03.06.2022 15:14

«Мой тата быў сапёрам, па-пластунску прапоўз палову Еўропы…»

— Мы з татам падобныя як дзве кроплі вады, — гаворыць, трымаючы павялічаны партрэт свайго бацькі Сяргея Кузьміча Рабушкі, яго сын Сяргей Сяргеевіч.

Мы прыехалі да яго ў вёску Дзякшняны, каб пачуць гісторыю пра яшчэ аднаго нашага земляка – сапраўднага героя мінулай вайны.

Два Сяргеі: сын і бацька… Два Сяргеі: сын і бацька…

— Тата не лічыў сябе героем і пра вайну расказваць не любіў, — адзначае Сяргей Сяргеевіч.

Між тым сын паспеў распытацца ў яго пра самыя цяжкія, трагічныя моманты службы. Расказвае пра іх настолькі падрабязна і эмацыянальна, са слязамі на вачах, нібыта сам усё гэта перажыў.

Рабушка і Вітушка – самыя моцныя байцы

Сяргей Кузьміч нарадзіўся ў 1918 годзе ў суседняй вёсцы Валодзькі. Па словах сына, перад вайной бацьку забралі ў войска. Змалку працуючы па гаспадарцы, быў ён здаровым, моцным хлопцам, трапіў у элітнае разведпадраздзяленне ў Ленінград. Разам з ім служыў і яго будучы швагер Аляксандр Вітушка. Усе зналі, што Рабушка і Вітушка — самыя моцныя байцы ў падраздзяленні, якія віртуозна валодалі навыкамі рукапашнага бою, дасканала
асвоілі сапёрную навуку...

Калі пачалася вайна, іх падраздзяленне абараняла Ленінград. Трапілі ў нямецкае акружэнне, з якога Сяргею Рабушку ўдалося прабіцца, выйсці да сваіх. Расказваў сыну, як ішоў у адзіночку, начаваў у лазні на ўскрайку вёскі, на світанку ў шчыліну ўбачыў постаці двух фашыстаў. Зброі ў яго не было, толькі сапёрная лапата. Яе і выкарыстаў у рукапашным баі, знянацку напаў на ворагаў, палажыў абодвух.

Успамінае Сяргей Сяргеевіч і яшчэ адзін са шматлікіх эпізодаў, калі яго бацька быў ад смерці на валасок. Выконваючы чарговае заданне, група нашых разведчыкаў на нейтральнай паласе сустрэлася з нямецкай разведкай. Абодва бакі разумелі: пасля першага выстралу немцы альбо рускія накрыюць мінамётным агнём. Нашы разведчыкі першымі кінуліся ў рукапашны бой, узялі «языка».

— Пасля таго бою тата забраў у забітага нямецкага лейтэнанта самаробны нож з адмысловай сталі, які можна было кідаць на 15 метраў. Зброю нашым байцам дазвалялася забіраць, а вось за марадзёрства маглі і расстраляць. Тата казаў, што той нож яму неаднойчы жыццё ўратаваў, шкадаваў, што не збярог яго: нож прапаў, калі трапіў у шпіталь.

«Лепш памру, а нагу адрэзаць не дазволю!»

Сяргей Кузьміч вызваляў Польшчу, дайшоў да Германіі. Цяжкай была пераправа праз Одэр, на правым беразе якога знаходзіўся моцна ўмацаваны нямецкі плацдарм. Група разведчыкаў, у складзе якой быў і Сяргей Рабушка, ноччу перабралася на правы бераг, ліквідавала нямецкія пасты. Пад покрывам ночы пачалася пераправа, аднак на світанку вораг адкрыў мінамётны агонь. Разведчыкаў у бой не кідалі, яны адказвалі за пераправу на лодках салдат. Адной з іх разам з земляком з Краснага кіраваў Рабушка.

— Два разы яны перавезлі байцоў на правы бераг, а на трэці раз побач з лодкай ірванула міна, сябра распаласавала, а тату вельмі моцна параніла нагу, на восем сантыметраў мяса вырвала. Салдаты яго выцягнулі на бераг, санітары падабралі, пераправілі ў шпіталь у горад Шчэцін. Параненых – сотні… Хірург агледзеў нагу: «Будзем ампутаваць!». Аднак тата не даў: «Лепш памру, а нагу не дам адрэзаць! Які з мяне работнік будзе?». Яму пашанцавала: разам з іншымі параненымі яго на самалёце пераправілі пад Маскву, і там нагу «прыжывілі». Яна не гнулася, была карацейшай, але ж была! – эмацыянальна расказвае сын.

Вярнуўся салдат дадому з інваліднасцю, аднак настаяў, каб далі яму рабочую групу. «Хто за мяне замуж пойдзе?» – быў у яго важкі аргумент. За смеласць і гераізм гвардыі радавы Сяргей Рабушка быў узнагароджаны ордэнам Славы III ступені, ордэнамі Айчыннай вайны I і II ступеняў, медалём «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.», юбілейнымі медалямі, падзякамі. Як інвалід вайны забяспечваўся аўтамабілем «Запарожац», а апошняй яго машынай была «Таўрыя».

Узнагародны ліст Сяргея Кузьміча.

«Пасля вайны я нічога не баюся»

Ажаніўся з Зінаідай Вітушка з вёскі Верамейкі, пабудавалі разам дом, выгадавалі дзвюх дачок — Ліду і Валю, сына Сяргея. Былы франтавік працаваў у калгасе імя Янкі Купалы брыгадзірам. Па характары быў рашучым, бескампрамісным. Казаў, што пасля вайны нічога на свеце не баіцца. Аднойчы, замяшчаючы старшыню калгаса на час водпуску, Сяргей Кузьміч выпісаў даведкі моладзі, што калгас у іх не мае патрэбы. Без такіх даведак у пасляваенны час немагчыма было ўладкавацца на работу ў горад. А ў калгасе даводзілася працаваць за працадні, грошай не плацілі, у канцы года разлічваліся збожжам, іншай прадукцыяй. Між тым за месяц павінна быць не менш за 28 выхадаў на работу, калі не было — выклікалі міліцыю… Старшыня, вярнуўшыся, паскардзіўся пра гэта ў адпаведныя органы, маўляў, брыгадзір калгас развальвае. Сяргея Кузьміча выклікалі ў НКУС, але адпусцілі…

Сяргей Сяргеевіч успамінае, што інваліды вайны называлі адзін аднаго братамі. Калі бывалі ў вёсцы, дзе жыў нехта з іх, абавязкова павінны былі зайсці, каб не пакрыўдзіць. Гэта было сапраўднае франтавое братэрства…

«Сынок, дзеля цябе апошняе аддам…»

З удзячнасцю сын гаворыць, якім клапатлівым быў яго бацька, як яны, дзеці, заўсёды адчувалі яго падтрымку, дапамогу.

— Ніколі не забуду, як тата мне казаў: «Сынок, дзеля цябе я апошняе аддам, калі мала будзе — сядзібу прадам…».

— Чаму вас навучыў бацька? – пытаюся ў субяседніка.

— Сумленнасці і працавітасці. Менш чым на дзвюх работах я ніколі не працаваў. Любові да родных мясцін. Мы з жонкай Галінай Максімаўнай жылі ў Мінску, а на пенсіі пераехалі ў Дзякшняны, у дом, які я пабудаваў.

У дзяцінстве Сяргей Сяргеевіч трымаў у руках бацькаў ваенны трафей: падрабязную нямецкую карту, на якой Сяргей Кузьміч начарціў свой франтавы шлях. На жаль, яна не захавалася да гэтага часу. Павялічаны фотаздымак, наручны гадзіннік, які падарылі былому салдату на 30-годдзе Вялікай Перамогі, успаміны пра яго, што перадаюцца ўнукам і праўнукам — сапраўдныя рэліквіі, памяць пра дарагога чалавека, бязмерная ўдзячнасць яму за мір, за жыццё новых пакаленняў сям’і Рабушка…

У сям’і захаваўся наручны гадзіннік, які падарылі франтавіку на 30-годдзе Вялікай Перамогі.

Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: АЎТАР, архіў Сяргея РАБУШКІ.

Прочитано 251 раз Последнее изменение 03.06.2022 15:14
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.