18.03.2022 12:23

Формула шчасця Аляксандры Шчаснай

Сумесны праект «Маладзечанскай газеты» і раённага савета ветэранаў, прысвечаны Году гістарычнай памяці

Усё жыццё ў нястомнай працы, у гушчыні падзей, сярод людзей. І нават на заслужаным адпачынку гэта энергічная, неабыякавая жанчына дапамагае землякам вырашаць розныя праблемы. Па выніках работы нашага раёна за мінулы год стараста вёскі Рэдзькі Лебедзеўскага сельсавета Аляксандра Шчасная прызнана лепшым прадстаўніком органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання, яе партрэт будзе размешчаны на раённай Дошцы гонару.

Старшыня Лебедзеўскага сельскага Савета дэпутатаў Тамара Дудзіч павіншавала Аляксандру Шчасную. Старшыня Лебедзеўскага сельскага Савета дэпутатаў Тамара Дудзіч павіншавала Аляксандру Шчасную.

Нарадзіла дзяцей, паступіла ў тэхнікум

Родам Аляксандра Уладзіміраўна з суседняй Беніцы. У Рэдзькі выйшла замуж за Івана Шчаснага. Пабудавалі з ім дом, выгадавалі траіх дзяцей. Дочкі Таня і Вера былі яшчэ малымі, калі іх маці паступіла ў Смілавіцкі сельгастэхнікум на спецыяльнасць «заатэхнія».

— Сама б не пайшла, аднак старшыня нашага калгаса «Чырвоны прамень» Часлаў Астрэйка настаяў, нават да мужа прыехаў, угаворваў яго, каб вучыцца адпусціў. Усё жыццё я ўдзячная Чаславу Аляксандравічу за тое, што паверыў у мяне, – гаворыць мая субяседніца.

Аляксандра Уладзіміраўна пачынала загадчыцай фермы «Рэдзькі» яшчэ ў той час, калі кароў даілі ўручную. Затым калгас «Чырвоны прамень» злучылі са «Светлым шляхам». Яго старшыня Герой Сацыялістычнай Працы Уладзімір Калачык штодня прыязджаў на ферму, назіраў, як спраўляецца маладая загадчыца, а затым прапанаваў ёй адказную пасаду галоўнага заатэхніка. Аляксандра згадзілася: жывёлу яна вельмі любіла, работу сваю ведала. А энергіі ёй не займаць. Магла сярод ночы ўсхапіцца і паехаць правяраць вартаўнікоў ферм, а на досвітку кантралявала дойку. Ніводную дробязь не выпускала з поля зроку. Надоі малака ад адной каровы перавышалі 4 тысячы кілаграмаў, на той час гэта былі найвышэйшыя паказчыкі ў раёне.

Каб быць заўсёды мабільнай, Аляксандра Уладзіміраўна першая з жанчын у гаспадарцы атрымала вадзіцельскія правы.

Застаецца толькі здзіўляцца, як яна ўсё паспявала. У сям’і акрамя дзвюх дачок нарадзіўся сын Аляксандр. Пабудавалі з мужам прасторны дом, трымалі вялікую гаспадарку. Муж Іван Ігнацьевіч быў надзейнай апорай, заўсёды падтрымліваў жонку, браў на сябе клопаты па гаспадарцы. Працаваў спачатку трактарыстам, затым загадчыкам мясцовай фермы, быў узнагароджаны ордэнам Працоўнай Славы трэцяй ступені. На вялікі жаль, ён вельмі рана пайшоў з жыцця – у 44 гады…

Узнагарода за працу – паездка ў Індыю

За высокія паказчыкі ў маштабах не толькі нашага раёна, але і рэспублікі Аляксандру Шчасную неаднойчы ўзнагароджвалі Ганаровымі граматамі, уключалі ў склад дэлегацый у Чэхаславакію, Германію, Венгрыю. А найбольш яе ўразіла экскурсія ў далёкую Індыю ў 1982 годзе.

— Убачыла на вуліцы прыгожую дзяўчыну, якая жабравала з працягнутай рукой, ад жалю цэлую ноч праплакала ў гасцініцы, — успамінае мая субяседніца. – Цікавы факт: каровы там – свяшчэнныя жывёлы, ходзяць па вуліцах. Ды такія худыя, што мне як заатэхніку было балюча на іх глядзець… У лютым там стаяла спякота ў 50 градусаў, я абгарэла, індыйскія ўрачы мяне лячылі.

Расказвае, што першымі ў раёне ў «Светлым шляху» перанялі вопыт эстонскіх калег па кругласутачным выпасе кароў. У Казахстан прадавалі жывёлу, прычым чатыры разы галоўны заатэхнік сама суправаджала «жывы» груз. У дарозе знаходзіліся па два тыдні, аднак намаганні былі вартыя таго – казахі добра плацілі за жывёлу, калгас меў значны прыбытак.

«Я не была б сабой, каб у Індыі не забралася на вярблюда. І са сланом фота ёсць!» — гаворыць Тамара Уладзіміраўна.

У 2004 годзе Аляксандра Уладзіміраўна пайшла на пенсію, а праз шэсць гадоў тагачасны старшыня «Светлага шляху» Аляксей Раманюк звярнуўся з просьбай вярнуцца на пасаду галоўнага заатэхніка. І яна пагадзілася. Радасна было бачыць, як пасля рэканструкцыі набылі сучасны выгляд фермы ў Конавічах, Заскавічах, Готкавічах, Беніцы. Жывёлаводам стала лягчэй працаваць, выраслі надоі, прывагі. Аляксандра Шчасная была пераможцам раённага спаборніцтва ў намінацыі «Лепшы спецыяліст сельскай гаспадаркі», яе партрэт змяшчаўся на раённай Дошцы гонару.

Традыцыі продкаў захавалі

З 2006 года Аляксандра Уладзіміраўна з’яўляецца старастай вёскі Рэдзькі. Расказвае, што сёння тут налічваецца 110 двароў, аднак большасць з іх дачы, толькі ў 35-ці пастаянна жывуць мясцовыя жыхары, якіх тут 50 чалавек. Сярод іх сем’і Скарынкаў, Камінскіх, Галубовічаў, Цітовых і іншыя. У мінулым стагоддзі ў Рэдзьках дзейнічала пачатковая школа. Найбольш жыхароў – 425 – было ў 1969 годзе. Сярод вясковых умельцаў стараста ўспамінае каваля Леаніда Вагеру, Віктара Глінскага, які валяў валёнкі.

Ёсць у вёсцы прыгожая традыцыя: штогод праз тыдзень пасля Сёмухі мясцовыя жыхары збіраюцца на свята ля крыжа. Настаяцель Заскавіцкай царквы айцец Мікалай праводзіць малебен, затым усе разам ідуць па вясковай вуліцы. «Гэта традыцыя продкаў, якую мы захавалі», — гаворыць Аляксандра Уладзіміраўна.

— У населеных пунктах нашага сельсавета налічваецца 25 старастаў, Аляксандра Уладзіміраўна адна з самых вопытных, — адзначае старшыня Лебедзеўскага сельскага Савета дэпутатаў Тамара Дудзіч. — Разам з імі мы вырашаем шмат пытанняў. Гэта і правядзенне пробнага перапісу насельніцтва, і акцыі па супрацьпажарнай бяспецы з супрацоўнікамі гаррайаддзела па надзвычайных сітуацыях. Сумеснымі намаганнямі дапамаглі ўладкавацца на работу некалькім мясцовым жыхарам.

Традыцыя продкаў: праз тыдзень пасля Сёмухі збірацца ўсёй вёскай ля крыжа.

З 1 лютага гэтага года акрамя аўтакрамы райспажыўсаюза ў Рэдзькі двойчы на тыдзень стала заязджаць аўтакрама «Еўраопта», і ў гэтым таксама немалая заслуга Аляксандры Уладзіміраўны.

Прыемна, што яе работа, вопыт, актыўная жыццёвая пазіцыя заўважаны ў маштабах раёна. Менавіта такія людзі павышаюць прэстыж органаў грамадскага самакіравання, з’яўляюцца прыкладам для моладзі.

І ўсё ж якая яна, формула шчасця Аляксандры Шчаснай? Жыць на роднай зямлі, быць карыснай землякам. Радавацца поспехам сваіх дзяцей, бачыць, як растуць унукі, праўнукі. Са светлай настальгіяй успамінаць мінулае і з надзеяй глядзець у заўтрашні дзень!

Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: Аляксей ПЛАТКО, архіў Аляксандры ШЧАСНАЙ.

 

Прочитано 267 раз Последнее изменение 18.03.2022 12:23
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.