01.04.2022 15:20

Дарагі наш чалавек

Сумесны праект «Маладзечанскай газеты» і раённага савета ветэранаў, прысвечаны Году гістарычнай памяці

Клара Філіпава: «Час выбраў нас. Той, хто застаўся пасля вайны – шчаслівы. Мы выгадавалі дзяцей, унукаў, а многія і праўнукаў… Клара Філіпава: «Час выбраў нас. Той, хто застаўся пасля вайны – шчаслівы. Мы выгадавалі дзяцей, унукаў, а многія і праўнукаў…

 4 красавіка адзначыць сваё 95-годдзе ганаровая грамадзянка Маладзечанскага раёна ўдзельніца Вялікай Айчыннай вайны Клара Філіпава.

Для нас, супрацоўнікаў «МГ», Клара Лявонцьеўна – добры старэйшы сябар і мудры дарадца, аўтар шматлікіх матэрыялаў, якія выходзілі на старонках газеты на працягу многіх дзесяцігоддзяў. А яшчэ ўважлівая чытачка, якая не прапускае ніводнага нумара, радуецца нашым творчым знаходкам, часта тэлефануе, ніколі не забываецца павіншаваць са святамі.

Сімвалічна, што яна пачынала сваю працоўную біяграфію ў 18 гадоў рэдактарам апошніх паведамленняў Маладзечанскага абласнога радыёкамітэта, па сумяшчальніцтве была дыктарам. Цесную сувязь з раённай газетай Клара Лявонцьеўна падтрымлівае на працягу ўсяго жыцця, на якіх бы пасадах ні працавала.

Плёнам шматгадовага супрацоўніцтва з рэдакцыяй стала кніга Клары Філіпавай «Жывым – помніць…», якая выйшла ў 2009 годзе да 65-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Мы, журналісты, часта звяртаемся да гэтай кнігі, калі рыхтуем свае матэрыялы, звяраем па ёй факты, прозвішчы. Для нас гэта своеасаблівая энцыклапедыя, у якой сабраны бясцэнныя матэрыялы пра ўдзельнікаў вайны – нашых землякоў. Чым больш гадоў мінае, тым больш каштоўнай становіцца гэта кніга, з кожнай старонкі якой на нас глядзяць франтавікі, партызаны, блакаднікі Ленінграда, працаўнікі тылу, якія нібыта заклікаюць: «Беражыце, цаніце мір!».

Так праўдзіва, шчыра і пранікнёна напісаць пра ўдзельнікаў вайны мог толькі той, хто сам прайшоў праз яе… Клары Дубінскай было ўсяго 15 гадоў, калі яна стала разведчыцай, сувязной штаба партызанскай брыгады «За Радзіму» на сваёй роднай Лоеўшчыне. За мужнасць і гераізм 17-гадовая партызанка была ўзнагароджана медалямі «За адвагу», «За баявыя заслугі», «Партызану Айчыннай вайны», пазней атрымала ордэн Айчыннай вайны.

Выпрабаванні, гібель блізкіх людзей ад рук фашыстаў не зламалі яе, не ачарсцвілі яе сэрца. Колькі ведаем Клару Лявонцьеўну, заўсёды яна з прыязнай усмешкай на вуснах, тактоўная, стрыманая, добразычлівая, справядлівая, душэўная і вельмі прыгожая, элегантная. Яна ўмее знайсці падыход да кожнага, выслухаць, заўсёды стараецца дапамагчы тым, каму жывецца цяжэй. Нездарма ж калегі з фабрыкі мастацкіх вырабаў, якую яна ўзначальвала 22 гады, і сёння з любоўю і павагай называюць яе «наша другая мама». Ёй удалося стварыць калектыў аднадумцаў, улюбёных у народнае мастацтва, дзякуючы якому фабрыка стала вядучай у краіне. Прадпрыемства было ўзнагароджана Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР, а яго дырэктар – ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.

Нельга не сказаць і пра вялікую грамадскую работу, якую вяла Клара Лявонцьеўна. Яна была дэпутатам гарадскога Савета дэпутатаў, стаяла ля вытокаў стварэння гарадской ветэранскай арганізацыі, была старшынёй гарадскога савета ветэранаў. Застаецца толькі здзіўляцца, як на ўсё хапала сіл і часу ў гэтай жанчыны — клапатлівай маці, бабулі, прабабкі. Разам з мужам Мікалаем Аляксеевічам яна выгадавала траіх цудоўных дзяцей. Сёння доўгажыхарку радуюць пяцёра ўнукаў, шасцёра праўнукаў.

Шаноўная Клара Лявонцьеўна! Калектыў рэдакцыі шчыра віншуе Вас з прыгожай датай! Няхай Ваша 95-я вясна радуе Вас сонечнымі дзянькамі, квеценню садоў, сустрэчамі з дарагімі сэрцу людзьмі, а блізкія, сябры заўсёды будуць Вашай надзейнай падтрымкай і апорай. Няхай у нашай роднай Беларусі заўсёды будзе мір, і цяперашнія, будучыя пакаленні зробяць усё, каб захаваць яго!

Наша памяць аб подзвігу народа не згасне. Яна жыве ў нашых сэрцах. Мы верым, што моладзь, дзеці і ўнукі нашы не дадуць загінуць таму, за што мы змагаліся, за што многія прадстаўнікі нашага пакалення аддалі свае жыцці…».

Клара Лявонцьеўна ў час сустрэчы з вучнямі СШ №14. 



«Вы гонар нашай арганізацыі»

Таццяна ШАФАЛОВІЧ, старшыня раённага савета ветэранаў:
— Дарагая Клара Лявонцьеўна! Шчыра віншуем Вас з юбілеем! Вы гонар нашай арганізацыі, прыклад сапраўднага патрыёта і грамадзяніна. Вы зрабілі велізарны ўклад у развіццё ветэранскага руху, захаванне памяці пра нашых землякоў – удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Мы ўдзячныя Вам за магчымасць працаваць з Вамі, вучыцца ў Вас лепшым якасцям: дабрыні, шчырасці, сумленнасці, неабыякавасці да чужой бяды, павазе да чалавека працы, бязмежнай любові да Радзімы. Жадаем Вам моцнага здароўя, аптымізму на доўгія гады. Няхай любоў і павага радні і блізкіх напоўняць Вас жыццёвымі сіламі і ўпэўненасцю ў заўтрашнім дні!


«Нам казачна пашанцавала!» Таццяна Летунова, дачка Клары Лявонцьеўны:

— Лічу, што нам, дзецям, унукам і праўнукам, казачна пашанцавала. З нашага нараджэння і да сённяшняга дня мы спасцігаем маміны ўрокі мужнасці, сумленнасці, прыстойнасці, інтэлігентнасці, працавітасці, дабрыні… Мы ведаем нашу маму лепш за іншых. У маладосці яна цудоўна спявала, іграла на гітары, віртуозна танцавала, складала вершы і прыгожа іх дэкламавала, нават пачынала пісаць раман… Яна вырасла на Дняпры, выдатна плавала і нават выратавала мяне шмат гадоў таму, калі я купалася і на глыбіні ледзь не патанула. Дзякуючы маміным успамінам з дзяцінства мы і нашы дзеці ведалі, што такое вайна і якое гора яна прыносіць. Мама і сёння шчыра перажывае, калі недзе гінуць людзі, успрымае гэта як уласную трагедыю. Маме давялося многае перажыць. Пра яе лёс можна пісаць кнігу, якую б перачытвалі многія пакаленні і вучыліся пераадольваць цяжкасці, цярпліва ставіцца да людскіх недахопаў, пераносіць цяжкія страты і ісці далей. Я спытала ў сваёй дачкі, якая вельмі любіць бабулю, чаму яна яе навучыла. Дачка адказала коратка: «Жыццёвай мудрасці!». І гэта сапраўды так. Уся наша вялікая сям’я – дзеці, унукі, праўнукі – жадае нашай любай матулі і бабулі здароўя і міру!

Падрыхтавала Анжаліка КРУПЯНЬКОВА. Фота: Аляксей ПЛАТКО.

Прочитано 296 раз Последнее изменение 01.04.2022 15:20
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.