымліваць сябе ў форме, кожны дзень па 10 хвілін круціў педалі велатрэнажора. Суседзі, калі заходзілі да яго, іншы раз пыталіся: «Куды едзеш, Іванавіч?». І ён з нязменным пачуццём гумару адказваў: «На Разаншчыну!».Такім быў Аляксей Маскацінін у час службы ў арміі.
«У яго нават брамка скрыпела па-асабліваму»
Прыехаўшы пасля вайны на радзіму, Аляксей нікога з блізкіх не застаў. Маці памерла, брат і сёстры згубіліся ў час вайны. Таму ён вырашыў вярнуцца на Маладзечаншчыну. Толькі ў 1953 годзе брат Іван, які працаваў суддзёй у Чэлябінску, па сваіх каналах змог знайсці Аляксея. Дачка ўспамінае, што гэта сустрэча была, як у кіно: больш чым праз дзесяць гадоў пасля вайны бацька абняў брата, сясцёр Аляксандру і Ганну…
Аляксей Іванавіч працаваў інспектарам аддзела народнай адукацыі, дырэктарам Насілаўскай школы. У 1952 годзе быў прызначаны дырэктарам Заскавіцкай школы, якой аддаў 36 гадоў. Ён быў выдатным кіраўніком, арганізатарам, выкладаў хімію, біялогію, геаграфію, паралельна завочна закончыў два інстытуты. Пры ім быў узведзены новы будынак школы. Ён стварыў школьны аркестр, музычныя інструменты для яго дапамог набыць старшыня калгаса «Светлы шлях» Уладзімір Калачык, з якім Маскацінін сябраваў. Былая піянерважатая школы Ганна Сапач успамінала на сустрэчы, якім тактоўным, граматным, уважлівым да калег быў іх дырэктар, як падтрымліваў іх у любых добрых пачынаннях. Настаўніца Заскавіцкай школы, суседка Маскацініных Лілія Гарэлік расказала, што ён ніколі не праходзіў міма суседзяў, заўсёды спыняўся, распытваў, як справы.
— Гэта быў вялікай душы чалавек, які і ў школе, і ў сям’і залажыў фундамент дабра, шчодрасці, неабыякавасці. У яго двары нават брамка скрыпела па-асабліваму. Мне здаецца, я і сёння чую гэты скрып, — з хваляваннем гаварыла Лілія Ціханаўна.
Загадчыца Заскавіцкай амбулаторыі Таццяна Кокала сказала, што такога паслухмянага пацыента, як Аляксей Іванавіч, у яе не было. Ён заўсёды выконваў усе прадпісанні і рэкамендацыі, давяраў урачу. І галоўнае, быў вялікім аптымістам, бязмежна любіў жыццё.
Словы ўдзячнасці гучалі ў гэты вечар ад былога вучня Аляксея Іванавіча вядомага музыканта, дырыжора сімфанічнага аркестра музычнага каледжа імя М.К. Агінскага Рыгора Сарокі, які пастаянна падтрымліваў адносіны са сваім настаўнікам, прыязджаў да яго. Успамінамі дзяліліся старшыня раённай арганізацыі ветэранаў Таццяна Шафаловіч, старшыня Лебедзеўскага сельвыканкама Тамара Дудзіч, старшыня пярвічнай арганізацыі ветэранаў устаноў адукацыі Маладзечанскага раёна Вольга Малярэвіч. Намеснік дырэктара Мінскага абласнога краязнаўчага музея Эльвіра Яхімовіч падзякавала ўсім, хто дапамог падрыхтаваць гэту сустрэчу. Вельмі арганічна ўпісалася ў сцэнарый песня пра настаўніка з кінафільма «Дажывём да панядзелка» ў выкананні Дар’і Дылейка, Ульяны Баранавай і Кірыла Кісяля з гімназіі №7.
«Ён навучыў нас любіць жыццё»
Дачка ветэрана Святлана Аляксееўна падзякавала ўсім прысутным за ўвагу, памяць аб бацьку.
— Мы з ім былі нібыта адно цэлае, мы дыхалі адным паветрам. Я яго вельмі любіла, бо яго немагчыма было не любіць. Ён быў выдатным бацькам, дзедам, прадзедам, у яго хапала часу на ўсіх нас. Наша мама Марыя Ігнацьеўна выкладала ў школе рускую мову і літаратуру. Яны з татам у каханні і згодзе пражылі 55 шчаслівых гадоў, выгадавалі нас з братам, дачакаліся траіх унукаў і чацвярых праўнукаў. Ён навучыў нас любіць жыццё, не траціць свае нервы дарэмна. У сваім такім салідным узросце тата ніколі не скардзіўся на здароўе, меў фенаменальную памяць, памятаў нумары тэлефонаў, дні нараджэння радні, сяброў, — з хваляваннем гаварыла дачка, якая ў гонар таты назвала Аляксеем свайго сына.Гэты здымак зроблены на 95-годдзе Аляксея Іванавіча. «Такога бацьку немагчыма было не любіць», — гаворыць дачка.
Ён таксама падзяліўся ўспамінамі:
— Памятаю, у 1987 годзе мы разам з дзедам глядзелі хакейны матч СССР — Канада. Нашы прайгралі, я плакаў. А дзед мяне супакоіў: «Мы прайгралі толькі адну сустрэчу. А наступную абавязкова выйграем. Перамога наперадзе!». Ён сказаў гэта так пераканаўча, што я паверыў… У дзеда была мара ўбачыць майго сына ў пагонах лейтэнанта. І ён вельмі ганарыўся, што Валерый закончыў Ваенную акадэмію, стаў кадравым ваенным…
— Ніколі не забуду, як у дзяцінстве я сядзела ў прадзеда на каленях, і мы разам спявалі яго любімую песню: «Я уходил тогда в поход, в далекие края», — сказала праўнучка Анастасія Мейсак. – Пакуль жывыя мы, будзе жыць памяць пра нашага дарагога чалавека…
Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: АЎТАР, архіў сям’і Маскацініных.