11.05.2022 10:13

Газета 1970-х: чатыры нумары на тыдзень, здымкаў мала, тэксту многа – машыністкі не разгіналі спіны…

Напярэдадні Дня друку, які адзначаўся 5 мая, маладзечанка Зоя Вахлова падзялілася ўспамінамі аб рабоце сакратаром-машыністкай у рэдакцыі газеты «Святло камунізму» ў 1960-1970-я гады.

Такой была Зоя Вахлова ў час работы ў рэдакцыі газеты «Святло камунізму». Такой была Зоя Вахлова ў час работы ў рэдакцыі газеты «Святло камунізму».

«Журналісты дыктавалі, мы друкавалі»

— Няўжо цяпер журналісты самі свае тэксты друкуюць? – з недаверам пытаецца Зоя Іванаўна.

— А як інакш? Бачыце, у кожнага з нас на стале камп’ютар! Клавіятура ў іх такая ж, як у друкарскай машынкі. А машынапіс на журфаку мы вывучалі, нават залік па ім здавалі, – паказваю ёй сваё рабочае месца.

— А ў канцы шасцідзясятых, калі я прыйшла ў рэдакцыю, журналісты свае матэрыялы не друкавалі. Яны пісалі іх ад рукі, а затым прыходзілі да нас у машыннае бюро і надыктоўвалі, — успамінае маладосць мая субяседніца.

Закончыўшы паўгадавыя курсы ў Вільнюсе, Зоя Іванаўна працавала сакратаром-машыністкай у Маладзечанскім гаркаме камсамола. Туды часта заходзіў тагачасны рэдактар газеты «Святло камунізму» Барыс Пернікаў. Гаварлівы, добразычлівы, ён любіў перакінуцца слоўцам, пажартаваць з камсамолкамі. Неяк прапанаваў Зоі месца ў рэдакцыі, куды тэрмінова патрабавалася сакратар-машыністка. «Я ж беларускую мову не так добра ведаю!» — засумнявалася дзяўчына. «Нічога, абы друкавала хутка. Усё ў цябе атрымаецца!» — запэўніў рэдактар.

Дзесяць гадоў адпрацавала Зоя Іванаўна ў рэдакцыі. У яе абавязкі ўваходзіла не толькі друкаванне тэкстаў, але і рэгістрацыя, разметка пісьмаў, якія прыходзілі штодня. Былі іншыя даручэнні. Перыядычна даводзілася друкаваць важныя ўрадавыя паведамленні, якія дыктары ў запаволенным тэмпе перадавалі па радыё, а машыністкам трэба было за імі паспяваць. Адказнасць была вельмі вялікай: нельга было сказіць ніводнага слова. Зоя Іванаўна нават памятае імя дыктара, які пастаянна чытаў тэксты, – Віктар Лешчанок.

«Начальніца, выпішы камандзіроўку!»

Рэдакцыя на той час знаходзілася на другім паверсе друкарні «Перамога». Машыннае бюро размяшчалася ў канцы калідора, побач з аддзелам прамысловасці і праз сценку ад буфета друкарні. Разам з Зояй працавала машыністка Ала Стасілевіч, затым Галіна Мігура.

— На той час газета выходзіла чатыры разы на тыдзень. Фатаграфій на старонках змяшчалася мала, былі яны невялікія па памеры, уся астатняя плошча – тэксты, прычым дробным шрыфтам. Можаце ўявіць, колькі работы было ў журналістаў і ў нас, машыністак, бо мы ж кожную напісаную літарку друкавалі, — расказвае Зоя Іванаўна, якая выдатна памятае ўсіх калег па рэдакцыі.

З усмешкай прыгадвае, як загадчык аддзела сельскай гаспадаркі Рыгор Лях машыністак называў «начальніцамі». Прыходзіў і прасіў: «Начальніца, выпішы мне камандзіроўку, еду ў калгас!». З цеплынёй успамінае ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Рыгора Філіповіча, які працаваў адказным сакратаром – вельмі добрага, інтэлігентнага чалавека. Франтавымі дарогамі прайшлі таксама рэдактар газеты Яўгеній Меркуль, які змяніў на гэтым пасту Барыса Пернікава, намеснік рэдактара Іван Сцяпанаў, журналіст Навум Жалязняк. Фатограф Міхаіл Асаевіч часта прапаноўваў машыністкам сфатаграфавацца, ды яны ўсё аднекваліся, маўляў, няма калі. Цікавыя матэрыялы на жыццёвыя тэмы пісала Сара Хайкіна. Асабліва Зоі падабалася яе жаночая старонка. Энергічны, надзвычай працавіты загадчык аддзела прамысловасці Валянцін Ліпніцкі мог спачатку надыктаваць сярэдзіну матэрыялу, затым – пачатак ці канцоўку… Прыемна было працаваць з маладой журналісткай Жаннай Гулевіч – абаяльнай, творчай, інтэлігентнай… З цеплынёй успамінае Зоя Іванаўна і журналістаў Яўгенія Абрамава, Славу Міронаву, бухгалтара Лідзію Яфрэменка, вадзіцеля рэдакцыйнай «Нівы» Міхаіла Міцько, карэктара Марыю Пётух, прыбіральшчыцу Кацярыну Кашчаўцаву…

Калектыў быў дружны. Разам сустракалі святы, ездзілі на экскурсіі. Зоі Іванаўне асабліва запомнілася паездка з рэдакцыяй у Хатынь, у якую брала свайго сына. З перапынкам на дэкрэтны водпуск яна адпрацавала ў рэдакцыі дзесяць гадоў. Затым уладкавалася сакратаром-машыністкай у Дом санітарнай асветы. Пазней была сакратаром вучэбнай часці, інспектарам аддзела кадраў медыцынскага вучылішча, адкуль і пайшла на пенсію.

Калектыў «Святла камунізму» 1970-х гадоў. Першы рад: Лідзія Яфрэменка, Жанна Гулевіч, Сара Хайкіна, Яўгеній Меркуль, Міхаіл Міцько. Другі рад: Слава Міронава, Рыгор Філіповіч, Сяргей Давідовіч, Навум Жалязняк, Марыя Пётух, Яўгеній Абрамаў, Валянцін Ліпніцкі, Ала Стасілевіч, Кацярына Кашчаўцава.

«Атрымаю свежы нумар – адкладваю ўсе справы і чытаю»

Вельмі прыемна, што Зоя Іванаўна засталася вернай мясцовай газеце, выпісвала яе заўсёды.

— Як толькі атрымаю свежы нумар, адкладваю ўсе справы і чытаю. Заўсёды знайду на старонках некага са знаёмых. Ведаеце, цяперашняя «Маладзечанская газета» мне больш падабаецца, чым «Святло камунізму» 70-х гадоў. Цяпер на яе старонках больш цікавых, жыццёвых матэрыялаў. Іншы раз здзіўляюся, што фота ў вас так шмат, што на першай старонцы не шкадуеце месца для вялікіх здымкаў. Толькі шкада, што цяпер гумарэсак ніхто не піша. У час маёй работы мне іх часта даводзілася друкаваць, — дзеліцца наша чытачка.

Усё жыццё Зоя Іванаўна выпісвае і ўважліва чытае раённую газету.

А яшчэ з хваляваннем расказвае, што адкрыла суботні нумар нашай газеты за 23 красавіка, убачыла здымак пад рубрыкай «Старое фота» і ледзь не абамлела: сярод музыкантаў аркестра воінскай часці, якіх у мінулым стагоддзі сфатаграфавалі на гарадскім стадыёне, яе муж Генадзій Вахлоў. Ён быў музыкантам гэтага аркестра, іграў на трубе. На жаль, паўтара года таму ён пайшоў з жыцця. Старое фота стала прывітаннем з далёкага мінулага, ускалыхнула цэлы пласт светлых успамінаў.

— Жадаю сённяшнім супрацоўнікам рэдакцыі творчасці, сустрэч з цікавымі людзьмі. Але і пра мінулае не забывайце, шануйце традыцыі! — пажаданні ад Зоі Іванаўны нашаму калектыву да Дня друку.

Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: АЎТАР, архіў РЭДАКЦЫІ і Зоі ВАХЛОВАЙ.

 

Прочитано 169 раз
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.