21.03.2022 11:46

«Як мяне завуць, я ўжо… забыла»

Так часам жартуе маладзечанка Апалінарыя Мацвеева, удзельніца нашай рубрыкі, у якой мы расказваем пра людзей з рэдкімі і незвычайнымі імёнамі.

Апалінарыя Мацвеева: «Рэдкае імя вылучае сярод іншых». Апалінарыя Мацвеева: «Рэдкае імя вылучае сярод іншых».

— Маё імя – прыдумка таты, — расказвае дзяўчына. – Ён шмат чытае і знайшоў яго ў кнігах. Каб нарадзіўся хлопчык, быў бы Апалінарыем. Тата лічыць, што і жаночая, і мужчынская форма імені добра спалучаецца з іменем па бацьку — яго завуць Аляксандрам.

У дзяцінстве маёй субяседніцы абсалютна не падабалася, як яе завуць. Асабліва калі да яе звярталіся поўным варыянтам імені.

— Апалінарыя, ідзі есці ці складзі цацкі! Гэта для мяне было амаль што пагрозай, — з усмешкай гаворыць дзяўчына. – Але і цяпер не так часта прадстаўляюся поўным іменем, бо яму заўсёды здзіўляюцца і нават перапытваюць, ці бывае такое. Іншым разам падаецца, што я ўжо забыла, як мяне завуць.

Найчасцей Апалінарыю называюць Поляй, Полькай альбо Палінай.

— Блізкім сябрам і сваякам дазваляю звяртацца да мяне так, як ім зручна, — працягвае дзяўчына. – Яны прыдумваюць вясёлыя і неардынарныя варыянты, якія ўзнімаюць мне настрой. Напрыклад, «Плінтус», а на дачы я ператвараюся ў «Палена», мабыць, прырода спрыяе такой інтэрпрэтацыі майго імені.
У Апалінарыі ёсць малодшая сястра Ганна, якую яна назвала сама.

— Усё ж людзям з рэдкім іменем не так проста, — заўважае субяседніца. – Яно адначасова вылучае сярод іншых і абавязвае трымаць марку. Апошнім часам, калі мама прадстаўляе мяне камусьці: «Гэта дачка Апалінарыя», мне падаецца, што робіць гэта з асаблівым гонарам.

Зрэшты, у бацькоў сапраўды ёсць нагода ганарыцца дачкой. Яна паспяхова вучыцца ў дзявятым класе СШ №1 імя Янкі Купалы, а таксама ў дзіцячай мастацкай школе мастацтваў. І ўвогуле добрая памочніца для ўсёй сям’і.

Апалінарыі пакуль не даводзілася сустракацца з цёзкамі. Але літаратурных яна ведае і любіць чытаць пра іх.

Дарэчы, па найбольш распаўсюджанай версіі, імя Апалінарыя мае старажытнарымскае паходжанне і азначае «посвященная Аполлону», старажытнагрэчаскаму богу Сонца, апекуну мастацтва. Ёсць меркаванне, што яно ўтварылася ад мужчынскага варыянта «Апалінарый». З грэчаскай мовы «apolyusis» трактуецца як «вызваленая». А ў сучаснасці гэтаму імені прыпісваюць значэнне «гарадская».

І сярод знакамітасцей у нашай гераіні няшмат цёзак. Большасць з іх прадстаўніцы славянскіх краін, і іх прафесіі, як правіла, звязаны з тэатрам і кіно. У іх ліку актрысы Мураўёва, Васіліна, Вятлугіна. А вось у Дабравольскай сапраўднае імя Паліна, але ў якасці сцэнічнага псеўданіма яна выбрала якраз варыянт Апалінарыя. Напэўна, многія ведаюць і Апалінарыю Аўруціну – усходазнаўцу, цюрколага, доктара філалагічных навук, вучоную і перакладчыцу. Наша маладзечанка марыць стаць прафесійным мастаком.

Ірына РАБУШКА.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.

Прочитано 120 раз
Ірына Рабушка

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.