Згодна з умовамі конкурсу трэба было ўпісаць у клетачкі па вертыкалі 13 слоў на тэму флоры і фаўны. І кожнае слова павінна было быць на восем літар.
— Я справілася з вашым заданнем гадзіны за дзве, і для мяне яно не было складаным, бо флора мая стыхія! Я нават спецыяльна падлічыла: у маім доме 41 вазон з хатнімі кветкамі, і міні-агарод саджу. А найбольш люблю фіялкі і герань, якую вырошчвала і мая бабуля. Яна, дарэчы, таксама ўсё жыццё выпісвала «раёнку», — расказвае Ірына Васільеўна.
Вельмі прыемна было сустрэцца з нашай пастаяннай на працягу многіх гадоў чытачкай. У яе цэлы архіў выразак з газеты. Сярод іх і матэрыял настаўніка гісторыі Лебедзеўскай СШ Антона Апанасевіча пра дзеда Ірыны Пятра Капцюга. У 2004 годзе фотаздымкі дачок Ірыны Юлі і Насці занялі трэцяе месца ў конкурсе «Маладзечанскай газеты» «Міні-міс». Дзяўчынкі за гэты час сталі дарослымі і самастойнымі, а захаваная матуляй выразка з газеты нагадвае ім пра дзяцінства. Яшчэ адно памятнае для нашай чытачкі фота ў газеце – з аднакурсніцай Наталляй Ганчаровай, з якой сустрэліся праз 23 гады пасля заканчэння палітэхнікума. Трапілі ў аб’ектыў нашай камеры і бацькі Ірыны Таіса і Васілій Капцюгі, якія таксама з’яўляюцца нашымі падпісчыкамі яшчэ з часоў «Святла камунізму». Таіса Іванаўна больш за 40 гадоў працавала паштальёнам на Насілаўскім аддзяленні паштовай сувязі. Дзякуючы ёй і дачка палюбіла раённую газету, заўсёды, выпісвае яе на паўгода, як і бацькі.Ірына Чаркес справілася с заданнем.
— Вельмі люблю чытаць аб людзях, нашых земляках, — гаворыць Ірына Васільеўна. — Радуюся, калі бачу здымкі знаёмых, іншы раз і тэлефаную ім. Шмат карыснай інфармацыі чэрпаю на старонцы «Сотка ўдачы», збіраю кулінарныя рэцэпты. З цікавасцю чытаю матэрыялы пра гісторыю нашага раёна. Люблю родную беларускую мову, да якой мяне прыахвоціла былая настаўніца Насілаўскай школы Марыя Мацвееўна Юркевіч, за што я заўсёды буду ўдзячная ёй.
Ірына Васільеўна працуе кладаўшчыцай у ААТ «Спецбудмеханізацыя», актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці, мерапрыемствах, якія праводзіць прафсаюзны камітэт прадпрыемства. Яго старшыня Галіна Гаўрылюк называе Ірыну Чаркес сваёй правай рукой і адзначае, што за шматгадовую грамадскую работу яна ўзнагароджана Ганаровай граматай Маладзечанскага раённага аб’яднання прафсаюзаў.
Вельмі пазітыўны, энергічны, неабыякавы чалавек пераможца нашага конкурсу. Дзякуем ёй за вернасць нашаму выданню і жадаем новых перамог і дасягненняў!
Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.