29.06.2022 9:44

Мацарэла гатуецца за два дні, адыгейскі сыр – за гадзіну

— І толькі са свежага малака! — зазначае Аляксандра Кавалевіч, стараста вёскі Парэчча, што ў Гарадзілаўскім сельсавеце.

Сямён і Аляксандра Кавалевічы: 43 гады разам. Сямён і Аляксандра Кавалевічы: 43 гады разам.

Разам з мужам Сямёнам Іванавічам яны трымаюць вялікую гаспадарку — дзвюх дойных кароў і дзвюх цялушак, свіней, курэй.

Менавіта гэту сям’ю Гарадзілаўскі сельсавет прадставіў на раённы этап конкурсу «Ветэранскае падвор’е-2022» у намінацыі «Я на падвор’і не адзін».

«Атрымаеш правы — падару матацыкл!»

Сямён Іванавіч карэнны жыхар Парэчча. Аляксандра Пятроўна нарадзілася ў Карэліі, вырасла ў суседніх Журэвічах. Туды прыязджаў да сваёй сястры Сямён, так і пазнаёміліся. Калі пажаніліся, жылі з бацькамі Сямёна Іванавіча. З цягам часу на месцы старога дома пабудавалі новы прасторны, у якім намаганнямі руплівых гаспадароў і іх дзяцей устаноўлены электрычны кацёл, праведзена вада – ёсць усе бытавыя выгоды. І ў той жа час тут свежае паветра, прыгожыя краявіды, праз дарогу – рэчка, непадалёк лес. А ў садзе буслянка, у якой ужо каторы год запар буслы выводзяць птушанят.

Сямён Іванавіч усё жыццё працаваў вадзіцелем: спачатку ў мясцовым калгасе «Гарадзілава», затым – на «хуткай дапамозе» ў Беразінскай бальніцы. Аляксандра Пятроўна больш за 30 гадоў прысвяціла нялёгкай прафесіі сацыяльнага работніка, абслугоўвала адзінокіх пажылых людзей у сваёй вёсцы, у Лужку, Беразінскім. Змоладу здала на вадзіцельскія правы, калясіла па вёсках на матацыкле, потым яе на рабоце забяспечылі скутарам.

— У маладосці Сямён мне сказаў: «Вывучышся на правы — падару табе матацыкл». Гэта быў выдатны стымул! Атрымала правы — і муж стрымаў слова, купіў мне «Мінскага», – успамінае субяседніца.

Кавалевічы выгадавалі пяцярых дзяцей – сыноў Івана, Сяргея, Уладзіміра і дачок Ганну і Марыю. Старэйшыя дзеці жывуць асобна, з бацькамі засталася Маша, якая завочна вучыцца ў Гродзенскім універсітэце, яна будучы інжынер-тэхнолаг. Можна сказаць, старэйшы Іван пераняў у бацькоў эстафету — у яго таксама пяцёра дзяцей. А ўсяго ў Кавалевічаў васьмёра ўнукаў. 12-гадовы Цімафей, сын Івана, прыехаў на канікулы да бабулі і дзядулі.

Цімафей вельмі любіць кароў, і яны гэта адчуваюць.

— Ціма наш найпершы памочнік, ён усё ўмее рабіць: і карову падоіць, і цялушак навяжа, з поля прывядзе, — з любоўю гаворыць Аляксандра Пятроўна.

Здавалася б, гарадскі хлопчык, а з такой радасцю прыязджае ў вёску.

— Можа, ты хочаш стаць фермерам? – спыталася ў яго.

— Ды не, музыкантам!

Аказваецца, Цімафей вучыцца іграць на фартэпіяна, наведвае дзіцячую школу мастацтваў.

Вось які домік з падвяснымі забавамі пабудаваў Іван Кавалевіч для дзяцей.

Кругом – сенажаць, а на ўзгорку — лаванда

У Сямёна Іванавіча ёсць трактар, паступова купілі да яго прычапныя ўстройствы, якія значна аблягчаюць працу. Кавалевічы звярнуліся да дырэктара ААТ «Гарадзілава» Дзмітрыя Грамовіча з просьбай выдзеліць участак для пашы і сенакосу. Дзмітрый Мікалаевіч паставіўся да іх з увагай, вырашыў пытанне, сказаў, што паважае людзей, якія трымаюць гаспадарку. Ім выдзелілі каля двух гектараў ля старой фермы, на якіх яны навялі парадак, агарадзілі пашу электрапастухом, нават кветкі ля дарогі пасадзілі, каб вока радавалі. А на ўзгорку сярод сенажаці пачынаюць зацвітаць кусцікі лаванды…

Гэтых галубкоў ля брамкі Сямён Іванавіч сам майстраваў.

Гаспадыня расказвае, што раней яны, як і большасць вяскоўцаў, здавалі малако ў калгас. Дарэчы, у савецкія часы ў Парэччы было больш за 40 кароў, цяпер засталося восем. Тры гады таму Іван пабываў у Італіі, расказаў маці, як там цэняцца сыры розных відаў, і прапанаваў паспрабаваць вырабляць іх самім для патрэб сваёй вялікай сям’і. Аляксандра Пятроўна заўсёды была выдатнай гаспадыняй, хутка ўнікла ў сакрэты сыраробства, галоўны з якіх – вялікае жаданне і якаснае, свежае малако.

Тры гады таму Аляксандра Пятроўна пачала варыць сыры, якія любяць і дзеці, і ўнукі.

Адыгейскі сыр Аляксандра Пятроўна варыць каля гадзіны. Асвоіла таксама сметанковы з праванскімі травамі, кмінам. Любяць і дзеці, і ўнукі тварожны сыр. А вось над мацарэлай чаруе Іван, гэта працэс няпросты, на выраб ідуць два дні. Ганна, якая жыве ў Хажове і цяпер знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску, навучылася варыць сгушчонку, нашмат больш смачную за магазінную.

— У нас вельмі добрыя дзеці! Яны ва ўсім дапамагаюць. Вось і нядаўна сабраліся, купілі электраўстаноўку для даення, нашмат лягчэй мне стала, — гаворыць мнагадзетная матуля.

З такой падтрымкай у бацькоў вырастаюць крылы за плячамі.

— Наша гаспадарка яшчэ на стадыі развіцця, — гавораць Кавалевічы.

Хочацца пажадаць ім, каб здароўе дазваляла рэалізоўваць планы, каб іх сядзіба прыгажэла і радавала гаспадароў, іх дзяцей і ўнукаў.

Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: АЎТАР, архіў СЯМ’І КАВАЛЕВІЧ.

Прочитано 272 раз
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.