06.07.2022 9:19

Ручнік вышываны – для пар закаханых

Прыемны сюрпрыз чакаў Аляксандру Карзюк і Уладзіміра Штуру, Валерыю Мізула і Вадзіма Габрыновіча, якія зарэгістравалі свой шлюб напярэдадні Дня моладзі і студэнтаў.

Вадзім і Валерыя. Вадзім і Валерыя.

Начальнік аддзела ЗАГС Маладзечанскага райвыканкама Іна Ахполава, якая вяла цырымонію рэгістрацыі, уручыла ім пасведчанні аб заключэнні шлюбу ў святочных вокладках з дзяржаўнай сімволікай. Прадстаўніца раённай арганізацыі ГА «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» Аліна Гурштыновіч падарыла маладым беларускі ручнік, які са старажытных часоў лічыцца абярэгам шчаслівага сямейнага жыцця.

Гэта прыгожая традыцыя ўшаноўваць пары, якія ўпершыню бяруць шлюб напярэдадні Дня моладзі і студэнтаў, зарадзілася тры гады таму.

— Для нас нечакана і вельмі прыемна! Гэта адметны момант у гісторыі нашай сям’і, які мы запомнім і аб якім будзем расказваць дзецям, — гавораць Валерыя Мізула і Вадзім Габрыновіч.

Валерыя пасля заканчэння Маладзечанскага медыцынскага каледжа працуе фельчарам у Заслаўскім аддзяленні Мінскага абласнога цэнтра хуткай медыцынскай дапамогі. Вадзім па спецыяльнасці бухгалтар-эканаміст, ён прадпрымальнік. Абодва маладзечанцы, пазнаёміліся пяць гадоў таму дзякуючы агульным сябрам. Часу хапала, каб праверыць свае пачуцці і зразумець, што яны неабходныя адзін аднаму. У іх агульныя інтарэсы, яны любяць разам падарожнічаць. А прыкладам доўгага і шчаслівага сямейнага жыцця для іх з’яўляюцца Міронія і Мікалай Габрыновічы, бабуля і дзядуля Вадзіма, якія 66 гадоў жывуць разам. Міронія Фёдараўна, дарэчы, на вяселлі выканала для маладых песню, і гэта быў яшчэ адзін незабыўны момант.

Цікавае супадзенне: і ў другой пары маладых нявеста працуе ў медыцынскай сферы. Аляксандра Карзюк таксама закончыла наш медкаледж, яна памочнік урача ў паліклінічным аддзяленні Радашковіцкай бальніцы. Уладзімір Штура – вадзіцель «Еўраоптаўта». Абодва родам з Мядзельшчыны, у Маладзечне жывуць чатыры гады. Пазнаёміліся таксама дзякуючы агульным сябрам.

Аляксандра і Уладзімір.

— У нас падобныя характары, часта нават думкі супадаюць. І гэта вельмі збліжае, — гавораць Аляксандра і Уладзімір.

Яны расказалі, што прыемны сюрпрыз чакаў іх не толькі ў ЗАГСе, але і на вяселлі, якое яны адзначылі на Мядзельшчыне са сваякамі і сябрамі. Неспадзявана для ўсіх гасцей на свята да іх завітаў… вялізны салатавы мядзведзь, які ад душы павесяліў гасцей. Такі падарунак зрабілі іх бацькі.

Прыгожыя, маладыя, закаханыя… Няхай сямейнае жыццё гэтых пар будзе моцным і доўгім, няхай збываюцца ўсе іх мары! Хочацца спадзявацца, што пройдзе час — і ручнік-абярэг яны перададуць сваім дзецям як сямейную рэліквію, як талісман шчаслівага сумеснага жыцця.

Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: Віталій КРУПЯНЬКОЎ.

 

Прочитано 212 раз
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.