04.07.2022 11:06

Кветкі ля пад’езда – добры настрой, матывацыя для руху і выдатны сродак для пахудзення

Такую лячэбную тэрапію праверыла на сабе Галіна Казлова, жыхарка аднаго з двухпавярховых 18-кватэрных дамоў на вуліцы Цэнтральнай, што ў Гарадзілаве. Мясцовы сельсавет прадставіў Галіну Паўлаўну на раённы этап конкурсу «Ветэранскае падвор’е-2022» у намінацыі «Кветнік ля пад’езда».

Дому на вуліцы Цэнтральнай у Гарадзілаве амаль 50 гадоў. Дзякуючы дружным працавітым жыхарам ён патанае ў кветках. Дому на вуліцы Цэнтральнай у Гарадзілаве амаль 50 гадоў. Дзякуючы дружным працавітым жыхарам ён патанае ў кветках.

«Глянеш у акно — а там півоні ружавеюць»

Кватэра Галіны Паўлаўны на першым паверсе. Раніцай, як прачнецца, яна найперш падыходзіць да акна, каб палюбавацца на свае кветкі, павітацца з імі.

— Паглядзіце, якія прыгожыя ружовыя півоні, які водар плыве ад іх! Адразу настрой узнімаецца! – гаворыць жанчына.

Радуюць Галіну Паўлаўну ружовыя півоні пад акном. 

Расказвае, што спачатку пасадзіла на клумбе купленыя на рынку кусты фарзіцыі. Выдатна прыжылася і далікатная гартэнзія. Хутка зацвітуць яе любімыя ліліі. Акрамя кветніка ля пад’езда, шмат раслін і на агародзе, што за некалькі крокаў ад дома. Дарэчы, раней на яго месцы быў сметнік, цяпер гэта зялёны аазіс. Яго ўпрыгожваюць барвінак, незабудкі, аксаміткі, белыя півоні, клямацісы, лілеі… Радаваў шыкоўнымі суквеццямі белы бэз, яго Галіна Паўлаўна выпісала па каталогу па пошце. Разам з сынам пасадзілі чатыры абрыкосавыя дрэвы, якія добра пладаносілі ў мінулым годзе. Пачынаюць зацвітаць ружы, сярод якіх і незвычайнай афарбоўкі «Абракадабра» з барвовымі, жоўтымі, белымі пялёсткамі.

— Не рву свае кветкі для букетаў, шкадую. Хіба толькі вецер якую галінку зломіць, тады падбіраю і ў вазу стаўлю, — прызнаецца кветкавод.

Нельга не заўважыць, што і ля іншых пад’ездаў дома ружавеюць півоні, цвітуць іншыя кветкі. Прыемна, што ў жаданні зрабіць тэрыторыю вакол дома прывабнай Галіну Паўлаўну падтрымліваюць суседзі Ядвіга Жукоўская, Наталля Шафаловіч. У кожнай жанчыны свой стыль, свае любімыя кветкі. А ўсе разам яны ствараюць прыгажосць, і за гэта ім дзякуй.

Ружа з дзіўнай назвай «Абракадабра».

«Пакуль працавала ў калгасе, было не да кветак»

У гэты дом Галіна Паўлаўна з мужам Міхаілам Канстанцінавічам засяліліся ў сярэдзіне 1970-х, як толькі калгас пабудаваў яго для сваіх спецыялістаў.

На вялікі жаль, мужа ўжо дваццаць гадоў няма ў жывых. Ён працаваў у калгасе ветурачом, Галіна Паўлаўна загадвала фермай. У іх двое сыноў — Аляксандр і Міхаіл. Яны са сваімі сем’ямі жывуць асобна, працуюць на чыгунцы, часта прыязджаюць, дапамагаюць маці.

Родам мая субяседніца з вёскі Падлеснай (да перайменавання Цяляткі). Пасля заканчэння Укропаўскай васьмігодкі вучылася ў гарадской СШ №8.

З удзячнасцю прыгадвае былога яе дырэктара Уладзіміра Каралькова, гісторыка Адама Гурскага, якія давалі выдатныя веды. Не апошнюю ролю ў яе жыцці сыграў і былы старшыня калгаса імя Жданава (цяпер ААТ «Гарадзілава») Іван Кісель. Пасля школы Галіна працавала ў гаспадарцы звеннявой па вырошчванні лёну, брыгадзірам паляводчай брыгады ў Парэччы. Іван Васільевіч угаварыў здольную і працавітую дзяўчыну паступаць на завочнае аддзяленне Мар’інагорскага сельскагаспадарчага тэхнікума, дзе яна атрымала спецыяльнасць агранома. Загадвала фермамі ў Замосці, Гарадзілаве, пазней, калі гаспадаркай кіраваў Часлаў Астрэйка, працавала на адказнай пасадзе начальніка мясаперапрацоўчага цэха. І на пенсіі адпускала калег у водпуск, дэкрэт, замяняла дыспетчара, бухгалтара, касіра.

— Не шкадуеце, што ўсё жыццё аддалі сельскай гаспадарцы?

— Ніколькі! Я люблю вёску, люблю жывёл. Мы з мужам у хлевушку ля дома трымалі трох кароў, чацвярых свіней. Тады мне было не да кветак – вельмі шмат працавалі…

Турэцкія гваздзікі зноў цвітуць.

Агарод – найлепшы фітнес

Так лічыць Галіна Паўлаўна. Расказвае, што дзякуючы свайму захапленню кветкаводствам адчувае сябе лепш, забываецца на гады і хваробы. Зямля, расліны, даюць энергію, узнімаюць настрой і жыццёвы тонус, дзякуюць за клопат буйнай квеценню, добрым ураджаем клубніц, памідораў, агуркоў…

— За лета я кілаграмаў шэсць скідваю, і ўсё дзякуючы рабоце на кветніку і ў агародзе, — дзеліцца жанчына, якая выглядае нашмат маладзейшай за свой узрост.

Яна шчодра дзеліцца з іншымі насеннем, саджанцамі, а таксама парадамі па доглядзе раслін, напрацаванымі ўласным вопытам. Галіна Паўлаўна
пераканана: чым больш вакол людзей, якія садзяць кветкі, тым больш прыгожай будзе наша родная зямля.

Тэкст і фота: Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.

Прочитано 497 раз Последнее изменение 04.07.2022 11:06
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.