13.06.2022 9:36

Цяпліца з печкай – агуркі ў пачатку мая

— Мы ўжо месяц свежыя агуркі ядзім. Пакаштуйце, якія яны смачныя, салодкія, духмяныя, не параўнаеш з магазіннымі, — частуюць мяне ў сваёй утульнай, прасторнай кухні Марыя і Алена Раманько — гасцінныя гаспадыні аднаго з дамоў на вуліцы Палявой у пасёлку Чысць.

Шмат цяжкасцей давялося перажыць Марыі Мікалаеўне ў пасляваенную разруху. Як не радавацца, што дзецям, унукам гэтага зведаць не давялося. Яна як ніхто разумее, што самае дарагое для кожнага чалавека, для кожнай сям’і – мір і спакой. Шмат цяжкасцей давялося перажыць Марыі Мікалаеўне ў пасляваенную разруху. Як не радавацца, што дзецям, унукам гэтага зведаць не давялося. Яна як ніхто разумее, што самае дарагое для кожнага чалавека, для кожнай сям’і – мір і спакой.

Усё пад кантролем

«Агуркі мы ўжо больш за месяц ядзім», — гаворыць Алена.

Хіба ж гэта не цуд: атрымаць такі ранні ўраджай халоднай вясной? Цяпліца – дзецішча гаспадара дома Андрэя Раманько, які працуе ў сталіцы дырэктарам жаночага гандбольнага клуба «БНТУ-БелАЗ». Акрамя таго, ён захапляецца хакеем, гуляе ў аматарскай камандзе. З не меншым, чым у спорце, запалам займаецца і агародніцтвам. Два гады таму Андрэй Мікалаевіч пабудаваў вялікую цяпліцу, склаў у ёй печку, у якой паліць дрывамі. Ад яе да кожнай градкі ідуць трубы, па іх паступае цяпло, сагравае глебу і паветра. Тэмпература, асвятленне ў цяпліцы кантралююць прыборы. Каб падтрымліваць належны клімат ранняй вясной, даводзілася паліць у печы ў дзве гадзіны ночы! Вось колькі клопату за кожным агурочкам, якія так маляўніча глядзяцца на падвешаных вертыкальна сцяблінах. На суседніх градках растуць салат, перац, баклажаны. Даволі вялікія, але пакуль яшчэ зялёныя плады памідораў, завязаліся качаны капусты. А справа выкапаны невялічкі вадаёмчык, у якім расцвіла лілея.

Хутка і капуста падаспее…

Алена прыгадвае, што ў мінулым годзе муж вырасціў у сваёй цяпліцы дыні і кавуны, якія былі вельмі салодкімі.

Андрэй Раманько летась вырасціў у цяпліцы салодкія дыні.

Печка дазваляе атрымліваць раннія ўраджаі.

Градкі пад апекай старэйшыны сям’і

Побач з гэтай цяпліцай яшчэ адна, меншая і без падагрэву, у якой пасаджаны памідоры. За домам – градкі, у іх, як і ў цяпліцах, ніводнай травінкі. Тут адводзіць душу, любіць корпацца старэйшая жыхарка дома ветэран працы Марыя Мікалаеўна. З сям’ёй сына яна жыве ўжо 16 гадоў. Родам з Асіповічаў, шмат гадоў працавала шэф-поварам у рэстаране аўтавакзала. Марыя Мікалаеўна з даваеннага пакалення, з’яўляецца былым малалетнім вязнем. Расказвае, што ў чатырохгадовым узросце разам з мамай яе вывезлі ў Германію. Маці працавала там на заводзе, дамоў яны вярнуліся восенню 1945 года.

«Брэсцкая раўніна» і чырвоная дарожка

17 гадоў таму сям’я Раманько купіла дом у пасёлку, які, як гаворыць Алена, спадабаўся ім з першага погляду, калі прыехалі ў госці да стрыечнай сястры Галіны Лісіцкай. Дом быў нежылы, толькі каробка. Паступова даводзілі яго да ладу, яшчэ і сёння работы ідуць. На участку ў 15 сотак пасадзілі сад, перад домам разбілі вялікі газон, і ён проста ідэальны…

Перад домам ідэальны газон, малады сад.

— Я называю яго «мая брэсцкая раўніна», — усміхаецца Алена Іванаўна, якая вырасла ў Брэсце, дзе мясцовасць раўнінная, не такая гарыстая, як на Міншчыне. – Мы не шкадавалі плошчы пад газон, бо хацелі, каб дочкам Вользе і Таццяне было дзе пабегаць, пагуляць у бадмінтон. Цяпер яны ўжо дарослыя, жывуць асобна. Прыязджаюць, уносяць свае штрыхі ў аздабленне сядзібы. Таня неяк загарэлася, выкапала міні-вадаёмчык. А ў мінулым годзе мы ажыццявілі яшчэ адну мару – пабудавалі прасторную альтанку. Я пашыла шторы са спецыяльнай тканіны, калі іх завесіць, ніякі вецер не страшны.

У прасторнай альтанцы любіць збірацца ўся сям’я.

Упрыгожваюць участак падстрыжаныя конусамі туі, высокія прыгожа чаргуюцца з нізкарослымі. «Тым, хто едзе да нас упершыню, я даю арыенціроўку: глядзіце, дзе найбольш туй, там і наш дом!» — гаворыць Алена Іванаўна. Па баках дарожкі, што вядзе да дома, яна высадзіла чырвоныя цюльпаны, якія асабліва ярка выглядаюць на фоне зялёных лісцікаў і белых кветачак каменяломніку.

— Гэта мая чырвоная дарожка, — з усмешкай гаворыць мая субяседніца. — Шкада, яшчэ не зацвілі півоні: ружовыя, белыя, чырвоныя. І ружы заўсёды нас радуюць.

Нельга не заўважыць, што і за агароджай з боку вуліцы пасаджаны прыгожыя клумбы з кветкамі. Прыжыўся і арганічна ўпісаўся ў ландшафт выкапаны ў лесе куст ядлоўцу. Праўда, яго адразу можна і не распазнаць, бо гаспадыня падстрыгае яго ў выглядзе парасона.

Усё на гэтым падвор’і прадумана да драбніц, аформлена з вялікім густам. І гэта не дзіўна: Алена Іванаўна па спецыяльнасці мастак па роспісе па дрэве. Ствараць прыгажосць, радаваць блізкіх – тое, што ёй падабаецца і ўдаецца.


Сёлета да конкурсу могуць далучыцца і дачнікі

З пачаткам лета стартуе штогадовы конкурс «Ветэранскае падвор’е», які праводзіць раённая арганізацыя ветэранаў. Як расказвае яе старшыня, старшыня журы конкурсу Таццяна Шафаловіч, на гэтым этапе старшыні пярвічных ветэранскіх арганізацый разам з сельвыканкамамі вызначаюць лепшыя ветэранскія падвор’і. Як і ў мінулым годзе, пераможцы будуць названы ў верасні ў намінацыях: «Ад прыроды матэрыял – ад майстра талент» (вырабы з дрэва, садавіны, агародніны), «Кветкавая фантазія», «Сабе на карысць» (нарыхтоўкі з вырашчанага на ўчастку), «Я на падвор’і не адзін» (наяўнасць свойскай жывёлы), «Кветнік ля пад’езда» (для шматкватэрных дамоў), «Добраўпарадкаванне МТФ» (стварэнне годных умоў для працы работнікаў ферм).


Увага: сёлета зацверджана новая намінацыя «Захапленне для душы» (конкурс дачных участкаў ветэранаў садаводчых таварыстваў). Больш падрабязную
інфарма цыю можна даведацца ў савеце раённай арганізацыі ветэранаў па тэлефоне 54-30-59 (у рабочыя дні з 9.00 да 13.00).


Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: АЎТАР, архіў СЯМ’І РАМАНЬКО.

Прочитано 352 раз Последнее изменение 13.06.2022 9:36
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.