Міхаіл Мікалаевіч родам з Дубрава. Там жыве яго бацька Мікалай Мітрафанавіч Касцюк, які шмат гадоў выпісвае «Мала-дзечанскую газету». Цяпер ён на пенсіі, усё жыццё працаваў вадзіцелем, пазней — конюхам у мясцовым калгасе. Дарэчы, вадзіцелем у сталіцы працуе і Міхаіл Мікалаевіч.
— Мы з мужам кожныя выхадныя прыязджаем у Дубрава, вельмі любім гэту вёску, дзе такія прыгожыя краявіды, — расказвае Наталля Міхайлаўна. — Нам цікава, што адбываецца ў Маладзечанскім раёне, таму заўсёды чытаем раённую газету. Іншы раз бачым на яе старонках знаёмых, землякоў з Дубрава. Праглядваем аб’явы, віншаванкі, рэцэпты ў вас цікавыя друкуюцца, іншая інфармацыя.
Наталля Міхайлаўна расказвае, што вечарам, калі ўсе справы былі пароблены, агарод праполаты і паліты, яны з мужам селі адпачыць за кубачкам кавы. І зацікавіліся нашым конкурсам, што прысвячаўся тэме падарожжаў, адпачынку, захапленняў. Хвілін дваццаць ім спатрэбілася, каб упісаць усе словы. І гэта не дзіўна: Наталля Міхайлаўна па адукацыі настаўнік пачатковых класаў, а таксама беларускай мовы і літаратуры. Заўсёды хацела працаваць з малодшымі школьнікамі, свой першы клас набрала ў 19 гадоў пасля заканчэння педагагічнага вучылішча. Там, дарэчы, вы-кладанне ўсіх прадметаў вялося на беларускай мове, якую наша чытачка вельмі любіць. Больш за 20 гадоў яна працуе настаўніцай пачатковых класаў у адной са сталічных школ. Стараецца прывіваць сваім выхаванцам любоў да роднай мовы не толькі на ўроках, але і на пазакласных занятках. Дзеці ставяць сцэнкі, казкі, выконваюць розныя цікавыя заданні, якія прыдумвае для іх настаўніца.
— Вельмі многае ў вывучэнні беларускай мовы залежыць ад настаўніка. Калі ён яе любіць, то і дзецям зможа прывіць гэту любоў, — лічыць педагог.
Мы рады, што нашу газету чытаюць і жыхары Мінска, што яна для іх цікавая. Віншуем Наталлю і Міхаіла Касцюкоў з перамогай і будзем рады пры першай магчымасці ўручыць ім наш фірменны кубак. Дарэчы, для іх сям’і гэта лета асаблівае:
26 ліпеня яны адзначаць сярэбранае вяселле — 25-годдзе сумеснага жыцця. Жадаем, каб на старонках нашай газеты іх павіншавалі з залатым, брыльянтавым, жалезным вяселлем…
Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: архіў СЯМ’І КАСЦЮК.